Дубровенский животноводы преодолевают кризис

Дубровно,Дубровенский,животноводство,прибыль,надои

Аб гэтым наш карэспандэнт папрасіў расказаць першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандра Васільевіча КАРНЕЕВА.
—Аляксандр Васільевіч, вучоныя лічаць, што прадуктыўнасць кароў на 50-60 працэнтаў залежыць ад узроўня кармлення і якасці кармоў. Раскажыце, калі ласка, як забяспечана кармамі жывёла ў гаспадарках раёна на гэтую зімоўку?
—Па стану на 1 лістапада, згодна статыстычных даных, у цэлым па раёне на ўмоўную галаву жывёлы прыпадала па 29,5 цэнтнера кармавых адзінак, што на 6,6 цэнтнера кармавых адзінак або на 28,8 працэнта больш, чым у мінулым годзе. Амаль ва ўсіх гаспадарках назапашана кармоў дастаткова, каб перазімаваць. Найлепшая забяспечанасць кармамі ў ААТ “Праўда-С”, дзе з улікам канцэнтратаў па стану на 1 лістапада на ўмоўную галаву жывёлы мелася па 50 цэнтнераў кармавых адзінак.
Недастаткова назапашана кармоў толькі ў КУСГП “Першамайскае”, дзе па стану на 1 лістапада на ўмоўную галаву жывёлы мелася па 22 цэнтнеры кармавых адзінак. Але гэтая гаспадарка дадатковую колькасць сенажу завозіць з ААТ “Якубава-Агра”, дзе на ўмоўную галаву жывёлы маецца па 36 цэнтнераў кармавых адзінак.
Сёлета лепшая, чым у мінулым годзе, і якасць нарыхтаваных кармоў. Аб гэтым сведчаць даныя лабараторных даследаванняў у час нарыхтоўкі кармоў, а таксама даныя, якія паступаюць з лабараторыі Віцебскай ветакадэміі, дзе зараз праводзяцца даследаванні на поўны аналіз пажыўнасці кармоў.
—Якія тэхналагічныя і арганізацыйныя мерапрыемствы праводзяцца ў сельгаспрадпрыемствах, каб больш эфектыўна выкарыстоўваць кармы і сбалансаваць рацыёны па пажыўных рэчывах?
—Асноўнае патрабаванне — гэта расстаноўка кароў у залежнасці ад фізіялагічнага стану. Увесь дойны статак раздзелены на групы: новацельныя, дойныя і сухастойныя. Такое размеркаванне кароў на групы неабходна для таго, каб кожная жывёліна ў залежнасці ад яе фізіялагічнага стану і прадуктыўнасці атрымлівала адпаведны рацыён. Наладжаны кантроль за выдачай канцэнтратаў, разавая выдача якіх не павінна перавышаць 2 кілаграмаў. Скармліванне канцэнтратаў за адзін раз у павышаных дозах, як правіла, прыводзіць да захворвання жывёлы кітозамі і ацідозамі.
У сувязі з тым, што ў пераважнай большасці гаспадарак сёлета не вырошчвалі кармавыя караняплоды (толькі ААТ “Гігант-Агра” і “Герой” назапасілі адпаведна 500 і 200 тон буракоў), для збалансавання рацыёну па цукру гаспадаркі раёна заключылі дагавор на пастаўку 300 тон патакі. Гэтая кармавая дабаўка завезена на фермы і ўключана ў рацыён, што дазваляе больш-менш падтрымліваць цукрова-пратэінавыя суадносіны рацыёну на належным узроўні.
—За дзесяць месяцаў гэтага года на фермах раёна атрымана на 963 галавы, або на 12 працэнтаў цялят менш, чым за гэты час у мінулым годзе. А гэта адна з асноўных прычын недабору малака, бо значная колькасць кароў засталіся ялавымі. Якія меры прымаюцца ў гаспадарках раёна, каб не дапусціць ялавасці кароў у далейшым?
—Пытанні арганізацыі ўзнаўлення дойнага статка і асемянення жывёлы сёння знаходзяцца пад жорсткім кантролем спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Усе каровы, якія праз 70 дзён не прыйшлі ў ахвоту, бяруцца на кантроль, праводзіцца штучная стымуляцыя ахвоты з дапамогай ветпрэпаратаў. Для правя¬дзення стымуляцыі і кантролю за асемяненнем жывёлы створаны дзве мабільныя брыгады: адна з ліку спецыялістаў райплемстанцыі, другая — са спецыялістаў райветстанцыі, якія згодна з графікам наведваюць гаспадаркі і праводзяць штучную стымуляцыю не прыйшоўшых у ахвоту кароў. Як паказвае практыка, каля 70 працэнтаў кароў пасля ўвядзення спецыяльных прэпаратаў прыходзяць у ахвоту.
28 чысла штомесяц у райсельгасупраўленні пад маім кіраўніцтвам праводзіцца нарада зааветспецыялістаў гаспадаркі і раённага звяна, на якой падводзяцца вынікі работы па асемяненні жывёлы за мінулы месяц і вызначаюцца задачы на наступны месяц, прымаюцца меры па ўхіленні выяўленых недахопаў. Словам, работа па прадухіленні ялавасці кароў сёлета на асаблівым кантролі і гэта павінна станоўча адбіцца ўжо ў бліжэйшай перспектыве на павелічэнні вытворчасці малака.
—Якія задачы, зыходзячы з наяўнасці кармоў і правядзення арганізацыйна-тэхналагічных мерапрыемстваў на фермах, пастаўлены перад жывёлаводамі раёна на гэты зімовы перыяд?
—Галоўная задача — гэта атрымаць і захаваць увесь маладняк буйной рагатай жывёлы, што дазволіць павялічыць вытворчасць і рэалізацыю малака і мяса. Для гэтага створана нядрэнная кармавая база, у апошнія гады праведзена значная работа па мадэрнізацыі жывёлагадоўчых памяшканняў. Цяпер усё залежыць ад спецыялістаў і радавых жывёлаводаў, ад іх умення і стараннасці выконваць даручаную работу. Калі кожны спецыяліст, жывёлавод будзе добрасумленна выконваць свае абавязкі, то будзе рост прадуктыўнасці жывёлы і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі малака і мяса.

Матэрыял падрыхтаваў Андрэй КВІР.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *