Дубровенские коровы отправились на «зимние квартиры»

Дубровно, зима, ферма, корова, крупный рогатый скот, пастбища. корм

Сёлетняя восень выдалася на рэдкасць цёплай, што спрыяе не толькі паспяховаму завяршэнню ўборкі ўраджаю, але і дазволіла падоўжыць перыяд выпасу для буйной рагатай жывёлы. І хоць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання настойліва рэкамендавала да 1 кастрычніка перавесці кароў і цялушак на зімовыя кватэры, але ў шэрагу гаспадарак яшчэ ў пачатку другой дэкады кастрычніка дойныя статкі ўтрымліваліся на пашы, прычым не ва ўрон прадуктыўнасці жывёлы.

У ААТ “Праўда-С”, напрыклад, 10 кастрычніка ўсе пяць дойных статкаў пасвіліся на атаве канюшыны. Сюды ж, на пашу, жывёле завозіліся карняплоды. Сутачны надой на карову тут у той дзень быў самы высокі ў раёне 12,1 кілаграма, на 1,8 кілаграма больш, чым у гэты час летась, калі жывёла была ўжо на стойлавым утрыманні.

—У ААТ “Праўда-С” усё гатова да пераводу статкаў на стойлавае ўтрыманне: памяшканні адрамантаваны, створаны трывалы запас кармоў на зіму. І як толькі надвор’е пагоршыцца, тут на працягу аднаго дня гатовы перавесці жывёлу ў памяшканні, —так пракаменціраваў сітуацыю першы намеснік начальніка райсельгасупраўлення па жывёлагадоўлі Аляксандр Васільевіч Карнееў.

Таксама ён паведаміў, што па стану на 10 кастрычніка большасць дойных статкаў у гаспадарках раёна ўжо былі пераведзены на стойлавае ўтрыманне. Прадуктыўнасць малочных статкаў у большасці гаспадарак вышэйшая, чым у гэты перыяд летась. У цэлым па раёне надоі вышэйшыя за леташнія на 5-7 працэнтаў, або на 4-5 тон.

11 кастрычніка рэзка пахаладала і дойныя статкі ў ААТ “Праўда-С” і іншых гаспадарках былі пераведзены на стойлавае ўтрыманне.

Аляксандр Васільевіч Карнееў паведаміў, што сёлета, як ніколі раней, створаны трывалы запас кармоў на зіму. На ўмоўную галаву жывёлы ўжо назапашана звыш 31 цэнтнера кармавых адзінак. Нарыхтоўка кармоў працягваецца. Па стану на 13 кастрычніка на 400 гектарах, або на 8 працэнтах плошчаў, была не ўбрана кукуруза і на 127 гектарах, або на палавіне плошчаў, — карняплоды.

Асабліва парадавала добрым ураджаем кукуруза: з кожнага гектара атрымліваецца ў сярэднім 380 цэнтнераў кармавой масы. Такога багатага ўраджаю “каралева палёў” у нашым раёне не давала ніколі. Чакаецца, што толькі кукурузнага сіласу будзе нарыхтавана каля 150 тысяч тон, што ў 1,5 раза больш, чым запланавана. Акрамя таго, у траншэях захоўваецца 106 тысяч тон сенажу. Створаны паўтарагадовы запас кармоў. У некаторых гаспадарках (ААТ “Рэдзькі”, КУСГП “Арловічы”) ужо сёння на ўмоўную галаву жывёлы маецца па 42-46 цэнтнераў кармавых адзінак (без уліку канцэнтратаў). А гэта ўдвая больш, чым па норме.

—Запас бяды не чыніць, — гаворыць Аляксандр Карнееў. — Ужо сёння ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама тэлефануюць з гаспадарак Брэстчыны з просьбай прадаць лішкі кармоў. Акрамя таго, сянаж і сілас патрэбны для кармлення жывёлы не толькі зімой, але і летам.

—Надоі і прывагі залежаць не толькі ад колькасці, але і якасці кармоў?

—Пакуль заключэнне Віцебскай ветэрынарнай акадэміі аб якасці нарыхтаваных кармоў мы не атрымалі, — гаворыць Аляксандр Карнееў. — Але і так відавочна, што сёлета кукурузны сілас будзе мець добрую спажыўную каштоўнасць. А, значыць, маем добры малакагонны корм, які будзе спрыяць павышэнню прадуктыўнасці жывёлы.

—Жывёлагадоўчыя памяшканні гатовы да зімоўкі?

—У асноўным гатовы. Праўда, з-за фінансавых праблем у краіне, ў шэрагу гаспадарак узніклі пэўныя праблемы з уводам у эксплуатацыю памяшканняў, у якіх праводзіцца рэканструкцыя. Напрыклад, ААТ “Прыдубровенскае” разлічвала атрымаць ільготны крэдыт для закупкі тэхналагічнага абсталявання для новага кароўніка, будаўніцтва якога тут разлічвалі закончыць сёлета. Але крэдыт гаспадарка не атрымала. Тым не менш, за мінулае лета ў гэтым плане ў многіх сельгаспрадпрыемствах праведзена вялікая работа. Напрыклад, у СВФ імя Ю.Смірнова адрамантавана памяшканне, якое пуставала на лабаноўскай ферме, дзе цяпер утрымліваецца маладняк буйной рагатай жывёлы. Акрамя таго, вядзецца рэканструкцыя памяшканняў на мардашэўскай ферме. У ААТ “Каманіна” аблегчана праца аператараў машыннага даення кароў на каўроўскай ферме, дзе зманціраваны малакаправод, вядзецца рамонт малочнага блока. Завяршаюцца работы па ўводу ў эксплуатацыю памяшкання для ўтрымання цялушак на бельскай ферме КУСГП “Арловічы”. Пэўны аб’ём работ па аднаўленню старых памяшканняў выкананы ў ААТ “Рэдзькі”, “Баброва-Агра”, КУСГП “Прыдняпроўскі”.

Завяршэнне будаўніцтва памяшканняў, жалезабетонныя каркасы якіх былі ўзведзены яшчэ ў 1990 годзе, і рэканструкцыя старых памяшканняў прадыктавана самім жыццём: сёлета на фермах раёна колькасць буйной рагатай жывёлы павялічылася на 2 тысячы галоў. Вось гэтай жывёле і патрэбны памяшканні.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *