В Дубровно приедут «Дубравушки» из 8 стран

Дубровно, Дубравушка, кукла. символ, международный фестиваль песни и музки Дняпроўскія галасы Днепровские голоса

Ужо стала традыцыяй незадоўга да дня правядзення Міжнароднага фестывалю песні і музыкі Падняпроўя “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” аб’яўляць конкурс-выставу лялек ручной работы. Усе лялькі маюць назву “Дубравушка”. Яны павінны быць выраблены з самых розных матэрыялаў: тканіны, гліны, саломкі, нітак і г.д. і апрануты ў адпаведнасці з мясцовымі нацыянальнымі строямі.

Як паказаў час, жыхарам нашага раёна спадабалася прапанова, і яны актыўна прымаюць удзел у конкурсе.

ТМ—Вырабленыя рукамі майстравых людзей лялькі “Дубравушка”, якія занялі прызавыя месцы, зараз захоўваюцца ў нас, — гаворыць дырэктар рабочай групы па стварэнню музея Таццяна Леанідаўна Марачова, — Іх аўтары за работу атрымалі каштоўныя прызы. Зараз экспанатамі музея з’яўляюцца больш за 40 лялек “Дубравушка”, аўтарамі іх былі людзі розных узростаў і прафесій і аднаго агульнага захаплення — ствараць прыгажосць вакол сябе.

ЛЧ—Каму належыць ідэя стварэння лялькі “Дубравушка”, Таццяна Леанідаўна?

ТМ—Ідэю падалі Клаўдзія Рыгораўна Гарэлікава і Зоя Пятроўна Сімуціна, больш таго, яны самі першымі прадставілі на конкурс свае работы. І штогод, як толькі аб’яўляецца конкурс, гэтыя жанчыны прымаюць у ім удзел і ствараюць сапраўдныя шэдэўры ручной работы. Напрыклад, Клаўдзія Рыгораўна летась на суд журы прадставіла цэлы “карагод Дубравушак”; усе яны знаходзяцца ў нашай агульнай калекцыі.

ЛЧ—Вы дорыце іх каму-небудзь?

ТМ—Ні ў якім разе. Хаця спачатку была задумка дарыць лялькі “Дубравушка” гасцям. Іх выраб нават быў пастаўлены “на паток”. Потым мы перадумалі і вырашылі дарыць гасцям лялькі, вырабленыя з лёну, паколькі наш раён славіцца вырошчваннем “паўночнага шоўку”.

Прадастаўленыя на конкурс “Дубравушкі” ацэньвае журы, якое выбірае лепшых. Іх уладальнік атрымлівае каштоўны падарунак, а наш музей, каштоўны экспанат ручной работы. Усім калектывам, удзельнікам нашага фэсту мы загадзя прапануем вырабіць і прывезці на конкурс сваю ляльку.

ЛЧ—І што, прывозяць?

ТМ—А як жа, і прывозяць, і каштоўныя прызы атрымліваюць. Вось бачыце, гэта лялька была прывезена з Лёзна, а гэта з Расіі…

ЛЧ—І колькі, Таццяна Леанідаўна, у вас на сённяшні дзень сабралася лялек “Дубравушка”? Бачу, што тут іх не адзін карагод…

ТМ—Больш за 40. Спадзяюся, што хутка да іх далучыцца яшчэ дзесятак-паўтара, паколькі пасля аб’яўлення конкурсу, мы атрымалі каля 40 заявак на ўдзел у ім. Заяўкі былі як калектыўныя, так і індывідуальныя.

ЛЧ—Сярод выстаўленай калекцыі лялек “Дубравушка” ў вочы кідаецца вось гэтая: самая высокая і ўбранне на ёй наша, беларускае.

ТМ—Не проста беларускае, вопратка адпавядае нашаму дубровенскому строю. Пашыць такое адзенне няпроста, трэба добра ведаць гісторыю нашага краю, культуру і традыцыі продкаў.

КЛ—Гэту ляльку, у парадку выключэння, мы падорым на фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” самаму заслужанаму і пастаяннаму яго ўдзельніку — калектыву Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, — уключаецца ў размову начальнік аддзела культуры райвыканкама Кацярына Пятроўна Лабука. — Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Г.І.Цітовіча прыедзе на наш фэст у сямнаццаты раз.

ЛЧ—Маючы такую багатую калекцыю лялек “Дубравушка”, Кацярына Пятроўна, напэўна, трэба часцей выстаўляць іх на паказ, арганізоўваць іх “падарожжы” па прыдзвінскаму краю.

КЛ—Абавязкова. У сябе мы выставы “Дубравушак” арганізоўвалі. Зараз плануем павазіць лялек па вобласці. Ужо маем некалькі заявак на арганізацыю перасоўнай выставы ў раёнах Віцебшчыны. Чаму б не пахваліцца справамі рук нашых народных умельцаў!

Доўгі час сімвалам Міжнароднага фестывалю песні і музыкі Падняпроўя “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” быў салавей, які ў гэтыя дні разам з нашым фэстам спраўляе сваё паўналецце. Цяпер у дняпроўскага салаўя паявілася сяброўка — лялька “Дубравушка”, якая таксама становіцца фестывальным брэндам.

Няхай ніколі не згасае крыніца творчасці талентаў Дубровеншчыны, з-пад рук якіх выходзяць такія брэнды!

Лідзія ЧАПЯЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *