Инженер Сергей Гарстуков нашёл профессию в седьмом классе

Дубровно, Дубровенский район, урожай 2011, рекорды, растениеводство, животноводство, деньги, лидеры, село, промышленность, инженер Гарстуков

Па-праўдзе кажучы, не прыпомню, каб да гэтага года калі-небудзь за апошнія дваццаць гадоў на раённую Дошку Гонару быў занесены партрэт галоўнага інжынера адной з гаспадарак раёна. Відавочна, гэта тлумачыцца тым, што пасада галоўнага інжынера нялёгкая, ацэнка работы яго робіцца перш за ўсё па таму, як надзейна і эфектыўна працуе машынна-трактарны парк, як гаспадарка спраўляецца з правя-дзеннем палявых работ. Ва ўмовах дэфіцыту механізатараў і фінансавых сродкаў дабіцца высокай эфектыўнасці работы тэхнікі няпроста, а, значыць, і галоўнаму інжынеру за сваю работу заслужыць высокую ацэнку нялёгка. Сяргею Уладзіміравічу Гарстукову, галоўнаму інжынеру КУСГП “Зарубы”, гэта ўдалося: сёлета яго партрэт занесены на раённую Дошку Гонару.

—Такой пашаны Сяргей Уладзіміравіч заслужыў добрасумленнай працай, — гаворыць начальнік вытворчага аддзела райсельгасупраўлення Уладзімір Мікалаевіч Анішчанка, які кантралюе і арганізоўвае работу інжынернай службы гаспадарак раёна. — Ён добры арганізатар, пастаянна праяўляе ініцыятыву і настойлівасць у павышэнні эфектыўнасці работы машынна-трактарнага парка, па навядзенню парадку на машынным двары і стварэнню нармальных бытавых умоў работы механізатараў, яго паважаюць у калектыве механізатары і вадзіцелі, спецыялісты.

Задаволены работай галоўнага інжынера і дырэктар гаспадаркі Васіль Валянцінавіч Балабосаў.

—Сяргей Уладзіміравіч паспяхова спраўляецца з абавязкамі галоўнага інжынера, ён, як кажуць, на сваім месцы. Ініцыятыўны, патрабавальны спецыяліст, які ўмее арганізаваць вытворчы працэс, умее знайсці агульную мову з падначаленымі, уносіць шмат рацыяналізатарскіх прапаноў па выкарыстанні машынна-трактарнага парка, — гаворыць дырэктар.

Сёлета ў Сяргея Уладзіміравіча Гарстукова своеасаблівы юбілей: споўнілася 10 гадоў работы на пасадзе галоўнага інжынера. Усяго ж яго працоўны стаж 21 год.

Сяргей Уладзіміравіч нарадзіўся і вырас у вёсцы Дзям’янкава, якая ўваходзіць у склад КУСГП “Зарубы”. Пасля заканчэння Зарубскай сярэдняй школы паступіў у Гарадоцкі сельгастэхнікум, які ў свой час скончыў яго бацька Уладзімір Фёдаравіч Гарстукоў.

—Яшчэ ў школьныя гады я цвёрда вырашыў набыць прафесію механіка па абслугоўванню сельгастэхнікі, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. — Калі вучыўся ў сёмым класе, бацька навучыў мяне кіраваць аўтамабілем. Тэхніку я люблю з дзяцінства, таму і выбраў такую прафесію.

У 1990 годзе Сяргей Гарстукоў атрымаў дыплом механіка і вярнуўся ў бацькоўскі дом. Яго прызначылі механікам трактарнай брыгады ў вёсцы Дзям’янкава, дзе ў свой час працаваў яго бацька. Пасля таго, як у сярэдзіне дзевяностых гадоў шэсць трактарных брыгад саўгаса “Зарубы” (цяпер КУСГП “Зарубы”) аб’ядналі ў адзін вытворчы ўчастак, Сяргея Гарстукова прызначылі механікам па трактарах і сельгасмашынах гаспадаркі. А ў 2001 годзе яму даручылі ўзначаліць інжынерную службу саўгаса.

З таго часу мінула дзесяць гадоў. І, як бачым, Сяргей Уладзіміравіч Гарстукоў паспяхова спраўляецца з ускладзенымі на яго абавязкамі галоўнага інжынера, аб чым яскрава сведчаць і такія факты: два апошнія гады запар у раённым конкурсе на лепшы машынны двор КУСГП “Зарубы” прысуджаецца другое месца. Была ў ліку прызёраў у гэтым конкурсе гаспадарка і крыху раней. Па выніках работы за 1998 і 2011 годы Сяргей Уладзіміравіч Гарстукоў прызнаны лепшым па прафесіі сярод сваіх калег — галоўных інжынераў гаспадарак. Сёлета яго партрэт занесены на раённую Дошку Гонару.

Сёння машынны двор КУСГП “Зарубы” адзін з лепшых у раёне. Дарэчы, у вольную мінуту работнікі майстэрні могуць тут нават згулять партыю ў більярд. Напярэдадні 2011 года кіраўніцтва гаспадаркі набыло більярдны стол, які ўстаноўлены ў адным з памяшканняў майстэрні.

Зразумела, што ініцыятарам і арганізатарам добрых перамен на машынным двары КУСГП “Зарубы” з’яўляецца галоўны інжынер Сяргей Уладзіміравіч Гарстукоў.

—Аднаму мне навесці парадак на машынным двары не ўдалося б, калі б не актыўная дапамога дырэктара гаспадаркі Васіля Валянцінавіча Балабосава, —шчыра прызнаецца Сяргей Гарстукоў. — Васіль Валянцінавіч, як правіла, падтрымлівае мае ідэі, выдзяляе неабходныя сродкі для іх ажыццяўлення.

А тым часам, на сёння ўся тэхніка гаспадаркі даўно пастаўлена на зімовае захоўванне, механізатары прыступілі да рамонту глебаапрацоўчых машын. У майстэрні створаны ўмовы для работы ў зімовы перыяд.

Варта адзначыць, што ў апошнія гады КУСГП “Зарубы” паспяхова спраўляецца з правядзеннем усіх палявых работ, павялічылася вытворчасць сельгаспрадукцыі, палепшыліся эканамічныя і фінансавыя паказчыкі. Пэўная заслуга ў гэтым ёсць і галоўнага інжынера гаспадаркі Сяргея Уладзіміравіча Гарстукова.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *