Крыніца натхнення
У Калінаўцы жанчыны спявалі здаўна. Асаблівае месца ў сэрцах жыхароў і культурным жыцці не толькі гэтага аграгарадка, але і раёна ўвогуле займае народны ансамбль народнай песні «Калінаўскія маладзіцы» і ўзорны фальклорны калектыў «Глыбінка» — неаднаразовыя пераможцы і ўдзельнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Займаюцца ў гэтых калектывах людзі ўсіх узростаў, многія прыходзяць на рэпетыцыі ў вячэрні час, пасля працы. З нагоды прафесійнага свята і ў сувязі з вялікім творчым шляхам гэтыя калектывы ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта.
У 80-я гады мінулага стагоддзя тагачасны загадчык сельскага Дома культуры Зоя Прусава запрасіла зямлячак у вакальную групу. Настаўнікі і працаўніцы сельгаспрадпрыемства, сталыя і маладыя з задавальненнем аб’ядналіся ў творчы калектыў. У 1990 годзе да калектыву далучаюцца Лідзія і Міхаіл Шлег. З таго часу вакальная група атрымала не толькі новую назву — «Калінаўскія маладзіцы» — але і, так бы мовіць, новы творчы гарызонт. Лідзія Аляксандраўна стала кіраўніком калектыву, а мастацкім кіраўніком, акампаніятарам — Міхаіл Віктаравіч, які праводзіў і вядзе вялікую работу па прапагандзе беларускай песні і музыкі.
Лідзія Шлег расказала, што пастаянная ўдзельніца калектыву Антаніна Марозава вядзе сшыткі, дзе запісвае песні, якія выконваў калісьці калектыў. Так вось, там ужо захоўваецца сапраўдны песенны скарб нашага раёна: больш за 200 тэкстаў. Многія з іх былі знойдзены падчас фальклорных экспедыцый. Шмат з іх напісаны Міхаілам Шлегам, які вядомы як самадзейны аўтар і кампазітар. Сярод самых апантаных удзельніц калектыву розных гадоў — Галіна Марчанка, Зоя Прусава, Вольга Рымашэўская, Зоя Паўлава, Святлана Рашчыкава, Ала Самсановіч, Антаніна Марозава.
Ансамбль адразу знайшоў свайго слухача, таму ў 1997 годзе атрымаў званне народнага. А ў 2001 годзе ў яго з’явілася «малодшая сястра» — узорны фальклорны калектыў «Глыбінка». Зараз яго кіраўніком з’яўляецца Наталля Мілюціна, якая кіруе Калінаўскім СДК.
«Глыбінка» — гэта падлеткі, якія вывучаюць родную культуру і гісторыю свайго краю. Дзеці не толькі спяваюць, але і танчаць, аднаўляюць на родныя абрады. Праз «Глыбінку» прайшло ўжо не адно пакаленне калінаўцаў. Сярод самых яркіх удзельнікаў — Крысціна Адрыца, Дзмітрый Самсановіч, Ірына Снарковіч, Марына Кальянава, Кірыл Мазгоў, Надзея Сівіцкая. Для некага з удзельнікаў аб’яднання яно стала шляхам у будучыю прафесію: Аляксандра Марозава працуе бібліятэкарам у Оршы, а Алена Чалпанава ўзначальвае Цэнтр куль туры и дасуга ў аг.Александрыя, што на Магілёўшчыне.
— У нашым аграгарадку жывуць самыя творчыя людзі, адданыя мастацтву і роднай культуры. Яны з задавальненнем наведваюць нашы заняткі, удзельнічаюць у канцэртах, дораць гледачам радасць, — адзначыла Наталля Мілюціна і дадала: — Любы жадаючы можа далучыцца да калектыву, мы рады ўсім.
Алена КАРСАКОВА.

