Дубровенские аграрии занесены на областную Доску почета

Урэшце нябёсы злітаваліся над земляробамі і падаравалі некалькі дзён запар добрага надвор’я. І аграрыі Дубровеншчыны не ўпусцілі магчымасць як мага больш зрабіць на палетках: убраць збожжа, падрыхтаваць глебу
для азімага сева, прыгледзець на сцелішчах лён.Па стане на 27 жніўня, у Дубровенскім раёне засталося ўбраць менш за 5% плошчаў.
Выцераблена лёну 98,6%. Узарана 33,5% плошчаў пад азімы сеў. Пасеяна 83% азімых крыжакветных.
Працаўнікі ААТ «Якубава-Агра» падыйшлі к фінішу жніва з яскравымі працоўнымі перамогамі. У мінулую пятніцу стала вядома, што механізатар Сяргей Глушакоў першым сярод камбайнёраў раёна намалаціў паўтары тысячы тон зерня. А вадзіцель Аляксандр Бацян перавёз чатыры тысячы тон збожжа.
Для Сяргея Глушакова — гэта першая такая перамога за 13 сезонаў жніва. Але ён лічыць, што поспех заканамерны, таму што на вынік працавала ўся сям’я: жонка Марына — брыгадзір-раслінавод, дапамагаў бацьку і дваццацігадовы сын Дзмітрый.

Аляксандр Бацян адзначыў, што за 32 жніва былі ў яго працоўнай біяграфіі і больш значныя лічбы, але гэтае жніво стала вельмі неспрыяльным па надвор’і, таму і вынік больш чаканы і ганаровы.
Граматы і грашовыя прэміі працаўнікам ўручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Малянкоў.
Працаўнікі адзначылі, што пакуль стаіць надвор’е, адпачываць няма часу. Сяргей Глушакоў рыхтуе камбайн для жніва рапса, а Аляксандр Бацян перасеў з МАЗа на трактар, каб прэсаваць лён.
Дарэчы, адразу тры дубровенцы — кіроўца Аляксандр Бацян (ААТ «Якубава-Агра»), малады кіроўца Аляксандр Варанкоў (ААТ «Прыдубровенскае») і малады камбайнер Юрый Кураедаў (ААТ «Баброва-Агра») па выніках мінулага тыдня занесены на абласную Дошку гонару лідараў жніва. Віншуем і жадаем так трымаць!