З работнікамі культуры сустрэўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч

— У сваёй прамове на цырымоніі ўступлення на пасаду 25 сакавіка 2025 г. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць у бліжэйшай пяцігодцы далейшае развіццё турыстычнай галіны краіны. «Задача пяцігодкі — зрабіць турызм нацыянальным праектам. Адкрыць свету нашы гісторыю, культуру і мову» — асабліва адзначыў беларускі лідар, — пачаў сустрэчу Аляксандр Мікалаевіч.
Ён паведаміў, што ў нашай краіне турызм разглядаецца як стратэгічна важны сектар эканомікі. Паводле даных Белстата, прамы ўклад турызму ў ВУП краіны складае каля 2 працэнтаў (для параўнання ў 2020 годзе — 1,4 працэнта).
Гэтыя лічбы сведчаць аб станоўчай дынаміцы развіцця турыстычнай сферы.
Задача на будучае пяцігоддзе ў адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамі-чнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026-2030 гг. — павялічыць уклад турызму ў эканоміку мінімум у два разы (да 4, 5%). Тым больш, што для гэтага Беларусь мае шмат рэсурсаў. Разнастайнасць культурных, гістарычных і прыродных аб’ектаў выклікае апраўданую цікавасць да падарожжаў па Рэспубліцы Беларусь не толькі ў беларусаў, але і замежных грамадзян. Гісторыка-культурны, рэлігійны, лячэбна-аздараўленчы, падзейны турызм — гэтыя напрамкі карыстаюцца папулярнасцю ў нашых гасцей.
Аб высокай цікавасці беларускіх грамадзян да падарожжаў у межах краіны сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў 2025 годзе Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі.
Так, пераважная большасць грамадзян (87,1 працэнта) разглядае Беларусь у якасці месца для свайго адпачынку. У топ-5 турыстычных аб’ектаў, якія з’яўляюцца на думку апытаных візітнай карткай Беларусі, увайшлі Мірскі замак, Брэсцкая крэпасць, Нясвіжскі замак, сталіца нашай Радзімы і Белавежская пушча.
Спікер па асабістых уражаннях і праз аналіз водгукаў аб гэтых месцах паказаў, што прыцягвае наведвальнікаў у тым ці іншым турыстычным аб’екце.
— Чалавеку важна і трэба не толькі пазнаёміцца з нейкай славутасцю, але і мець магчымасць проста пагуляць, пасядзець у парку, паабедаць, купіць сувеніры. Такім чынам, развіццё турыстычнай галіны з’яўляецца магутным драйверам эканамічнага росту любой дзяржавы, павялічваючы ВУП, ствараючы працоўныя месцы і стымулюючы развіццё інфраструктуры. Акрамя таго, турызм забяспечвае прыток замежнай валюты і садзейнічае развіццю сумежных галін (транспарту, грамадскага харчавання, гандлю і інш.). Важная роля турызму ў захаванні гістарычнай спадчыны, прыродных і культурных каштоўнасцей (традыцыі, звычаі, рамёствы і інш.), — адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.
Ён падкрэсліў, што важную ролю ў выхаванні патрыятызму грамадзян Беларусі і ў данясенні гістарычнай праўды, у тым ліку замежным гасцям, маюць аб’екты ўвекавечвання подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У сувязі з гэтым размова зайшла аб літаратуры, якая прысвечана гэтай тэме, і ў прыватнасці нядаўна выпушчаным выданні з чатырох кніг: «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці: са старажытных часоў і да нашых дзён», «Беларусь: трагедыя і праўда памяці: генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Беларусь: культурная і духоўная», «Беларусь сучасная: краіна і людзі».
Мэты гэтага выдання — захаванне гістарычнай праўды, культурнай спадчыны і фарміраванне цэласнага вобраза сучаснай Беларусі. Бібліятэкары раёна падзякавалі Аляксандру Карлюкевічу за гэтыя кнігі і выказалі пажаданні, каб ў выдавецтве, якое ён узначальвае, выходзіла больш кніг па духоўна-маральным выхаванні моладзі і па пытаннях здаровага ладу жыцця.
Алена КАРСАКОВА.
