На Дубровенщине подвели итоги урожая-2010

Такое ранняе жніво, як сёлета, было ў 2002 годзе. Тады ўборка збожжавых у гаспадарках раёна была праведзена ў перыяд з 11 ліпеня па 9 жніўня. У той год хлебаробам раёна ў правядзенні ўборачных работ спрыяла сухое, без дажджоў, надвор’е, праўда, не такое спякотнае, як сёлета. Валавы намалот збожжа тады склаў 45 тысяч тон і павялічыўся ў параўнанні з папярэднім годам амаль на 10 тысяч тон або на 27 працэнтаў.

Амаль у такія ж каляндарныя тэрміны праведзена ўборка збожжавых і ў гэтым годзе: зажынкі адбыліся 16-17 ліпеня, а дажынкі ў цэлым па раёне — 10-12 жніўня, а ў “Праўда” і “40 год Кастрычніка” адпаведна 3-4 жніўня.

На жаль, арыфметыка сёлетняга жніва ў параўнанні з мінулым годам, у адрозненне ад жніва 2002 года, са знакам “мінус”. Валавы намалот збожжа ў цэлым па раёне склаў 60,1 тысячы тон, што на 12,4 тысячы тон або на 17 працэнтаў менш, чым у мінулым годзе. У сярэднім з гектара сабрана па 24 цэнтнеры зерня — на 11 цэнтнераў менш,  чым у 2009 годзе.

Анамальнае спякотнае надвор’е ў ліпені не дазволіла належным чынам сфарміравацца зерню, асабліва на ўчастках, засеяных у маі. Недаспелае зерне засохла ў коласе. Аналагічная сітуацыя ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці. У сярэднім па вобласці ураджай збожжавых склаў 20 цэнтнераў. Наш раён па аддачы збожжавага палетка і па валавому намалоту збожжа заняў другое месца ў вобласці і ўступіў толькі суседняму Аршанскаму раёну, дзе на круг намалацілі па 27 цэнтнераў зерня, што таксама намнога менш, чым у мінулым годзе.

Але гэта, падкрэсліваю, папярэднія вынікі. Канчатковыя кропкі над “і” будуць пастаўлены, калі работнікі бухгалтэрый гаспадарак адмінусуюць ад валавога намалоту “мёртвыя адходы”. А яны сёлета будуць значна меншыя, чым у мінулым годзе, бо з бункераў камбайнаў у асноўным сыпалася сухое зерне і дасушваць яго не трэба было, заставалася толькі ачысціць ад прымесяў. Так, што “мінус” па валавому намалоту і збору з гектара ў вазе пасля дапрацоўкі будзе значна менш, мінус у бункернай вазе.

Лепшых вынікаў, нягледзячы на прыродныя катаклізмы, дабіліся тыя гаспадаркі, якія пасеялі збожжавыя ў аптымальныя тэрміны, па добраапрацаванай і ўгноенай глебе.

У сельгаскааператывах “Праўда” і “40 год Кастрычніка”, дзе сабраны самы багаты ўраджай, яго страты ў параўнанні з мінулагоднімі намнога меншыя, чым у большасці іншых гаспадарак: у СВК “40 год Кастрычніка” намалацілі збожжа ў бункернай вазе на 3 працэнты менш, чым у мінулым годзе, а ў СВК “Праўда” — на 6 працэнтаў менш.

Толькі дзвюм гаспадаркам — сельгаскааператывам “Рэдзькі” і “Прыдубровенскі” — удалося сёлета павялічыць валавы намалот збожжа ў параўнанні з мінулагоднім узроўнем адпаведна на 10 і 6 працэнтаў.

Найбольшы недабор збожжа да ўзроўню 2009 года ў сельгаскааператывах “Баброва” — 2102 тоны або 28 працэнтаў, “Каманіна” — адпаведна 1562 тоны і 27 працэнтаў, СВК “Усход-Чырына” (1496 тон і 21 працэнт), КУСГП “Прыдняпроўскі” (1556 тон і 32 працэнты), імя Чарняхоўскага (1401 тона і 27 працэнтаў), “Арловічы” (1062 тоны і 23 працэнты), ААТ “Аграбудскае” (809 тон і 27 працэнтаў).

Разам узятыя гэтыя сем гаспадарак не дадалі да ўзроўню мінулага года амаль 10 тысяч тон зерня.

Самая нізкая аддача збожжавага палетка ў ААТ “Аграбудскае” і КУСГП “Прыдняпроўскі”, дзе ў сярэднім з кожнага гектара намалацілі адпаведна 14,2 і 17,4 цэнтнера зерня. Адна з прычын такой нізкай ураджайнасці — позняя сяўба: у гэтых гаспадарках закончылі сяўбу збожжавых у канцы мая.

Менш, чым па 20 цэнтнераў зерня з гектара сабралі ў сельгаскааператывах “Каманіна” і “Рэдзькі”.

Вось такая арыфметыка сёлетняга жніва. Паўтараем, гэта толькі папярэднія вынікі. Да гэтага трэба дадаць, што дзесяць камбайнавых экіпажаў раёна намалацілі за сезон больш 1000 тон зерня.

Найбольшую колькасць збожжа намалаціў малады камбайнер з СВК “Баброва” Юрый Кураедаў — 1278 тон.

Лепшым сярод вадзіцеляў на перавозцы збожжа з’яўляецца Аляксандр Аляксандравіч Бацян з СВК “40 год Кастрычніка”, які на аўтамабілі МАЗ-5551 з прычэпам перавёз 2533 тоны збожжа.

Андрэй КВІР

На здымку: старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Іванавіч Рубанцаў уручае майку і кепку з эмблемай Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай лепшаму камбайнеру КУСГП “Зарубы” Андрэю Васільевічу Галубцову, які за сезон на камбайне КЗС-1218 намалаціў 1112 тон збожжа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *