На Дубровенщине поздравляли ровесницу Победы

У Дубровенскім раёне працягваецца акцыя «Равеснікі Перамогі» праекта «Насустрач новым магчымасцям». Удзельнікамі акцыі сталі ўжо паўтара дзясятка дубровенцаў, якія нарадзіліся ў 1945 годзе. Наступны маршрут акцыі прывёў да жыхаркі Арловіч Валянціны Зайцавай, якой 7 жніўня споўнілася 80 гадоў.

Усё жыццё для яе галоўным было слова — праца. Яна была даяркай і прадаўцом, дзяжурнай у гасцініцы, працавала і ў дзіцячым садку. Нягледзячы на тое што яна жыве ў Дубровенскім раёне больш за паўвека, у яе гаворцы адчуваецца рускамоўны акцэнт. І гэта не выпадкова. Валянціна Якаўлеўна нарадзілася ў 1945 годзе ў Чэлябінску. Там сустрэліся яе бацькі: карэнная жыхарка і магіляўчанін, якога закінулі ў гэты прамысловы горад ваенныя дарогі. Валя была старэйшым дзіцём у сям’і. Так склаўся лёс, што ў 50-х гадах бацька, забраўшы яе, пераехаў на радзіму, у Магілёў. Там для дзяўчынкі пачалося новае жыццё.

— Нічога сказаць не хачу — жылі мы добра: не гаравалі, не галадалі. І мачыха ў мяне добрая была, — нетаропка, разважліва вяла аповед пра сваё жыццё Валянціна Якаўлеўна. Яна расказала, што стала праца ваць адразу пасля заканчэння школы: хацелася стаць самастойнай. — Замуж выйшла, можна сказаць, рана, у 19 гадоў. Муж Сяргей Фёдаравіч быў на шэсць гадоў старэйшы. Вось ён і яго сястра паспыталі вайны і пасляваеннага гора спаўна. Ён родам адсюль. Нарадзіўся ў 1939 годзе. Бацьку свайго не бачыў: той загінуў на франтах Фінскай вайны, — расказвала наша суразмоўніца. — Муж добрым чалавекам быў. Усё жыццё адпрацаваў трактарыстам. Дом нам гаспадарка выдзеліла ў 90-х, але ж я ўжо 23 гады ўдава.

Трох дзяцей нарадзіла, зараз у мяне чатыры дарослых ўнучкі, а праўнукаў трое — усе хлопчыкі. Я лічу, што маё жыцце склалася добра, — пераканана адзначыла жанчына.

— Што пісаць пра маё жыццё? Увесь час працавалі, а жылі неяк весялей. Які ў нас клуб быў, якія святы! Усе былі разам, дружна, па-добраму шумна. А зараз усе неяк раз’ядналіся, замкнуліся ў сваіх кампутарах, перасталі размаўляць і падтрымліваць адзін аднаго. Я хацела б, каб і ў сучаснай моладзі была радасць жыцця, якое адчувалі мы, пасляваеннае пакаленне, каб яны так сама любілі працу і паважалі старэйшых, — шчыра сказала на заканчэнне нашай размовы Валянціна Якаўлеўна.

У дзень юбілею жанчыну шчыра віншавалі старшыня раённага савета ветэранаў працы Вера Чаплёва, работник стацыянарнага пункта ТЦСАН аг.Арловічы Ніна Гарчанка, артысты СДК Станіславова і аўтаклуба Дубровенскага РДК. Дарэчы, яго ўзначальвае Наталля Хахлова — унучка Валянціны Зайцавай. Мы далучаемся да ўсіх добрых пажаданняў: здароўя, спакою на душы і радасці за ўнукаў і праўнукаў.

Алена КАРСАКОВА