Благодарные дубровенцы поздравили ветеранов Великой Отечественной войны

Дубровно, ветеран, Дубровенский район, Рыленки, Великая отечественная война, праздник, солдат, Победа

Штогод прымаючы ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню Вялікай Перамогі, вызваленню раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адчуваю душэўнае хваляванне. Асабліва, калі гляджу на людзей, якія мелі непасрэднае дачыненне да тых дзён, здабылі ў баях нашу свабоду, адстаялі мір на зямлі. Заўсёды з сумам прыкмячаю, што радзеюць рады ветэранаў і ўдзельнікаў вайны. Вось і сёлета сярод тых, хто прыйшоў на свята ў раённы Дом культуры, не ўбачыла некалькіх знаёмых твараў. Час бярэ сваё, людзі ўходзяць, пакідаючы аб сабе светлую памяць.

Слова Савету ветэранаў

—На сённяшні дзень у райцэнтры пражываюць 14 удзельнікаў вайны, 7 інвалідаў, — гаворыць старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Раіса Сяргееўна Стальчанка. — А ўсяго ў раёне жывуць 37 франтавікоў, 4 размінёры і 11 чалавек, узнагароджаных медалямі «За доблестный труд в годы Великой Отечественной войны». Усе яны акружаны ўвагай і клопатам з боку раённай улады, грамадскіх арганізацый, блізкіх і родных.

Так, па выніках абследавання матэрыяльна-бытавых умоў пражывання, з пачатку 2011 года аказана дапамога ў рамонце жылля 6 ветэранам вайны. Вызначаны меры па аказанню гэтым людзям медыцынскай дапамогі, узмацненню бяспекі пражывання, аказання ім шэфскай дапамогі.

—Не меншае значэнне для людзей, якія прайшлі вайну, мае звычайная чалавечая ўвага, — працягвае Раіса Сяргееўна Стальчанка. — Многім з іх нічога ў жыцці не патрэбна, акрамя таго, каб пра іх памяталі. І мы іх не забываем. Вось нядаўна ўдзельнік ваенных падзей Канстанцін Апанасавіч Лукашоў адзначаў свой юбілейны дзень нараджэння. Мы сабраліся ў яго дома, прыйшлі да ветэрана разам з намі і супрацоўнікі райспажыўтаварыства, дзе гэты чалавек адпрацаваў шмат гадоў. Прыйшлі з кветкамі, падарункамі. Але не падарункі расчулілі чалавека, а ўвага да яго, вы б бачылі як свяціўся твар Канстанціна Апанасавіча, як ззялі яго вочы.

Дубровно, ветеран, Дубровенский район, Рыленки, Великая отечественная война, праздник, солдат, Победа

А я магу толькі ўявіць гэта сабе. Бо ўбачыла Канстанціна Апанасавіча на ўрачыстым мерапрыемстве ў Доме культуры ў касцюме, з узнагародамі на грудзях, ён разам з ветэранам вайны Фёдарам Андрэевічам Сулімавым прыйшлі на галоўнае ў сваім жыцці свята. У гэты дзень яны нібы скінулі з сябе цяжар узросту. Як, дарэчы, і Сямён Уладзіміравіч Зубкоў, якому сёлета неўзабаве споўніцца 90 гадоў. Ён сабраў усе свае сілы і прыйшоў на свята сам. Як 88-гадовая Вольга Іванаўна Сінякова з вуліцы Чырвонаармейская і яе сяброўка, удзельніца вайны Ганна Філімонаўна Андрэева, якая пражывае па вуліцы імя Лапанькова ў горадзе Дуброўна, якія сцвярджалі аднагалосна, што пакуль будуць сілы, будуць адзначаць гэтае самае галоўнае для іх свята.

Прывезла на святочную вечарыну сваіх ветэранаў і ўдзельнікаў вайны старшыня Асінторфскай пярвічнай арганізацыі Ніна Пятроўна Міхальчанка. Ветэранаў суправаджаў і старшыня Асінторфскага сельскага Савета Сяргей Мікалаевіч Шаранда. Ветэраны былі запрошаны ў ганаровы прэзідыум сходу, іх віталі стоячы ўсе ўдзельнікі святочнай вечарыны.

Так і павінна быць. Мы, хто нарадзіўся і вырас пад мірным небам, у бясконцым і неаплатным даўгу перад тымі, хто не шкадуючы сябе, ахвяраваў жыццём, паклаў яго на алтар Перамогі.

Кошт Перамогі

Больш за 20 мільёнаў жыццяў было аддадзена за наша сённяшняе мірнае жыццё.

Дубровеншчына заплаціла за Перамогу высокую цану. Праз месяц пасля аб’яўлення вайны, тут на Дняпроўскім рубяжы ў акружэнні біліся з ворагам воіны 18-й Казанскай, 1-й Маскоўскай Пралетарскай, 73-й і 233-й стралковых дывізій 20-й арміі. Шмат воінаў палягло, многія нават засталіся безымяннымі.

Больш за 10 тысяч дубровенцаў пайшлі на фронт, палавіну з іх не дачакаліся іх родныя і блізкія. Пяцярым сынам зямлі дубровенскай было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза.

9 месяцаў на тэрыторыі раёна стаяў фронт, крывавая бойня забрала тысячы жыццяў слаўных сыноў і дачок Айчыны. З кастрычніка 1943 года па 26 чэрвеня 1944 года працягвалася супрацьстаянне, у якім савецкі салдат выстаяў і перамог, пагнаў лютага ворага ў яго логава — і там поўнасцю разбіў яго.

У раёне свята ўмацоўваецца памяць аб яго абаронцах і вызваліцелях. Яна — у дагледжаных брацкіх пахаваннях, мемарыяльных плітах, пошукавай рабоце, якая ні на хвіліну не спыняецца, па ўстанаўленню новых імён, дасюль невядомых, хто аддаў свае жыцці за сённяшні мірны дзень нашага краю. У 2010 годзе, напрыклад, раённы савет ветэранаў устанавіў 2200 раней невядомых імён загінуўшых.

Дубровно, ветеран, Дубровенский район, Рыленки, Великая отечественная война, праздник, солдат, Победа

У святочнай вечарыне, прысвечанай 66-й гадавіне Вялікай Перамогі, прынялі ўдзел кіраўнікі раёна, працоўных калектываў, грамадскасць горада і сяла. Для ветэранаў вайны ў зале былі адведзены самыя пачэсныя месцы. Іх віталі старшыня раённага выканаўчага камітэта А.І.Лукашоў, старшыня ветэранскай арганізацыі Р.С.Стальчанка, ад імя моладзі да ветэранаў звярнуўся член пярвічнай арганізацыі БРСМ сярэдняй школы № 1 горада Дуброўна Андрэй Крыжэвіч.

Госці вялікага свята

Напярэдадні свята ў раён прыехаў госць з Украіны (Палтава) Анатоль Віктаравіч Званароў, на сродкі якога была ўзведзена і адкрыта напярэдадні свята Вялікай Перамогі капліца, яна размешчана на ўваходзе на мемарыяльны комплекс “Рыленкі”.

Вось што сказаў Анатоль Віктаравіч:

—Больш за 60 гадоў я шукаў месца пахавання свайго дзядзькі Мікалая Данілавіча Серыкава, які ў гады вайны прапаў без вестак. У выніку карпатлівай працы ў Падольскім архіве Вялікай Айчыннай вайны і ў Ленінградскім архіве медыцынскіх дакументаў былі выяўлены яго сляды: мой дзядзька лейтэнант Мікалай Данілавіч Серыкаў быў паранены і накіраваны ў 269-ы медсанбат 251-й стралковай дывізіі. Па схеме, якую я знайшоў у архіве, мне стала вядома, што медсанбат знаходзіўся ў Дубровенскім раёне. Я не ведаю дакладна, ці пакоіцца прах дарагога мне родзіча ў брацкім пахаванні “Рыленкі”, аднак усё ж лічу Рыленкі яго месцам апошняга прытулку. Я прымацаваў таблічку з надпісам “Н.Д.Серыкаў” на адну са стэл побач з іншымі прозвішчамі загінуўшых воінаў, за свае сродкі вырабіў помнік медсанбату, які днём і ноччу ратаваў параненых байцоў. Помнік устаноўлены на мемарыяльным комплексе “Рыленкі”. Я быў глыбока ўзрушаны, калі пабываў у Рыленках і ўбачыў, як свята берагуць людзі і мясцовая ўлада памяць аб загінуўшых, і вырашыў зрабіць працяг сваёй дабрачыннай дзейнасці — узвесці за ўласныя сродкі невялікую капліцу на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу. У ёй будуць праходзіць службы па загінуўшых, удзячныя нашчадкі змогуць зайсці сюды і паставіць свечку, памаліцца за мёртвых і жывых. Гэта па-хрысціянскі правільна. Я шчаслівы, што на схіле гадоў Бог даў мне сілы і натхніў на такую справу, што яна з вашай дапамогай рэалізавана.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Іванавіч Лукашоў сардэчна падзякаваў Анатолю Віктаравічу Званарову за яго дабрачынную дзейнасць і пад апладысменты прысутных уручыў яму Ганаровую грамату райвыканкама.

Дарэчы, сёлета, як заўсёды, на святкаванне Дня Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў раён прыехалі шмат гасцей. Разам з Анатолем Віктаравічам Званаровым з Палтавы прыехаў Віталій Анатольевіч Званароў, з Масквы — Андрэй Анатольевіч Букаў, Галіна Васільеўна Будкова, з Адэсы — Сяргей Дзямідавіч Ацякоўскі, з горада Крамянчуг Пастаўскай вобласці — Алена Андрэеўна Зайцава і Даніла Георгіевіч Зайцаў, з Варонежскай вобласці — Аляксандра Пракоф’еўна Будкова. У мерапрыемствах прыняла ўдзел сямідзесяціпяцігадовая Ала Фадзееўна Пятрова з Палтавы, якая была даверанай асобай Анатолія Віктаравіча Званарова і доўгі час знаходзілася ў нашым раёне, кіравала ўсімі работамі па ўзвядзенню капліцы ў Рыленках, пачынаючы ад вырабу праекта і заканчваючы работамі па добраўпарадкаванню вакол узведзенай капліцы.

У райцэнтры

У дзень святкавання 66-й гадавіны Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў райцэнтры адбылося ўрачыстае шэсце па вуліцах горада і ўскладанне кветак да стэлы ў гонар воінаў дывізіі, якія вызвалялі наш горад у чэрвені 1944 года, да падножжа помнікаў У.І.Леніну і Героя Савецкага Саюза Ганны Нікандравай з удзелам ветэранаў і прадстаўнікоў працоўных калектываў.

Дубровно, ветеран, Дубровенский район, Рыленки, Великая отечественная война, праздник, солдат, Победа

У Рыленках

На мемарыяльным комплексе ў Рыленках адбыўся жалобны мітынг-рэквіем у памяць усіх абаронцаў, якія вызвалялі наш раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На мітынгу выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Віктараўна Ціханава, першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Марыя Валер’еўна Мендзелева, ганаровы грамадзянін горада Дуброўна Мікалай Васільевіч Мартынаў і шматлікія госці свята.

Удзельнікі мітынгу-рэквіему, родныя загінуўшых, шматлікія госці пасля ўскладання кветак і гірлянд славы да падножжа мемарыяла “Рыленкі” прынялі ўдзел у памінальнай службе, якая адбылася ў капліцы ў гонар іконы Аўгустоўскай Божай маці, па воінах, загінуўшых пры вызваленні Дубровенскага раёна.

Дзень Перамогі — гэта памяць аб тых, хто ўжо ніколі не прыйдзе і не ўбачыць, як свята шануюць унукі і праўнукі Подзвіг воіна-пераможцы, здзейснены ім дзеля міру на зямлі. Гавораць, што душа чалавека не памірае, яна пасля яго смерці ўсяляецца ў новыя жыцці новых пакаленняў. Калі гэта так, то сёння мы разам з табой, Воін-герой. Сваёй памяццю, удзячнасцю мы будуем моцную і квітнеючую Беларусь, за якую ты аддаў сваё жыццё.

Лідзія ЧАПЯЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *