Калі ад работы весела
Аблсельгасхарч і абкам прафсаюза працаўнікоў АПК падвялі вынікі абласнога спаборніцтва па вытворчасці жывелагоўчай прадукцыі за красавік. Сярод лепшых аператараў па вырошчванні і адкорме маладняка буйной рагатай жывёлы за красавік адзначаны жывёлаводы ААТ “Якубава-Агра” Сяргей Іванцоў і Галіна Дудава. Яны атрымалі другі паказчык па прывагах цялят на дарошчванні — 1085г.
Шчырыя віншаванні, грамату аблсельгасхарча і абкама прафсаюза працаўнікоў АПК і грашовую прэмію ад абкама і райкама прафсаюзаў работнікаў АПК сумленным працаўнікам уручыў Аляксандр Малянкоў, выконаючы абавязкі старшыні райкама прафсаюза працаўнікоў АПК.
—Людзі дастойныя, работнікі добрыя, — шчыра адзначыў Уладзімір Мінькоў, кіраўнік ААТ ”Якубава-Агра”. — Адносіны да грамадскага статка ў іх, як да ўласнага: па-гаспадарску неабыякавыя. Таму і вынік у поўным сэнсе — важкі.
Загадчык фермы Наталля Карабіцкая адзначыла, што зараз пад апекай Сяргея Іванцова і Галіны Дудавай знаходзіцца 130 цялят. Жывёлаводы прымаюць цялят ва ўзросце 2 месяцаў па 60-70 кілаграмаў, а праз два месяцы іх пераводзяць на адкорм вагой ужо 270 кілаграмаў.
Як прызналіся жывёлаводы, за гэты час яны вывучаюць сваіх выхаванцаў, могуць паказаць цёлачак, якія стануць добрымі дойнымі каровамі, нават мянушкі многім прыдумваюць.
— Сумленна выконваем свае абавязкі, а нас сумленна забяспечваюць кармамі: калі ёсць, чым карміць, чаго не даваць прывесы, — адзначыў Сяргей Гусянцоў.
—На работу прыемна прыходзіць, калі ведаеш, што зрабіла ўсё, каб цяляты былі накормлены, напоены, дагледжаны. Яны вясёлыя — і на душы весела, — дапаўняе Галіна Дудава.
Вось такое ўдалае спалучэнне ўласцівых якасцей працаўнікоў і аптымальных умоў работы, якія забяспечвае кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.
Гэты дуэт жывёлаводаў існуе ужо 7 год. Праца ладзіцца — неаднойчы іх поспехі былі адзначаны на раённым узроўні. А вось пераможцамі ў абласным спаборніцтве сталі ўпершыню. Пажадаем, каб за першай перамогай былі яшчэ і больш значныя.
Алена КАРСАКОВА.