Вклад ветерана

Дубровно, дубровенский, дажинки 2016

Другі год запар звяно аператараў збожжасушыльнага комплекса ААТ “Праўда-С” у складзе Уладзіміра Ляшчова і Генадзя Краўчанкі становіцца пераможцам абласнога спаборніцтва на пасляўборачнай дапрацоўцы збожжа. У мінулым годзе на абласных “Дажынках”, якія праходзілі ў Талачыне, прадстаўляў звяно У.Ляшчоў. Цяпер на “Дажынках” у г.Сянно прымае віншаванні як пераможца спаборніцтва Г.Краўчанка. Аб тым, як працуе У.Ляшчоў, мы расказвалі мінулай восенню напярэдадні абласных “Дажынак”. Сёння аповед аб Г.Краўчанка.
Генадзь Іванавіч патомны селянін. Нарадзіўся і вырас у вёсцы Кобызева. Яго бацька Іван Емяльянавіч, працаваў механізатарам. Першыя ўрокі хлебаробскай справы Генадзь атрымаў ад бацькі ў далёкім 1968 годзе, працуючы ў яго памочнікам на гусянічным трактары ДТ-54. Пазней набыў прафесію шафёра. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў бацькоўскі дом і ўладкаваўся на працу ў калгас шафёрам.
23 гады адпрацаваў вадзіцелем. Шэсць аўтамабіляў памяняў за гэты час, перавёз тысячы тон самых розных грузаў. А потым, калі жонку прызналі брыгадзірам кобызеўскай фермы, шэсць гадоў быў слесарам на гэтай ферме. Пэўны час выконваў абавязкі інжынера па працаёмкіх працэсах. А дзесяць гадоў назад у жніво пачаў працаваць аператарам збожжасушылкі М-819.
З тых пор разам з Уладзімірам Ляшчовым даво¬дзіць да неабходнай кандыцыі ўсё збожжа, якое намалачваюць на палях гаспадаркі. А пасля жніва і да новага уборачннага сезона займаюцца абслугоўваннем і рамонтам усіх сродкаў механізацыі на пяці малочнатаварных фермах. У іх абавязкі ўваходзіць падрыхтоўка да работы ў стойлавы перыяд сістэм водапаення, гноевыдалення, даільных установак. Менавіта за гэтай работай я і заспеў Генадзя Краўчанку. На сіпішчаўскай ферме ён ухіляў непаладкі ў малочным халадзільніку.
—Якая гатоўнасць ферм да работы ў зімовых умовах? — пацікавіўся я ў Г.Краўчанкі.
—Мы ўжо закончылі рамонт і абслугоўванне ўсіх сродкаў механізацыі на чатырох фермах. Засталося толькі выканаць невялікі аб’ём работ на ферме ў вёсцы Кобызева, — гаворыць Г.Краўчанка.
Зразумела, што ў абавязкі Г.Краўчанкі і У.Ляшчова ўваходзіць падрыхтоўка да ўборачнага сезона збожжасушылкі М-819, якая ўжо эксплуатуецца каля трох дзясяткаў гадоў і многія механізмы вельмі паднасіліся. Гэта патрабуе ад аператараў асаблівага ўмення, стараннасці і адказнасці пры правядзенні рамонтных работ. Бо, вобразна кажучы, збожжасушылка — гэта тыл жніва і ад надзейнасці яе работы вельмі ў многім залежаць тэмпы жніва і якасць пасляўборачнай дапрацоўкі збожжа. З даручанай справай аператары спраўляюцца паспяхова. Сёлета, па словах Г.Краўчанкі, збожжасушылка адпрацавала практычна без паломак. Гаспадарка першай у раёне завяршыла ўборку збожжавых. У гэтым нямалая заслуга работнікаў тыла — Генадзя Краўчанкі і Уладзіміра Ляшчова. А перамога ў абласным спаборніцтве — яскравае сведчанне стараннай, самааданай працы.
Варта заўважыць, што Генадзь Іванавіч Краўчанка ўжо пяць гадоў на пенсіі. На яго рахунку 44 гады бесперапыннай працы ў сельгаспрадпрыемстве, дзе нарадзіўся і вырас. Разам з жонкай Нінай Аляксандраўнай, якая на працягу двух дзясяткаў гадоў працавала загадчыцай кобызеўскай фермы, трымаюць падсобную гаспадарку. На іх падворку ёсць конь, свінні, хатняя птушка, нямалы агарод.
—У нас трое сыноў, якія жывуць у горадзе. Гэта і прымушае трымаць гаспадарку. Вясной сыны дапамагаюць апрацаваць агарод, а восенню ўбраць ураджай. А ў горад колькі трэба бяруць бульбы, гародніны. Пад Новы год пару кабанчыкаў рэжам. Хоць ужо і на пенсіі, але раніцай падымаемся ў палавіне шостага і працуем да вечара. Што сядзець без справы, калі рукі слухаюцца і ногі ходзяць, — з усмешкай гаворыць ветэран сельгасвытворчасці.
Улічваючы вялікі дэфіцыт рабочых рук у вёсцы, працоўны ўклад такіх ветэранаў вытворчасці, як Генадзь Краўчанка, па-ранейшаму вельмі значны.
Андрэй КВІР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *