Как работает новая ферма
Мінула больш за паўгода з таго часу, як пачаў даваць прадукцыю новы малочнатаварны комплекс у КУСГП “Прыдняпроўскі”. Нядаўна разам з галоўным вет¬урачом раёна Дзмітрыем Праскуравым мне зноў давялося пабываць на гэтай, вобразна кажучы, фабрыцы малака. На гэты раз перш за ўсё цікавіла арганізацыя работы аператараў машыннага даення.
У даільную залу мы зайшлі ў 7 гадзін раніцы. У гэты ранні час тут поўным ходам ішоў вытворчы працэс. На даільнай устаноўцы “Паралель” знаходзілася 40 кароў. Аператары машыннага даення Алена Леўчанкава, Наталля Іваніна і Іна Мяснікова спрытна, без лішняй мітусні, быццам на завадскім канвееры, выконвалі тэхналагічныя аперацыі: спачатку адна з іх са спецыяльнага шланга вадой абмывала вымя каровы, следам ішла другая і выцірала вымя сурвэткай і апошняя — здойвала першыя струменьчыкі малака ў спецыяльны посуд. І толькі пасля такіх працэдур да вымя кожнай каровы яны падключалі даільны апарат. Мінуў пэўны прамежак часу, апараты самі звальваліся з вымя аўтаматычна займалі ранейшае месца ў падвешаным стане.
Я звярнуў увагу, што побач з кожным даільным апаратам вісіць невялікі пульт з кнопкамі і маніторам, на якім высвечваюцца нейкія лічбы, мільгаюць лямпачкі.
—Гэта пульты кіравання даільным працэсам кожнай каровы. На пульце дзве кнопкі. Падвесіўшы апарат на вымя каровы, мы націскаем на адну з іх. Першая забяспечвае даенне ў аўта¬матычным рэжыме, другая — у ручным для кароў, якія доўга дояцца. На табло высвечваецца нумар каровы і колькі яна дала малака, — тлумачыць аператар А.Леўчанкава.
Атрымліваецца, што кожнае даенне кантрольнае. Гэта дае магчымасць без праблем выяўляць нізкапрадуктыўных кароў.
Аператары растлумачылі, што на даільнай устаноўцы пры здойванні першых струменьчыкаў малака яны выяўляюць хворых на масціт вымя кароў. Гэта дае магчымасць прадухіліць змешванне малака ад хворых кароў з агульным надоем, што станоўча адбіваецца на якасці рэалізуемага малака. Па словах галоўнага вет¬урача раёна Дзмітрыя Праскурава, тут самае нізкае ў раёне ўтрыманне саматычных клетак у малацэ. У выніку гаспадарка рэалізуе малако сартамі экстра ці вышэйшым. На высокую спажывецкую якасць малака станоўча ўздзейнічае і тое, што яно з вымя каровы ідзе па трубаправодзе, на адным з участкаў якога ўстаноўлены здымныя фільтры, трапляе ў малочны халадзінік, якіх тут два, ёмістасцю па 8 тон кожны. Пасля даення сістэма прамываецца спецыяльнымі растворамі, якія знішчаюць усю мікрафлору.
У размове з аператарамі высветлілася, што рабочы дзень іх пачынаецца ў 6 гадзін раніцы і заканчваецца ў 12. За гэты час яны паспяваюць выдаіць 860 кароў, або ў сярэднім па 280 галоў кожная. Акрамя даення кароў у абавязкі аператараў уваходзіць уборка рабочага месца; яны мыюць даільныя апараты і пляцоўкі даільнай залы.
—Нядаўна перайшлі на двухзменную работу, у кожнай з якіх працуе па тры аператары машыннага даення. Падменным аператарам у апошні час працуе Іна Мяснікава, — гаворыць А.Леўчанкава.
Кожная з аператараў, з якімі я сустрэўся ў той дзень, раней на фермах гаспадаркі даілі кароў у бачкі і малакаправод. За паўгода работы ўжо добра асвоілі працэс даення на даільнай устаноўцы “Паралель”. Задаволены як умовамі працы, так і зарплатай, якая ў іх значна вышэй за тую, якую яны атрымоўвалі раней. За працэсам даення я назіраў прыкладна з паўгадзіны і змог пераканацца ў зладжанасці работы аператараў, якія без лішняй мітусні адначасова даілі 40 кароў.
Падгон кароў на даільную ўстаноўку забяспечваюць два падгоншчыкі. Жывёла заходзіць на ўстаноўку спакойна, відаць, што ўжо прывыкла да такой сістэмы даення. Абслугоўвае даільную ўстаноўку і халадзільнікі слесар Сяргей Пыслар.
Новацельных кароў доіць на другой даільнай устаноўцы, на якой восем пастановачных месц, вопытны і старанны аператар Ніна Лукашова.
Штодзень на ляднянскім малочнатаварным комплексе надойваюць каля 11 тон малака, 10 з якіх адпраўляюць на Аршанскі малочны камбінат ці Верхнядзвінскі сырзавод на перапрацоўку.
Андрэй КВІР.
Фота аўтара.