Дубровенские труженики села заработали для района миллиарды рублей

Дубровно, Дубровенский район, урожай 2011, рекорды, растениеводство, животноводство, деньги, лидеры, село, промышленность, Лындин

Больш за адну трэць працаздольнага насельніцтва нашага раёна занята ў аграпрамысловым сектары эканомікі. Нядаўна людзі, якія вырошчваюць, убіраюць і перапрацоўваюць сельгаспрадукцыю, адзначылі прафесійнае свята — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Напярэдадні яго наш карэспандэнт сустрэўся з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алегам Міхайлавічам Лындзіным і ўзяў у яго інтэрв’ю:

—Сёння мне прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе работнікам аграрнага сектара эканомікі ёсць, чым ганарыцца. Асабліва радуюць вынікі працы ў раслінаводстве, дзе вытворчасць валавой прадукцыі павялічылася на 18 працэнтаў. Вырашчаны рэкордны па аб’ёму ўраджай збожжавых. Валавы намалот зерня ў бункернай вазе перавысіў 83 тысячы тон. Такой колькасці збожжа гаспадаркі раёна не намалочвалі ніколі. Сёлетні валавы збор зерня перавышае намалоты рэкорднага 2008 года на 17 тысяч тон або на 10 працэнтаў, а мінулагоднія — адпаведна на 23 тысячы тон або на 38 працэнтаў. Дзякуючы гэтаму раён паспяхова выканаў дзяржзаказ па пастаўках збожжа. На дзяржаўныя прыёмныя пункты з гаспадарак раёна дастаўлена 17 тысяч тон. Такой вялікай колькасці зерня раён не рэалізоўваў дзяржаве ніколі. Прычым усё зерне пастаўлена толькі харчовым, а, значыць, па добрай цане. Каля палавіны яго — харчовая пшаніца, цэны на якую самыя высокія. Валавая выручка ад рэалізацыі збожжа перавысіла 24 мільярды рублёў. Гэта на 12 мільярдаў больш, чым у мінулым годзе.

Прыемна адзначыць і тое, што ў абласным спаборніцтве па вытворчасці збожжа нашаму раёну прысуджана другое месца, і на раённых “Дажынках” у аграгарадку Ерамееўшчына нашаму раёну была ўручана Ганаровая грамата аблвыканкама.

Хаця варта адзначыць, што хлебаробы раёна нацэлены былі атрымаць больш высокі ўраджай — у межах 120 тысяч тон, або ўдвая большы, чым у мінулым годзе. Тэарэтычна — гэта рэальная задача. Пад такі ўраджай пачалі закладваць падмурак яшчэ мінулай восенню і сёлетняй вясной. Перш за ўсё, як ніколі раней, добра заправілі глебу мінеральнымі ўгнаеннямі. У сярэднім на гектар унеслі больш, як па 300 кілаграмаў у дзеючым рэчыве тукаў. У аптымальныя тэрміны — да 2 мая, пасеялі збожжавыя. Потым належным чынам дагледзелі пасевы: падкармілі азотнымі ўгнаеннямі, правялі хімпраполку і апрацавалі супраць хвароб і шкоднікаў.

Аднак свае карэктывы ў планы хлебаробаў унесла надвор’е. З-за рэзкіх перападаў тэмпературы ў зімова-вясенні перыяд на значных плошчах загінулі азімыя збожжавыя, якія давялося перасяваць. Адмоўна паўздзейнічала на фарміраванне ўраджаю азімых і яравых збожжавых і моцная засуха ў першай палавіне чэрвеня.

Хаця, чаго граха таіць, ёсць і суб’ектыўныя прычыны недабору ўраджаю. І, перш за ўсё, страты часткі яго на полі ў час жніва галоўным чынам з-за “чалавечага фактара”: дзе-нідзе не належным чынам былі адрэгуляваны камбайны, былі і факты гонкі за лідэрамі жніва ва ўрон якасці ўборкі.
Мяне, як начальніка райсельгасупраўлення, радуе тое, што добра папрацавалі льнаводы большасці гаспадарак. У выніку, нягледзячы на неспрыяльныя для вырошчвання лёну ўмовы надвор’я, вырашчаны высокі ўраджай даўгунцу: у сярэднім з гектара атрымана па 11,3 цэнтнера валакна. Гэта лепшы паказчык у вобласці.

Як ніколі раней, парадавалі добрым ураджаем кармавыя палеткі, асабліва кукуруза. З кожнага з 5000 гектараў, занятых гэтай культурай, нарыхтавана па 375 цэнтнераў зялёнай массы, што дало магчымасць закласці ў траншэі 150 тысяч тон высакаякаснага кукурузнага сіласу. Усяго ж сенажу і сіласу сёлета нарыхтавана каля 260 тысяч тон. У свірны засыпана каля 20 тысяч тон зернефуражу. Такой вялікай колькасці кармоў наш раён не нарыхтоўваў ніколі.

Агульная забяспечанасць жывёлы травяністымі кармамі ў цэлым па раёне ў разліку на ўмоўную галаву жывёлы сёлета склала 32,6 цэнтнера кармавых адзінак. А гэта значыць, што створаны паўтарагадовы запас кармоў. Прычым якасць іх сёлета значна лепшая, чым у мінулыя гады, што стварае добрыя ўмовы для нарошчвання вытворчасці малака і мяса ў зімовы перыяд.

—Дарэчы, якімі дасягненнямі сустракаюць сваё прафесійнае свята жывёлаводы?

—Хоць тэмпы прыросту малака і мяса ў параўнанні з мінулагоднім узроўнем не такія ўнушальныя, як у раслінаводстве, тым не менш, і ў жывёлагадоўлі сёлета зроблены крок наперад па нарошчванню вытворчасці прадукцыі: прырост валавой прадукцыі жывёлагадоўлі ў параўнанні з мінулагоднім узроўнем склаў 3,4 працэнта. Багаты запас кармоў на зіму плюс значнае павелічэнне закупачных цэн на малако і мяса ў апошнія месяцы, ствараюць добрыя ўмовы і стымулы для далейшага нарошчвання прадукцыі жывёлагадоўлі.

—Работай якіх гаспадарак вы сёлета задаволены больш за ўсё?

—У вытворчасці збожжа найлепшых вынікаў дабіліся хлебаробы ААТ “Праўда-С”, дзе з кожнага гектара сабралі па 46 цэнтнераў зерня. Амаль па 40 цэнтнераў зерня з гектара намалацілі хлебаробы ААТ “Гігант-Агра” і “Якубава-Агра”. Добры ўраджай вырасцілі працаўнікі КУСГП імя Чарняхоўскага і “Арловічы”. Пасля правальнага па вытворчасці збожжа мінулага года парадавалі нядрэнным ураджаем хлебаробы КУСГП “Прыдняпроўскі”, дзе валавы намалот зерня ў параўнанні з мінулагоднім узроўнем павялічыўся амаль у 2 разы.

Добрых вынікаў на вырошчванні лёну дабіліся працаўнікі льнозавода, ААТ “Якубава-Агра”, “Баброва-Агра” і “Праўда-С”, дзе з кожнага гектара сабралі больш, як па тоне валакна.

На вытворчасці і нарыхтоўцы кармоў добра папрацавалі практычна ўсе гаспадаркі: паўсюдна нарыхтавана на зіму ўволю сенажу і сіласу. Але найлепшых вынікаў у кормавытворчасці дабіліся працаўнікі ААТ “Герой”, “Праўда-С”, “Прыдубровенскае”, дзе на ўмоўную галаву жывёлы назапашана па 43-49 цэнтнераў кармавых адзінак, або фактычна створаны двухгадовы запас кармоў.

—Валавыя паказчыкі вытворчасці і рэалізацыі сельгаспрадукцыі не ў поўным аб’ёме адлюстроўваюць узровень эфектыўнасці гаспадарання. Сёння на першы план выходзяць эканамічныя паказчыкі, фінансавы стан гаспадаркі. Якія гаспадаркі сёння найбольш цвёрда трымаюцца на плаву ў фінансавым плане?

—З месяца ў месяц за кошт уласных крыніц вырашаюць унутрыгаспадарчыя фінансавыя праблемы ААТ “Праўда-С”, “Якубава-Агра”, “Усход-Чырына”, “Гігант-Агра”, КУСГП імя Чарняхоўскага, “Зарубы”. Тут не ўзнікае праблем з выплатай зарплаты, пагашэннем банкаўскіх крэдытаў, з адлічэннямі ў бюджэтныя фонды і аплатай за энерганосьбіты. Ды і ў цэлым, як адзначалася нядаўна на абласным семінары-нарадзе, які праводзіўся на Дубровеншчыне, па фінансаваму стану аграрнага сектара эканомікі наш раён уваходзіць у лік лепшых раёнаў вобласці. Прыемна ўсведамляць, што праца сельскіх працаўнікоў нашага раёна дае нядрэнны эканамічны эфект.

Але, на жаль, дабіцца больш высокай эфектыўнасці гаспадарання па-ранейшаму пера-шкаджае дыспарытэт цэн: рост цэн на гаруча-змазачныя матэрыялы, электраэнергію, тэхніку, мінеральныя ўгнаенні намнога апераджае рост закупачных цэн на сельгаспрадукцыю.

—Якія планы працаўнікоў сельскай гаспадаркі па вытворчасці прадукцыі на 2012 год?

—Яны нацэлены на дасягненне максімальна высокіх рэзультатаў, якія прадугледжаны абласной праграмай развіцця АПК “ВітАгра”. Напрыклад, плануецца ў 2012 годзе павялічыць вытворчасць збожжа да 120 тысяч тон, а вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі на 30 працэнтаў. І такія высокія задачы ставяцца не проста дзеля паказухі. Гэта прадыктавана самім жыццём. Толькі пры дасягненні такіх максімальна высокіх паказчыкаў у гаспадарках раёна ёсць рэальная магчымасць выйсці на самаакупаемасць, на што не першы год нацэльвае Прэзідэнт краіны, кіраўніцтва вобласці. Толькі пры дасягненні такіх вялікіх аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі можна разлічваць на дастойную зарплату сельскіх працаўнікоў, якая сёння, на жаль, пакуль намнога ніжэйшая (1170 тысяч рублёў у сярэднім па АПК раёна), чым у іншых галінах вытворчасці краіны.

—Якія вашы пажаданні працаўнікам аграпрамысловага комплексу раёна ў сувязі з прафесійным святам?

—Я шчыра дзякую ўсім, хто працуе ў полі і на фермах, перапрацоўвае сельгаспрадукцыю, аказвае паслугі сельгасвытворцам, за старанную працу. Ад усёй душы віншую ўсіх працаўнікоў аграпрамысловага комплексу з прафесійным святам. Жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і надалей сумленна рабіць сваю справу.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *