История Федора Кулакова: «После развала СССР свобода оказалось несладкой»

Дубровно, мемуары Федара Кулакова, жизнь, воспоминания, газета Днепровская правда, развал СССР, 1990-е года

Учора і сёння

Новы час, як гаворыцца, прынёс новыя песні. У гаспадарчай дзейнасці ад безвыхаднасці ў нармальных грашовых разліках сталі працвітаць бартэрныя здзелкі, з’явіліся фермеры — вяскоўцы і гараджане, знікла паняцце “спекуляцыя”, і стаў набіраць размах вольны гандаль, сюды-туды праз беларуска-расійскую “прозрачную” мяжу пачалі шныпарыць “чаўнакі”, у цэнтры Дуброўны ўзнік рынак, які потым аднеслі крыху ўбок, у ціхае месца…

Многае мянялася ў ідэалогіі, у поглядзе на нашу гісторыю, рэвалюцыю, наш савецкі лад. У разгубленасці былі настаўнікі, якія не ведалі, што гаварыць вучням, аб гэтым я пісаў, пабываўшы ў СШ № 2 г.Дуброўна, у Асінторфскай СШ.

У дзяржаўнай ідэалогіі адмянялася забарона на веру ў Бога, у грамадстве, можна сказаць, панавала нявер’е ва ўсё.

Яшчэ ў 1978 годзе (“ДП” № 46 за 15 красавіка) пад рубрыкай “Новыя кнігі па атэізму” ў артыкуле навукоўца К.Скачкова “Калі б’юць званы” раскрывалася “антынароднасць” і “шкода” рэлігійных святаў. А ўжо напрыканцы 1994-га (“ДП” № 103 ад 28 снежня) у газеце друкуецца “Православный церковный календарь на 1995 год”, які займае дзве калонкі зверху да нізу. Публікуюцца артыкулы-тлумачэнні галоўных рэлігійных святаў, у рэдакцыі сваім чалавекам становіцца святар Троіцкай царквы ў Дуброўне Уладзімір Шаўня. Свяшчэннікі праводзяць адпяванні пры воінскіх перапахаваннях (напрыклад, на брацкіх могілках у Рыленках, Чырвонай Слабадзе, Загваздзіне, дзе ад рэдакцыі прысутнічаў і я). Узводзіцца на спонсарскія сродкі новая царква ў Лядах, прыстасоўваецца памяшканне пад царкву ў самым цэнтры Дуброўны.

Мне ярка помніцца велічны “крестный ход” па маршруту Масква-Мінск-Кіеў, прысвечаны 60-годдзю Вялікай Перамогі. Першы прыпынак “крестного хода” на беларускай зямлі быў у Лядах, мы з маладой журналісткай Янінай Івашкевіч асвятлялі яго ў газеце. Я размаўляў з арганізатарамі гэтага духоўнага і патрыятычнага мерапрыемства, галоўным там быў маскоўскі прадпрымальнік, ён жа, відаць, і спансіраваў яго.

Я нічога не маю супраць веры, рэлігіі, у пэўнай меры прыхільнік рэлігійных святаў. Хоць добра помніцца і такі выпадак. Першы сакратар райкама партыі прыехаў на Радуніцу ў калгас ужо пасля абеду. Палявыя работы там практычна ўжо спыніліся — механізатары таксама захацелі пабываць на дарагіх могілках. Першы сакратар забраў з сабой у машыну старшыню калгаса, прывёз у райкам, хуценька сабраў бюро РК КПБ, рашэннем якога небарака тут жа быў пазбаўлены і старшынёўскай пасады, і партыйнага білета. А за што? І дубровенскія камсамольскія важакі расказвалі мне, як уначы пад Вялікдзень дзяжурылі ў царкве і каля царквы, “ганялі” моладзь, якая асмелілася сюды наблізіцца. Таксама дурнота.

Цяпер, як даўным-даўно, да веры, да царквы дзяцей імкнуцца далучаць з юнага школьнага ўзросту. Што з гэтага атрымаецца — не ведаю, бо тэлебачанне, камп’ютары, інтэрнет і г.д. “вучаць” моладзь зусім іншаму. І не без поспеху.

А калі пачалася вольніца, пачаліся нападзенні вандалаў на брацкія воінскія пахаванні ў пагоні за каляровым металам на мемарыяльных плітах.

Было гэта і на Дубровеншчыне (Чырвоная Слабада, Баброва, Цеалін…), былі сярод вандалаў і маладыя людзі. На брацкай магіле ў Чырванай Слабадзе, дзе ляжыць батальён Героя Савецкага Саюза капітана Уладзіміра Сапрыкіна і куды перапахаваны яго прах, прывезены з Канады (мне давялося прысутнічаць пры гэтым высакародным акце), я па гарачых слядах вандалізму падабраў абломак такога каляровага металу з некалькімі літарамі на ім і берагу, нямаведама для чаго і для каго. Сваім дзецям і ўнучкам паказваў і расказваў, як усё было. Няхай ведаюць і расказваюць іншым.

Разгул злачыннасці быў на дарогах, у нас — на ляднянскай і на ўчастку аўтамагістралі Масква-Мінск, дзе аднойчы было знойдзена жаночае цела без галавы, пэўна, чагосьці не падзялілі трасавыя шалавы, “плечавыя”, як іх называюць вадзіцелі. Дубровенская міліцыя размешчана побач з рэдакцыяй газеты, між намі заўсёды былі і застаюцца добрыя адносіны, а, значыць, і пэўная “осведомленность”.

Цвёрдай рукой і воляй разгул злачыннасці ўдалося прытушыць, хоць знішчыць злачыннасць “пад корань” не ўдасца ніколі, яна суправаджае чалавецтва ад роду.

…Жыццё ўваходзіла паступова ў сваё звыклае рэчышча. З вялікімі цяжкасцямі, але ажыўляліся прадпрыемствы, мяняючы свой статус і поўныя назвы, не мяняючы па сутнасці профіль вытворчасці. Тое самае адбылося з калгасамі і саўгасамі, з установамі адукацыі, медыцыны.

Па дзяржаўнай праграме адраджэння сяла большасць цэнтраў гаспадарак у раёне за кароткі час змяніла сваё аблічча і пераўтварылася з вёсак у аграгарадкі.

Аб розных зменах можна гаварыць доўга, але гэта ўсё на відавоку. Як і тое, што сёння наша краіна, яе эканоміка, яе насельніцтва апынуліся не ў лепшым становішчы. Ды думаецца, верыцца, што гэта часовая з’ява. Трэба ўсім разам, кожнаму на сваім месцы, настройвацца на пераадоленне цяжкасцей, вырашэнне нявырашаных задач, якіх яшчэ нямала і ніколі не будзе менш. Як сказаў паэт, “покой нам только снится”. І гэта так.

Дзякуй за ўвагу!

Шаноўныя сябры!

Багатыя успаміны Фёдара Сяргеевіча і гісторыю газеты “Дняпроўская праўда” вы можаце знайсці на нашым сайце (глядзім наверх ) на старонцы “О газете” альбо ў яе раздзеле “История «Днепровки»”. Ці ізноў вам патрэбна прайсці па наступных спасылках…

О ГАЗЕТЕ

ИСТОРИЯ «ДНЕПРОВКИ»

Поспехаў, даражэнькія!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *