На Дубровенщине наградили лидеров кормозаготовки

Працаўнікі аграпрамысловых прадпрыемстваў Дубровенскага раёна падыходзяць да завяршэння першага этапа корманарыхтоўкі. Па даных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама на 2 ліпеня, план па касавіцы перавыкананы на 105,1%.

Працаўнікі ААТ «Якубава-Агра» нарыхтавалі 9420 тон сенажа, што складае звыш 60% ад запланаванага. Невыпадкова, што менавіта трактарысты машыністы гэтага сельгаспрадпрыемства сталі першымі пераможцамі ў спаборніцтве, якое праводзіць райкам прафсаюза работнікаў АПК сярод працаўнікоў-удзельнікаў корманарыхтоўчай кампаніі.

Так, трактарыст-машыніст Мікалай Валевіч на КВК-800 першым у раёне нарыхтаваў 5 тысяч тон зялёнай масы, а Валерый Паўлючэнка першым дасягнуў лічбы 2 тысячы тон на адвозцы.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Малянкоў павіншаваў лідараў раённага спаборніцтва і ўручыў ім граматы і грашовыя прэміі ў час кароткага перапынку прама на ўскрайку поля каля вёскі Копці.

Пасля віншаванняў і шчырых спадзяванняў, што ўзнагароды — не апошнія ў гэтым сельскагаспадарчым годзе, Аляксандр Малянкоў яшчэ раз нагадаў аб неабходнасці выканання патрабаванняў аховы працы, пацікавіўся, ці працуюць у кабінах кандыцыянеры, праверыў наяўнасць вогнетушыцеляў.

— Прафсаюзы заўжды надаюць асаблівую ўвагу якасці выканання працоўных абавязкаў. А яна залежыць ад вытворчай дысцыпліны, выканання ўсіх патрабаванняў тэхналагічных працэсаў і аховы працы. Трэба, каб чалавеку праца прыносіла задавальненне і ўпэўненасць, тады і паказчыкі будуць добрыя, — адзначыў прафсаюзны лідар.

Алена КАРСАКОВА