Ад спрадвечных вытокаў да сучасных акордаў
Яркая культурная падзея — шоу вакальна-харавых калектываў «Галасы зямлі Дубровенскай» сабрала ў мінулую сераду ў раённым Доме культуры прыхільнікаў народнай творчасці. Прадэманстраваць сваё вакальнае і інструментальнае майстэрства, касцюмы, яркія і самабытныя, у якія ўкладзена пэўнае значэнне, што адрознівае ад іншых, на свята традыцыйна збіраюцца прадстаўнікі ўсіх устаноў культуры нашага раёна.
Яны ад душы спяваюць, жартуюць, танцуюць, і заўсёды з задавальненнем пазіруюць для «раёнкі» і усім ахвотнікам зрабіць здымкі на памяць пра вясёлае і гучнае шоу. Але, конкурс ёсць конкурс, дзе, безумоўна, прысутнічае дух саперніцтва.
Майстэрства 9 калектываў ацэньвала кампетэнтнае прафесійнае журы. Кожны нумар у выкананні харавых калектываў зала сустракала шчырымі і дружнымі апладысментамі. На сцэне, нібы калейдаскоп, змяняліся падзеі, а вакол панаваў святочны настрой і добразычлівая атмасфера. Сваю арыгінальную музычную праграму калектывы прадставілі ў трох намінацыях: «Песня на роднай мове», «Хіты 90-х-і.2000-х» і «Нумар з зоркай».
Часы змяняюцца, але беларуская народная песня ў выкананні калектываў гучала і гучыць мілагучна, самабытна, узнёсла. У намінацыі «Песня на роднай мове» лепшым стаў народны ансамбль народнай песні «Калінаўскія маладзіцы» Калінаўскага сельскага Дома культуры (кіраўнік — Лідзія Шлег).
Другая намінацыя «Хіты 90-х-і.2000-х» для сапраўдных меламанаў, тых, хто з настальгіяй успамінае кліпы 90-х, памятае, як адрываўся пад папулярныя хіты на школьных дыскатэках і весяліўся пад гэтыя песні на днях народзінаў сяброў. Тут лепшай стала вакальная група «Сяляначка» Станіславоўскага сельскага Дома культуры (кіраўнік — Галіна Сіманькова).
У намінацыі «Нумар з зоркай» дзякуючы запрошанаму вакалісту — Аляксандру Хацееву, перамагла вакальная група Дубровенскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік — Алена Мартыненка).
Гран-пры конкурсу заваявала фальклорная група «Грамніцы» раённага Дома рамёстваў (кіраўнік — Наталля Еслікава). Апроч гэтага, спецыяльнымі намінацыямі былі адзначаны наступныя калектывы: вакальная група «Суседкі» Ерамееўскага СДК (кіраўнік — Алена Цітова) «За творчае натхненне і арыгінальны музычны нумар», вакальная група «Беларусачка» Асінторфскага СДК (кіраўнік — Алена Баканоўская) «За выканальніцкае майстэрства», народны хор ветэранаў працы «Надзея» раеннага Дома культуры (кіраўнік — Мікалай Някрасаў) «За папулярызацыю і захаванне традыцыйнай беларускай песні і музыкі», вакальная група «Раніца» Дабрынскага СДК (кіраўнік — Ларыса Нікіціна) «За арыгінальнае сцэнічнае афармленне песні».
Глядацкае галасаванне прысудзіла народную перамогу вакальнай групе «Рабінушка» Зарубскага сельскага Дома культуры (кіраўнік — Таццяна Сепава).
Марозны снежаньскі вечар падарыў удзельнікам і гасцям шоу вакальна-харавых калектываў «Галасы зямлі Дубровенскай» незабыўную атмасферу. Кожныя два гады такая падзея ў культурным жыцці Дубровеншчыны яднае аматараў вакальнага мастацтва з розных куткоў раёна, людзей, апантаных гісторыяй роднай зямлі, неабыякавых да фальклору, якія захоўваюць і прымнажаюць неацэнны скарб народных традыцый. І яшчэ адна немалаважная акалічнасць — паўсюль гучала жывая беларуская мова, чаго ў паўсядзённым жыцці так не хапае.
Юлія СТАРАВОЙТАВА.