26 лістапада — 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

 

Адной з найбольш яркіх і самабытных фігур беларускай літаратуры XX стагоддзя з’яўляецца Ула­дзімір Сямёнавіч Караткевіч. Яго творчасць адрозніваецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам.

Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Орша ў сям’і бухгалтара. Падчас Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік з сям’ёй знаходзіўся ў эвакуацыі ў Пермскай вобласці, а пазней — у Арэнбургу. У 1944 годзе, па вяртанні ў родную Оршу, Уладзімір Караткевіч атрымаў сярэднюю адукацыю. Вучобе ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце на філалагічным факультэце і заканчэння аспірантуры былі прысвечаны 1949-1954 гады. Будучы знакаміты пісьменнік першы час працаваў у сельскай школе настаўнікам; спачатку гэта была Кіеўская вобласць, потым родны горад Орша. Далей біаграфія Караткевіча папоўнілася вучобай на Вышэйшых літаратурных курсах і Інстытутам кінематаграфіі ў Маскве, што стала пачаткам кар’еры прафесійнага пісьменніка. Першы раз у друку імя Караткевіча з’явілася ў 1955 годзе; гэта была публікацыя верша «Машэка” ў часопісе “Полымя». Пачатак быў па­кладзены: далей чытацкай увазе былі прадстаўлены яшчэ тры паэтычныя кнігі.

Шырокае прызнанне як у Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла Уладзіміру Караткевічу яго проза. Ён зацвердзіў сябе як пісьменнік гісторыка-рэвалюцыйнай тэмы. Звярнуўшыся да прыгодніцкага жанру, Караткевіч узбагаціў беларускую літаратуру аповесцямі «Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», раманамі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі». Актыўна працаваў ён і ў публіцыстычных жанрах, развіваючы ў беларускай літаратуры эсэістычны кірунак, так ярка прадстаўлены ў кнігах «Белавежская пушча», «Зямля пад белымі крыламі» і іншых. Уладзімір Караткевіч пісаў пра гісторыю свайго народа, яго мастацтва, культуру, духоўнау жыццё. Ён выступаў у абарону беларускай мовы і культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды, аказаў прыкметны ўплыў на грамадскае, эстэтычнае і духоўнае жыццё беларускага народа.

Ажаніўся пісьменнік адзін раз і даволі позна — у 41 год. Ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Валянцінай, калі яму было амаль 37 гадоў. Гэта было ў Брэсце на чытацкай канферэнцыі па раману «Каласы пад сярпом тваім». Валянціна прывяла туды студэнтаў. Яна працавала ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі і чытала курс гісторыі КПСС у педагагічным універсітэце. У шлюбе з Валянцінай Браніславаўнай Караткевіч пражыў 12 гадоў. Дзяцей у іх не было.

Памёр таленавіты пісьменнік у 1984 годзе. У Оршы і Віцебску Ула­дзіміру Караткевічу устаноўлены скульптурныя помнікі, яго імем названы вуліцы ў розных гарадах, адна са школ ў Оршы носіць імя Ула­дзіміра Караткевіча. У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме адкрыты мемарыяльныя дошкі.

Па рашэнні Аршанскага выканкама ў 1994 годзе быў заснаваны музей Уладзіміра Караткевіча, які быў адкрыты 26 лістапада 2000 года ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння беларускага пісьменніка.

У Оршы да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча з’явіцца мурал, прысвечаны класіку беларускай літаратуры. Аўтар малюнка — аршанскі мастак Дзмітрый Талкачоў. У эскізе выкарыстаныя малюнкі Караткевіча і фрагменты яго рукапісаў.