Прыцягненне малой радзімы

Усё жыццё пражыла ў вёсцы Чырына Юлія ягораўна Шабанава. 9 верасня жанчына адзначыла свой 90-гадовы юбілей, з якім яе прыехалі павіншаваць старшыні Зарубскага сельсавета Сяргей Шылаў, раённага савета ветэранаў Вера Чалёва, партыі «Белая Русь» і Беларускага саюза жанчын, прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства ААТ «Усход-Чырына», у якім яна працавала даяркай 45 гадоў. Гэта маленькая сціплая жанчына і зараз, негледзячы на свой узрост, вядзе гаспадарку, спрытна завіхаецца каля хаты, вырошчвае гародніну і кветкі. Пра тое, як хутка і непрыкметна праляцелі гады, яна расказала карэспандэнту газеты «Дняпроўская праўда».

— Так склалася, што першыя дзіцячыя ўспаміны звязаны з вайной. Баць ка не вярнуўся яшчэ з Фінскай, пакінуўшы маці з чацвёра малымі дзяцьмі. Неўзабаве пачалася нямецкая акупацыя. Фашысты выгналі нас з вёскі ў бе жанцы. Скіталіся ад хаты да хаты, ад вёскі да вёскі. Так апынуліся ў Глебава. Не ве даю, як маці гэта ўсё вынесла. Наш малодшы брат Коля ў вайну памёр. Там жа, ў Глебава, яго і пахавалі. А мы далей пайшлі, каб хоць як-небудзь выжываць, — расказвала пра тыя часы Юлія Ягораўна. Найбольш яркія ўспаміны захаваліся пра вяртанне ў родную хату пасля вы звалення Дубровенскага раёна. — Столькі радасці было, міленькая мая, не перадаць словамі. Наша хата за хавалася, і нам было лепей, чым іншым. Немцаў пагналі, і аднавяскоўцы адным за адным сталі таксама вяртацца ў родную вёску. Памятаю, што ў нашай хаце 18 чалавек жыло. Маці ўсіх пускала, у каго хаты не было. Спалі хто на падлозе, хто на нарках, хто на лаўках, а мы, як гаспадары — на печы, — успамінае мая субяседніца. Падрабязнасцей таго часу дзіцячыя ўспаміны больш не захавалі. Можа гэта і добра… Жыццё стала наладжвацца. Дарослыя, большай часткай жанчыны, працавалі ў калгасе, а дзеці пайшлі ў школу. Юлія Ягораўна скончыла чатыры классы ў Чырына. Сямігодка была толькі ў Зарубах. Дзяўчына бачыла, як цяжка маці гадаваць адной траіх дзяцей, і вырашыла пайсці дапамагаць ёй на ферме.

— Памятаю, наш заатэхнік прыйшоў і кажа: няма каму кароў даіць. Так з таго часу і працавала без перапынку даяркай, — працягвае свой аповяд жанчына. Усё вытрымала гэтая жанчына-працаўніца. Тады даілі па тры разы на дзень рукамі. Раніцай на ферме, у абед — у полі, вечарам зноў у сарай загоняць жывёл і падояць. Кожная даярка даглядала больш за 20 галоў. А яшчэ свая гаспадарка: карова, свінні, куры, агарод. Ішло жыццё, Юлія Ягораўна выхавала сына і дачку. Так склалася, што гада вала іх без мужа. Шмат іспытаў выпала на долю маёй субяседніцы. Дачка Тамара рассказала, што яны з братам амаль не бычылі маці, якая была ўвесь час на ферме. Выхоўваць іх дапамагала бабуля Матрона. Дарэчы дачка Тамара таксама, як у свой час Юлія Ягораўна, адпрацавала ўсё жыццё на жывёлагадоўчай ферме.

Узгадваючы пражытыя гады, наша субяседніца расказвала і пра радас ныя моманты: вясёлыя вечары ў клубе, танцы, маёўкі і суседская дапамога аднавяскоўцаў, калі адзін аднаму дапамагалі, працавалі і весяліліся талакой. Жанчына лічыць сябе шчаслівым чалавекам, і гэта шчасце дала ёй родная зямля, родная вёска.

— Мы працавалі, каб нашы дзеці жылі лепш за нас, не ведалі таго гора. Гэта і давала нам сілы. Чалавек заўсёды павінен думаць пра будучыню, пра дзяцей і ўнукаў. Зараз толькі жыць і жыць, хай толькі ўсё будзе добра. А моладзь у нас самая лепшая, яны самі ведаюць, што ім рабіць і як жыць. Хай толькі не забываюць адкуль мы родам, дзе нашы карані. Бо шчасце — у зямлі, яна наша карміліца, у ёй сіла. Мне калі дрэнна неяк становіцца, так я іду ў грады, пакапаюся у зямлі, глядзіш — і лепш стала, — падзялілася Юлія Ягораўна.

Такія людзі, як Юлія Шабанава, — прыклад добрасумленнай працы, любові да роднага краю, гонар дубровенскай зямлі. Жадаей ёй здароўя і цяпла, дабра і спакою. Хай нягоды абходзяць стараной вашу хату і блізкіх, заставайцеся ў такім жа бадзёрым настроі.