Дубровенский секретарь с 30-летним стажем Людмила Курпатова может легко заменить председателя сельисполкома

Дубровно, Дубровенский район, Зарубы, Зарубский сельисполком, юбилей, секретарь, стаж, 30 лет, Людмила Курпатова

Людміла Сяргееўна КУРПАТАВА амаль 30 год займае пасаду сакратара Зарубскага сельвыканкама. Работа гэта няпростая і адказная. Але нягледзячы на ўсе складанасці, Людміла Сяргееўна любіць яе.

Людміла Курпатава вельмі сціплая жанчына, таму пра яе мне больш гаварылі калегі ды жыхары, што прыйшлі на прыем. Людміла Сяргееўна родам з вескі Барсукі. Яна добра вучылася, а пасля школы паступіла ў Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум. Пасля заканчэння працавала бухгалтарам у прадпрыемстве грамадскага харчавання ў Дуброўна. Потым некалькі год давялося Людміле Сяргееўне папрацаваць у Зарубскай школе. А ў 1982 годзе Віктар Фядотавіч Лагуноў, які тады быў старшыней сельсавета, запрасіў яе да сябе на працу. Л.С.Курпатава згадзілася.

Людміла Сяргееўна гаворыць, што пачынаць было вельмі складана. Спачатку нават не ведала, за што ўзяцца, але потым пакрысе разабралася ва ўсім. За той час, што яна працуе сакратаром, у Зарубскім сельвыканкаме памянялася некалькі старшынь. Людміла Сяргееўна добра ладзіла з імі. А з 1987 па 1990 гг. ёй давялося працаваць адной без старшыні, але яна добра спраўлялася. Л.С.Курпатавай некалькі разоў прапаноўвалі стаць на чале сельвыканкама, але яна адмовілася, гаворыць, што не дарасла яшчэ да гэтай пасады. А вось калегі лічаць інакш. Яны гавораць, што Людміла Сяргееўна вельмі адказная, ведае сваю працу, ад а да я, да таго ж безадказны чалавек, гатовая нават у свой выхадны дзень прыняць людзей, выдаць спраўку ці зарэгістраваць шлюб.

Пакуль мы размаўлялі, на прыём прыходзілі людзі, і кожны імкнуўся сказаць некалькі добрых слоў пра гэту сціплую жанчыну. “У Люды есць тры цудоўныя рысы: чуласць, працалюбівасць, увага да людзей. Яна ніколі не пакрыўдзіць. І дзеткі ў яе добрыя. Я ніколі не чуў, каб пра яе што-небудзь дрэннае казалі. А яшчэ яна безадказны чалавек. Здароўя ёй, няхай яшчэ папрацуе”, – гаворыць Мікалай Іванавіч Мартынаў, старшыня ветэранскай арганізацыі. Забягала і суседка Людмілы Сяргееўны Галіна Уладзіміраўна, каб выпісаць зерня, яна таксама хваліла сям’ю Л.С. Курпатавай: “Мае суседзі дапамогуць і пасеяць і ўбраць. Калі ад’язджаю, за гаспадаркай ды за хатай паглядзяць. Вельмі харошыя людзі, надзейныя”.

Старшыня сельсавета Валерый Аляксандравіч Барысенка вельмі цэніць свайго сакратара: “Людміла Сяргееўна дабрасумленны, кампетэнт-ны работнік. Да таго ж яна дабрэйшай душы чалавек, для яе не існуе графіка прыему грамадзян, бо яна гатовая выслухаць і дапамагчы ў любы час, калі трэба прыбяжыць на работу.”

А яшчэ калегі Людмілы Сяргееўны расказалі нам, што яна цудоўна спявае, вырошчвае ружы і гладыёлусы. А ў вольны час вельмі любіць разгадваць сканворды.

Л.С.Курпатаву паважаюць і любяць аднавяскоўцы, гэта шчырай душы чалавек, надзейны, у яе многаму можна павучыцца. Яна з мужам выгадавала добрых дзяцей, дачушку Святлану і сына Сярожу, якія хоць і жывуць далека, але часта прыязджаюць да матулі, каб дапамагчы. Людміла Сяргееўна шчаслівая бабуля, у яе чацвёра унукаў.

5 студзеня гэта цудоўная жанчына адзначыла свой юбілей. Мы шчыра віншуем Людмілу Сяргееўну з днем нараджэння і жадаем ей моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, здзяйснення ўсіх мар. Няхай кожны Ваш дзень пачынаецца з усмешкі.

Валянціна ШАВЯКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *