В Дубровенском районе идёт уборка кукурузы

Дубровно,дубровенский, урожай, механизаторы,кукуруза,корма

На кукурузных палетках

У ААТ “Праўда-С” сёлета кукурузу вырошчвалі на 226 гектарах. “Каралева палёў”, як і іншыя сельгаскультуры, парадавала добрым ураджаем. Сапраўды кукурузны “лес” вырас на палетках за вёскамі Пасуддзева, Новае Гудава і Сіпішчава. У дзень наведвання гаспадаркі мехатрад убіраў кукурузу на полі за вёскай Пасуддзева.

Дубровно, Дубровенский, механизаторы, кукуруза, корма, осень,работа

Магутны кормаўборачны камбайн КВК-800 і трактар з прычэпам павольна рухаліся па краю кукурузнага поля. Мінула зусім няшмат часу і прыцэп да верху быў запоўнены кукурузнай масай. За рулём камбайна старанны і вопытны механізатар Валянцін Анатольевіч Раскоша. Я зрываю са сцябліны кукурузы катах і пад ліствой бачу добра налітае залацістае зерне кукурузы.

—Добры будзе корм, — з усмешкай гаворыць Валянцін Раскоша.
Праз мінуту да камбайна пад’язджае трактар з прычэпам пад загрузку сіласнай масай. За рулём старанны механізатар Генадзь Анатольевіч Гудына.
Акрамя Г.А.Гудыны адвозку кукурузнай масы да траншэі ў той дзень ажыццяўлялі механізатары Уладзімір Мікалаевіч Кірэеў і Васіль Дзмітрыевіч Кабуш.

Клапоцяцца ў гаспадарцы і аб якасці сіласнай масы. Каб коламі трактароў у сіласную траншэю не заносілася гразь, вакол яе насцялілі слой саломы. Трамбоўку сіласнай масы на “Амкадоры” у той дзень ажыццяўляў Віктар Аляксандравіч Каткоўскі..
Праязджаючы міма ферм, я бачыў сіласныя траншэі, якія засталіся ад мінулагодняй зімоўкі. На пасуддзеўскай ферме, напрыклад, такіх дзве траншэі, новагудаўскай — адна. Гэта значыць, што ў гаспадарцы на мінулую зіму быў створаны трывалы запас кармоў.
У цэлым па раёне кукуруза па стану на 9 кастрычніка была ўбрана на 922 гектарах, што складае 25 працэнтаў да ўборачнай плошчы. Яшчэ на корані каля 2800 гектараў кукурузы. Для параўнання: у мінулым годзе на гэты дзень “каралева палёў” была ўбрана на 85 працэнтах плошчаў. Тры гаспадаркі (ААТ “Рэдзькі”, КУСГП “Прыдняпроўскі” і “Зарубы”) яшчэ наогул не пачыналі нарыхтоўку кукурузнага сіласу. У той жа час у ААТ “Каманіна” “каралева палёў” ужо ўбрана на трох чвэрцях пасяўной плошчы, ААТ “Якубава-Агра” — амаль на палавіне плошчаў, а ў КУСГП “Арловічы” і ААТ “Усход-Чырына”— на адной трэці плошчаў.

—Што перашкаджае некаторым гаспадаркам убіраць кукурузу на сілас? — пацікавіўся я ў намесніка начальніка райсельгасупраўлення па раслінаводству Валерыя Мікалаевіча Мельніка.

—З-за позняй веснавой сяўбы увесь комплекс палявых работ сёлета зрушыўся на больш познія тэрміны: значна пазней, чым у мінулым годзе завяршылі ўборку збожжавых, сяўбу азімых культур, натуральна пазней уключыліся ва ўборку кукурузы. Якія гаспадаркі вясной адставалі на сяўбе яравых культур, тыя сёння спазняюцца з уборкай кукурузы. А тут яшчэ ў апошні час належным чынам працаваць у полі перашкаджаюць частыя дажджы, — так пракаменціраваў сітуацыю на палетках раёна В.В.Мельнік.

Варта адзначыць, што ўборка кукурузы сёлета ў больш познія тэрміны мае свой плюс: катахі паспелі, а значыць, і пажыўнасць кукурузнага сіласу будзе вышэй, чым у мінулым годзе, калі кукурузу многія гаспадаркі ўбіралі недаспелую.

Андрэй КВІР.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *