Вогненныя крылы маці
Дзяцінства — гэта самая бестурботная, светлая пара жыцця. Але для людзей, якія нарадзіліся ў 30-я гады мінулага стагоддзя, яно было азмрочана ваенным ліхалеццем. Гэтым дзяўчынкам і хлопчыкам спаўна прыйшлося адчуць метавіта тое, ад чаго мы так старанна аберагаем сваіх дзяцей і ўнукаў: холад, голад, дні ў пастаянным страху.
Сваё жыццё Анастасія Іванаўна Мілюціна памятала з пяці гадоў. Тады хутары, па якіх жылі сем’і, пачалі звазіць у адну вёску Бурая, дзе быў створаны калгас.
— У маці з бацькам было чацвёра дзяцей: сястра Моця, Коля, я, а малодшай Лідзе было толькі дзевяць дзён ад роду. Была вясна 1939 года, яшчэ не было асобага цяпла. Прыехалі людзі і разабралі дах хаты. Гэта рабілася для таго, каб людзі хутчэй пераходзілі да калгаснага ладу жыцця. Так наша сям’я апынула ся ў Бурай. Бацькі перавезлі хату, запісаліся ў калгас. Пачалі наладжваць гаспадарку на новым месцы, — ўзгадвала Анастасія Іванаўна.
Калі дзяўчынцы споўнілася 7 год і яна рыхтавалася стаць першакласніцай, пачалася вайна.
— Тут вось наша вёска, там далей — Днепр. Нельга словамі апісать тое, што тут адбывалася летам 1941 года, якія тут былі страшэнныя баі! Спачатку мы чулі выбухі, якія ўсё набліжаліся. Потым ноччу праз вёску ішлі моўчкі нашы салдаты, стомленыя, было шмат параненых. Раніцай, калі бой зусім наблізіўся, дарослыя вырашылі схаваць дзяцей ў Ліпаў роў, што паміж Бурай і Холаўем. За Дняпром, напэўна, былі яшчэ чырвонаармейцы, а праз Савіна па бальшаку немцы ўжо ішлі. Салдаты з-за Дняпра ўбачылі, што каля Ліпава рва не хта ёсць, і пачалі страляць з гармат па нам. Як нашы бацькі беглі да нас з вёскі, каб выратаваць! Але ўсё неяк абыйшлося, тады ў рове ніхто не быў нават паранены. А вось суседка наша бегла хавацца ў жыта. Яна несла на руках малога сына, а старэйшы 6-гадовы бег следам. Вось яго і забіла асколкам ад выбуха. Вайна прыйшла болем і страхам, — працягвала свой аповед жанчына.
Яна расказала, што бацьку таксама з першых дзён вайны забралі на фронт. Аднак 19 кастрычніка 1941 года ён прыйшоў дамоў у тым аддзенні, што і пайшоў у ваенкамат. Іх нават пераапрануць ў фор му не паспелі: недзе за Смаленскам новабранцы апынуліся ў палоне, а потым самыя рашучыя смаглі збегчы з-за калючай агароджы. Жанчына рассказала, што немцы да 1943 года ў вёску прыходзілі зрэдку. Жыхары апрацоўвалі зямлю, збіралі ўраджай. Хтосьці з суседзяў сабраў малацілку, каб абмалочваць снапы. Яе паставілі на агародзе Мілюціных. Круцілі малацілку дзве пары коней, а 12-гадовы брат Коля павінен быў прыгледжваць за конямі і змазваць шасцяронкі рухавіка. Маці не дазваляла гэта рабіць, калі малацілка працавала, але ж Коля спяшаўся і рабіў гэта на хаду. Так адбылося, што ў рухавік зацягнула штаніну, а потым ногі хлопчыка. Пражыў ён пасля гэтага толькі суткі.
— Яго пахавалі на вясковых могілках. Праз некаторы час мы пайшлі да Колі і ўбачылі, што ўсе могілкі пераезжаны, парэзаны гусеніцамі танкаў, яны стаялі ў Беражанах. А там, дзе ляжаў брат, з’явілася бярозка, відаць, танк прыцягнуў. Мы яе і пасадзілі. Бяроза потым вялікая вырасла, толькі нядаўна спілілі, каб ветрам старое дрэва не зламала, — задуменна расказвала Анастасія Іванаўна. Неўзабаве стала ўсё грамчэй чуваць кананада з другога боку ад вёскі. Немцы спачатку павыганялі жыхароў Бурай з хат, якія разбіралі на будаўніцтва ўмацаванняў. Потым пачалі выганяць ў бежанцы.
Сям’я Мілюціных спачатку паехала да бацькавай радні, што жыла на вуліцы Свіная ў Дуброўне. Але і з гэтых дамоў фашысты выгналі людзей ў склады кірпічнага завода. Праз некалькі дзён усіх пагналі ў бок Оршы, затым у Балбасава. Анастасія Іванаўна ўзгадвала, што людзей было столькі, што не было дзе знайсці прытулак, вельмі дрэнна было з прадуктамі. І таму бацькі вырашылі ляснымі дарогамі ехать далей ад фронта на Талочын і Круглае.
— Помню, ехалі да вескі Падковы, а ўжо кастрычнік, снег, холад. Паўсюды сляды баёў фашыстаў з партызанамі. Неяк даехалі да вялікай вёскі Ліхінічы. Спачатку размясціліся на ўскрайку. Але ж нам не пашчасціла, нас абрабавалі, звялі каня. Тады бацька знайшоў іншую хату, недзе ў цэнтры вёскі. Вуліца была адметная: адным канцом яна даходзіла да лініі нямецкіх дзотаў, а другім збягала ў лес, які быў партызанскім. Калі ўжо стала ясна, што наступленне савецкіх войскаў не спыніць, добра па мятаю, як ўвечары ў лесе пад гармонік партызаны громка спявалі «Кацюшу», а немцы пачыналі страляць у цемру… Фронт набліжаўся, немцы аб’явілі, што трэба рухацца далей, да Мінска. Але бацька недзе набыў хворага параненага каня і сказаў, што трэба ехаць ў Бурую. Вось і зноў мы, а з намі яшчэ некалькі сем’яў паехалі назад. Вельмі ўразіла мяне Круглае, дзе толькі прайшлі баі: вогнішчы, нейкія правады, кругом усё перамешана. Многа забітых салдат і коней. По тым гэтая карціна паўтаралася і па дарозе на Талочын, і далей да Дуброўны. Мы прыехалі, а ў Бурай застаўся толькі адзін дом. Людзі рассяляліся па бункерах, якія тут былі паўсюль: у лесе, на полі, па агародах. Але ўсе яны былі ўжо заняты. На нашым агародзе таксама быў бункер, але ён быў затоплены. Нас, дзяцей, некалькі дзён пускалі начаваць суседзі. А потым маці нечакана знайшла невялічкую рубленую лазню, якая была амаль поўнасцю засыпана зямлёй. Бацькі адкапалі яе і перанеслі. Так у нашай сям’і з’явілася свая хата. Бацьку неўзабаве зноў забралі ў армію. Маці і старэй шая сястра пайшлі працаваць ў калгас. Аднойчы ў час абедзеннага перапынку маці вырашыла спаліць старую салому на агародзе. Падпаліла, а там нешта пачало ўзрывацца. Памятаю, маці бяжыць да нас, а за ёй вырастаюць страшэнныя вялікія вогненныя крылы. Па сцяне нашай хатачцы, вакол нас таксама трэнькалі, звінелі асколкі. Бочка жалезная і зараз у сараі стаіць, пасечаная тымі асколкамі, але ж нас не закранула, — дзялілася першымі пасляваеннымі ўспамінамі наша субяседніца.
Скончыўшы чатыры класа, у 14 год дзяўчына па чала працаваць у тым жа калгасе, дзе працавала маці і вярнуўшыся з арміі бацька. Усяго яе працоўны стаж налічваў 40 гадоў. Яна адзначала, што было б 41, але дакументы за 1952 год недзе страціліся…
А яшчэ яна расказвала, як дружна і весела, нягледзячы на цяжкую працу і пасляваенную разруху, жылі ў вёсцы, як радаваліся міру, але ні на адзін дзень не забывалі пра тое, што прыйшлося перажыць падчас вайны…
Няўмольны час бяжыць вельмі хутка. У верасні мінулага года Анастасія Іванаўна Мілюціна на 91-м годзе, на вялікі жаль, пайшла з жыцця. Але ў яе родных, двух унучак, чатырох праўнукаў і прапраўнука засталіся яе ўспаміны, як запавед аб міры, аб клопаце пра тых, хто побач, аб памяці пра тое, што без іх дзяцінства, без іх працоўнага жыцця, не было б нас з вамі.