На жніве дробязей не бывае

У збожжаўборачным ланцугу дробязей не бывае. Каб атрымаць выдатны вынік, трэба дбайна працаваць і на этапе жніва, і на этапе дапрацоўкі зерня, які займае ў гэтым годзе асаблівае месца. Збожжасушыльныя комплексы сельгаспрадпрыемстваў працуюць на поўную моц. Сярод лепшых вызначыліся машыністы збожжасушыльнага комплексу ААТ «Якубава-Агра» Юрый Кіўкін і Рыгор Свіцін.
Як сцвярджаюць машыністы мехтока, разам яны працуюць не адзін год. Асабіста Юрый Кіўкін дапрацоўвае зерне ўжо 15 сезон: пачынаў яшчэ на польскай устаноўцы М-819 , а з 2012 года — на сушыльным агрэгаце КЗС-ЗО Г.
Юрый Аляксеевіч адзначае, што галоўнае — гэта уважпіва назіраць за тым, ці дакладна вытрымліваюцца параметры хуткасці, вільготнасці і тэмпературы для дапрацоўкі зерня згодна з яго прызначэннем. Таму што для фуражнага зерня — гэта адна лічба, для насення — другая.
—Зараз зерне прыходзіць з палёў з вільготнасцю каля 18-24%. У залежнасці ад таго, куды яно пойдзе далей, задаюцца параметры дапрацоўкі. Напрыклад, мінімальная вільготнасць павінна быць не ніжэй за 14%. У нас ёсць апарат, якім мы можам праверыць якасць дапрацаванага зерня, — тлумачыў Юрый Кіўкін.
Адзін цыкл займае ад 4 да 6 гадзін, у залежнасці ад пачатковай вільготнасці. З пачатку жніва ў ААТ «Якубава-Агра» дапрацавана ўжо 1100 т зерня.

Юрый Кіўкін звычайна працуе ў сельгаспрадпрыемстве аграномам, Рыгор Свіцін — жывёлаводам. Але на гарачы час жніва яны змяняюць звыклы занятак на кругласутачныя клопаты.
Да таго ж Юрый Кіўкін з’яўляецца прафсаюзным лідарам прадпрыемства. Ён адзначае, што з боку прафсаюзаў пытанняў па арганізацыі жніва ў гаспадарцы няма: механізатары забяспечаны спецадзеннем, гарачым абедам і падвячоркам. Таму і працуецца легка і зарплата чакаецца добрая.
Дарэчы, калі мы развіталіся з працаўнікамі ААТ «Якубава-Агра» і рушылі дадому, то атрымалі прыклад таго, як арганізавана снеданне механізатараў на жніве ў СГФ імя.Ю.Смірнова. На ўскрайку поля Таццяна Кучынская, буфетчыца прадпрыемства, адпускала абед вадзіцелю Івану Зайцаву.

Алена КАРСАКОВА.