Дубровенские историки установили более 39000 имен военнослужащих, погибших на территории нашего района

Дубровно_Поиск
Пры сустрэчы гэтых людзей галоўнай тэмай іх размовы з’яўляецца пытанне ўвекавечвання памяці загінуўшых і ахвяр фашызму ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і шматлікіх узброеных канфліктаў.

Член прэзідыума абласной ветэранскай арганізацыі Міхаіл Аляксандравіч Ляшчынскі і адказны сакратар раённай ветэранскай арганізацыі Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў вядуць работу па ўстанаўленню імён загінуўшых, якія вызвалялі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Віцебскую вобласць і Дубровенскі раён, у прыватнасці.

Міхаіл Аляксандравіч Ляшчынскі ў перыяд, калі займаў пасаду старшыні Дубровенскага райвыканкама, вялікую ўвагу ўдзяляў пошукавай рабоце, якая праводзілася ў нашым раёне членамі камісіі па стварэнню кнігі “Памяць. Дубровенскі раён”, актывістамі раённай ветэранскай арганізацыі. Менавіта ён садзейнічаў наладжванню сувязяў з рознымі ваеннымі архівамі ў Расійскай Федэрацыі, камандзіраваў туды пошукавую групу на чале з адказным сакратаром ветэранскай арганізацыі А.Я.Гаўруцікавым, якія дэталёва вывучалі ўсе архіўныя дакументы, якія паведамлялі аб лёсах воінаў, што вызвалялі наш край ад лютага ворага і навекі засталіся пахаванымі ў дубровенскай зямлі.

Толькі ў Падольскі ваенны архіў у перыяд з 1996 па 2004 гады Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў быў камандзіраваны 4 разы. Дарэчы, дзякуючы ініцыятыве Міхаіла Аляксандравіча, у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь былі адшуканы асобныя экземпляры і зроблены ксеракопіі раённай газеты даваеннага перыяду першых пасляваенных гадоў, якія былі перададзены ў раённы музей.

І Міхаіл Аляксандравіч, і Аляксей Якаўлевіч фанатычна адданыя пошукавай рабоце людзі. Па словах Аляксея Якаўлевіча Гаўруцікава, ён штодзённа па некалькі гадзін свайго вольнага часу праводзіць за камп’ютарам, працуючы ў інтэрнэце і знаёмячыся з выкладзенымі ў ім архіўнымі матэрыяламі ваеннага часу.

Так, Аляксей Якаўлевіч выпісаў з кніг “Памяць” шэрагу абласцей былога Савецкага Саюза і з архіўных матэрыялаў, якія знайшоў у інтэрнэце, каля 20 тысяч прозвішчаў воінаў, з іх 13000 раней не значыліся ў спісах сярод загінуўшых на тэрыторыі Дубровенскага раёна. На 20 тысяч загінуўшых адказны сакратар раённай ветэранскай арганізацыі склаў карткі персанальнага ўліку з удакладненымі біяграфічнымі звесткамі аб загінуўшых.

У выніку такой актыўнай пошукавай работы ўстаноўлены імёны больш за 39000 ваеннаслужачых, загінуўшых на тэрыторыі нашага раёна. Да таго ж, Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў напісаў шэраг артыкулаў аб гісторыі раёна, баявых дзеяннях на яго тэрыторыях, ім складзены пералік часцей і падраздзяленняў, якія вызвалялі наш раён.

Сярод тых, хто дапамагае А.Я.Гаўруцікаву весці пошукавую работу з дапамогай праграмнага забеспячэння, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Павел Васільевіч Серада, які скурпулёзна вывучае ўсе звесткі аб загінуўшых у інтэрнэце, закладзеныя туды Падольскім архівам, звярае іх з банкам дадзеных Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і ў выніку адсутнасці там выяўленых прозвішчаў загінуўшых, перадае іх ва Упраўленне па ўвекавечванню памяці загінуўшых на вайне ў Рэспубліцы Беларусь.

Такім чынам, рэспубліканскі аўтаматызаваны банк дадзеных “Кніга Памяць” Рэспублікі Беларусь за 9 месяцаў цякучага года папоўніўся на 395 чалавек, якія загінулі пры вызваленні Дубровенскага раёна. Хаця, па словах А.Я.Гаўруцікава, такіх прозвішчаў выяўлена каля 3000. Своечасова адправіць іх у Рэспубліканскі аўтаматызаваны банк дадзеных “Кніга Памяць” Рэспублікі Беларусь у актывіста-пошукаўца Паўла Серады не хапае часу, бо работу гэту ён вядзе на грамадскіх пачатках, а па пасадзе абавязаны выконваць свае службовыя абавязкі.

У планах актывістаў-пошукаўцаў А.Я.Гаўруцікава і П.В.Серады на 2012 год — завяршыць работу па ўстанаўленню ўсіх прозвішчаў нашых землякоў, прымаўшых удзел не толькі ў Вялікай Айчыннай вайне, але і іншых ваенных канфліктах (фінская вайна, баі на Халхін-Голе) і загінуўшых (загінулі каля 200 чалавек, устаноўлены імёны 170) і ўвекавечыць іх памяць на мемарыяльных могілках у Дуброўне.

—Для ўвекавечвання памяці гэтых людзей спатрэбяцца сродкі,— гаворыць Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў. — Спадзяюся, што яны будуць зароблены працоўнымі калектывамі ў час правядзення суботнікаў і выкарыстаны на высакародныя мэты. Ніводзін загінуўшы абаронца не павінен быць забыты сваёй Айчынай-маці.
Лідзія ЧАПЯЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *