Зачем нам нужен автономный пожарный извещатель?

Дубровно,МЧС, пожарный извещатель, спасатель, пожар

Нядаўна ў паведамленнях расійскіх сродкаў масавай інфармацыі прагучала інфармацыя аб пажары ў многакватэрным доме ў горадзе Самара. Як сведчыць інфармацыя, пажар узнік на першым паверсе ў складскім памяшканні аднаго з магазінаў. Прычынай узгарання стала замыканне электраправодкі. У пажары пацярпелі людзі, ёсць загінуўшыя.

Служба выратавання настойліва прапануе людзям устанаўліваць у сваіх кватэрах пажарныя апавяшчальнікі, якія могуць папярэдзіць чалавека аб пажаранебяспечнай сітуацыі. Гэтай тэме прысвечана інтэрв’ю карэспандэнта райгазеты з інспектарам інспекцыі Дзяржпажнагляду Дубровенскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях лейтэнантам унутранай службы Максімам КАРСАКОВЫМ.

МК—Як сведчыць статыстыка, — гаворыць Максім Сяргеевіч Карсакоў, — найбольш распаўсюджанымі прычынамі ўзнікнення пажараў з’яўляюцца неасцярожнае карыстанне агнём пры курэнні, няспраўнасць пячнога ацяплення і электраабсталявання. Мы раім насельніцтву ўстанаўліваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, аднак не ўсе людзі прыслухоўваюцца да нашых парад, не хочуць разумець, што ўстаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік пры задымленні памяшкання падае сігнал трывогі. Нават калі гаспадара няма ў кватэры або хаце, то сігнал пачуюць суседзі і паведамяць у пажарную службу і такім чынам папярэдзяць трагедыю, недапусцяць чалавечых ахвяр, звядуць да мінімуму ўрон, нанесены маёмасці.

У мінулым годзе па рэспубліцы зафіксаваны 104 факты, калі пажар быў папярэджаны дзякуючы станоўчаму спрацоўванню аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. У выніку былі выратаваны жыцці 152 чалавек, сярод якіх — 31 дзіця. А за перыяд з 2002 па 2010 гады па рэспубліцы колькасць выратаваных жыццяў з дапамогай аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў склала 1403 чалавекі.

ЛЧ—У гэтай сітуацыі мелі месца факты выратавання жыццяў людзям Віцебскай вобласці?

МК—Такія факты, калі аўтаномны пажарны апавяшчальнік папярэдзіў бяду, маюць месца і ў нашай вобласці. У 2010 годзе зарэгістравана 9 станоўчых спрацоўванняў аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, у выніку выратавана 15 чалавек. За перыяд з 2002 па 2010 гады такім чынам было выратавана 56 чалавек. Напрыклад, 15 чэрвеня 2010 года ў другой гадзіне ночы ўзнік пажар у чатырохкватэрным жылым доме грамадзяніна Кавалёва, які пражываў у г.Барань Аршанскага раёна. Сігнал апавяшчальніка пачула суседка Раіса Старасельская, якая пазваніла на УОУ Аршанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях па тэлефону 101 і разбудзіла жыхароў іншых кватэр, выйшла на вуліцу. Работнікі міжведамаснай аховы, якія праязджалі каля дому, убачыўшы дым, пачалі дапамагаць жыхарам у эвакуацыі з дома. Людзі былі эвакуіраваны своечасова. Віноўніка пажару, на жаль, выратаваць не ўдалося. Ён памёр на месцы здарэння. Прычынай узгарання стала неасцярожнае абыходжанне з агнём самога пацярпелага.

ЛЧ—Максім Сяргеевіч, магчыма, нехта з нашых чытачоў, прачытаўшы гэту інфармацыю, задумаецца над тым, каб набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік і ўстанавіць яго ў сваёй кватэры. Якія парады па яго эксплуатацыі вы можаце даць?

МК—Набываючы аўтаномны пажарны апавяшчальнік, трэба ўважліва прачытаць інструкцыю па яго прымяненню.

Пажарны апавяшчальнік трэба ўстанаўліваць у жылых памяшканнях, лепш за ўсё на гарызантальнай паверхні столі на адлегласці не менш 1 метра ад печы і 0,5 метра — ад сцяны.

Сігнал дыёда чырвонага колеру (ён мігае), які размешчаны на корпусе аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, сведчыць аб тым, што ён спраўны і знаходзіцца ў дзяжурным рэжыме работы. Падача перарывістага кароткага гукавога сігнала (кожныя 30 секунд) сведчыць аб тым, што неабходна замяніць элемент сілкавання. Замяніць элемент сілкавання можна самому, ці звярнуцца за дапамогай у сельвыканкам або ў бліжэйшае падраздзяленне аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Абслугоўванне аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка праводзіцца ў адпаведнасці з тэхнічнай дакументацыяй на яго. Раз у месяц АПА неабходна ачышчаць ад пылу.

ЛЧ—Максім Сяргеевіч, не раз даводзілася чуць ад відавочцаў крыху кур’ёзную інфармацыю: гаспадар закурыў у памяшканні цыгарэту, аўтаномны пажарны апавяшчальнік тут жа адрэагаваў на задымленне.

МК—Напэўна, гаспадар выкурыў у тым пакоі не адну цыгарэту. Пры задымленні памяшкання домаўладальніку трэба ліквідаваць яго крыніцу. Для таго, каб спыніць падачу гукавога сігнала АПА, трэба праветрыць памяшканне.

ЛЧ—Скажыце, калі ласка, ці існуюць якія-небудзь забароны пры карыстанні аўтаномным пажарным апавяшчальнікам.

МК—Іх некалькі. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік нельга самастойна разбіраць, падключаць да крыніцы сілкавання 220В, яго нельга фарбаваць, наносіць на яго пабелку, заклейваць шпалерамі, перамяшчаць з аднаго месца на іншае без узгаднення з мясцовымі органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду. Дазваляецца толькі самастойна мяняць элементы сілкавання.

ЛЧ—Дзе можна набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік?

МК—Зараз аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ёсць у продажы ў магазінах раённага спажывецкага таварыства. Кошт іх невялікі, затое гарантыя вашай бяспекі стопрацэнтная.

Лідзія ЧАПЯЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *