История Федора Кулакова: «Мой товарищ говорил с Лениным»
Свяшчэнная памяць…
Гэтую тэму — ваенна-патрыятычную, якую палюбіў на ўсё жыццё, я таксама вынес з аршанскай рэдакцыі. Былі там у мяне сустрэчы з вельмі цікавымі людзьмі. Скажам, з аршанцам Г.Ц.Шчарбінскім (1900-1992 гг.), удзельнікам Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.
Самае адметнае ў яго біяграфіі тое, што яму, сыну пільшчыка і прачкі, курсанту 1-й аб’яднанай Крамлёўскай ваеннай школы, у ліку іншых быў давераны пост № 27, даверана ахова кватэры Леніна, і Уладзімір Ільіч зрэдку размаўляў з імі. У 1919 годзе Георгію Шчарбінскаму было даручана камандаваць атрадам асобага прызначэння (ЧОН — часці асобага назначэння) у Горацкім павеце, які прымыкаў да Дубровеншчыны…
Праз усё доўгае жыццё прайшоў Георгій Цярэнцьевіч Шчарбінскі “с огнем большевистским в груди”. Мой нарыс аб ім быў змешчаны у рэспубліканскай газеце “Чырвоная змена” за 16 жніўня 1978 года і ў саюзнай цэнтральнай газеце “Красная звезда” за 28 мая 1983 года.
Абавязкова трэба назваць Яўгена Нікіфаравіча Крашаніннікава (сам сябе і ўсе мы называлі яго Ніканавіч), кадравага ваеннага, які служыў у органах дзяржаўнай бяспекі, затым працаваў на Аршанскім чыгуначным вузле. Там ён прафесійна заняўся даследаваннем аршанскага падполля, якое мела самыя цесныя сувязі з падпольшчыкамі Дубровеншчыны. З 25 снежня 1962 года па 6 студзеня 1965 года Дубровенскага раёна не існавала, яго тэрыторыя была перададзена ў Аршанскі раён, і Я.Крашаніннікаў з поўным правам займаўся тут даследчыцкай справай.
У Оршы мы з ім падрыхтавалі да друку дзесяткі матэрыялаў, некаторыя з іх друкаваліся ў абласной і рэспубліканскай прэсе. Я бываў у Яўгена Ніканавіча дома, ён паказваў свой архіў, які займаў у кватэры цэлы невялікі пакойчык, шмат расказваў пра падполле і лёс падпольшчыкаў. Між іншым, прызнаўся, што да вайны двойчы пераходзіў граніцу тады буржуазнай і недружалюбнай нам Польшчы для выканання пастаўленых перад ім заданняў (якіх — не гаварыў). Яны з жонкай добра спявалі пад гітару, сам Яўген Ніканавіч быў інтэлігентнай асобай з вельмі шырокім кругаглядам.
У мяне захавалася фота актывістаў клуба рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы таго часу, дзе ў ліку шаснаццаці яго членаў знаходзяцца Г.Ц.Шчарбінскі, Я.Н.Крашаніннікаў і Е.С.Углік. Тая самая Ева Сямёнаўна Углік, дзяўчына-камсамолка з Асінторфа, якая разам з маці (і тайком ад меншых дзяцей) праз усю акупацыю бераглі пераходны чырвоны сцяг таго ўчастка торфапрадпрыемства, майстрам якога быў Сямён Углік, ён не вярнуўся з фронту. У свой час я сустракаўся з Евай Сямёнаўнай і расказваў пра ўсё ў “Дняпроўскай праўдзе”.
…А 15 чэрвеня 1978 года ў “ДП” быў змешчаны разгорнуты (на паўтары старонкі) матэрыял Я.Крашаніннікава і Ф.Кулакова “За цябе, родны край” — пра гераічны і трагічны лёс Новатухіньскай падпольнай арганізацыі, якую стварыў і ўзначальваў мясцовы камуніст Васіль Раманавіч Свойнікаў. Усё было напісана строга на дакументальнай аснове, а таму пераканаўча і цікава.
Пазней я пасябраваў з сынам В.Р.Свойнікава — франтавым лётчыкам, даваенным і пасляваенным педагогам Сцяпанам Васільевічам Свойнікавым, і ўжо з ім мы рыхтавалі да друку яго матэрыялы аб роднай вёсцы Новая Тухінь, з якой ён не развітваўся да пераезду (па старасці) да дачкі ў Мінск, пра падзеі ваеннага і мірнага часу на Дубровеншчыне. Сцяпан Васільевіч быў крыштальнай душы чалавек, сяброўствам з ім я даражу і ганаруся. 1 ліпеня 1978 года ў “ДП” № 79 з’явілася яшчэ адна публікацыя Я.Крашаніннікава і Ф.Кулакова “Ішла вайна народная” — пра дзеянні патрыётаў Дубровеншчыны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі. Зноў усё — дакументальна і абгрунтавана. З гэтага ў “Дняпроўскай праўдзе” і пачалося маё ўцягненне і паглыбленне на доўгія гады ў азначаную тэму, у свяшчэнную памяць, якая з такой любоўю захоўваецца і аберагаецца на Дубровеншчыне.
Тады сюды прыязджала шмат удзельнікаў вызвалення раёна, родных і блізкіх загінуўшых тут франтавікоў. Вось што, да прыкладу, было напісана ў старонцы “Веліч подзвігу народа” (“ДП” № 81 за 6 ліпеня 1978 года): “На святкаванне Дня вызвалення я прыязджаю амаль кожны год. І заўсёды дубровенцы сустракаюць мяне з цеплынёй, як блізкага і роднага чалавека. Так і сёлета. Разам з дачкой Людай я ўдзельнічала ва ўрачыстасцях, прысвечаных 34-й гадавіне вызвалення Беларусі і вельмі ўдзячна дубровенцам за іх светлую памяць аб маім сыне”.
Так гаварыла Марыя Фёдараўна Смірнова, маці Героя Савецкага Саюза Юрыя Смірнова, ганаровы грамадзянін Дуброўна.
Падобныя пісьмы, тэлеграмы са словамі ўдзячнасці пастаянна паступалі на адрасы райкама партыі, райсавета ветэранаў, рэдакцыі райгазеты. Паступаюць яны і цяпер, натуральна, у меншай колькасці…
…Мая схільнасць да ваенна-патрыятычнай тэмы, як і да гістарычнай, была заўважана, і сакратар РК КПБ па ідэалогіі І.П.Холадава прапанавала мне сумесна падрыхтаваць разгорнуты матэрыял па гісторыі Дубровеншчыны. Прапанова была прынята, работа закіпела.
З Інай Паўлаўнай мы былі прыкладна аднаго ўзросту, на пасады я заўсёды звяртаў і звяртаю мала ўвагі, таму працавалася нам лёгка і прадуктыўна. Спачатку Іна Паўлаўна заявіла, што будзе рыхтаваць для мяне “чарнавікі”, але я амаль што адразу адмовіўся ад гэтага і сказаў, што дастаткова бу-дзе ўсемагчымых звестак па тэме, якія я і сам таксама буду збіраць. Калі аднойчы са звесткамі (архіўныя дакументы і г.д.) у маёй сааўтаркі крыху застапарылася, але быў нейкі папрок з яе боку ў мой адрас, я прама сказаў: “Іна Паўлаўна, трэба менш амбіцыі і больш амуніцыі”, г. зн. фактуры. Яна пачырванела ад такога нахабства (усё-такі сакратар райкама партыі), але змаўчала і ў далейшым у нас непаразуменняў не ўзнікала…
…З № 127 “ДП” за 27 кастрычніка 1978 года пад рубрыкай “Насустрач 60-годдзю БССР і КПБ” пачалася публікацыя гісторыка-эканамічнага нарыса І.Холадавай і Ф.Кулакова з клішыраваным (маляваным) загалоўкам “Край наш дубровенскі”, які пачынаўся з падзагалоўка “З глыбіні стагоддзяў”. Нарыс друкаваўся па тры калонкі на газетнай паласе (старонцы) у 28 нумарах (127-133, 135-155), на яго паступіла нямала добрых водгукаў. Па заканчэнні публікацыі рэдакцыя і мы, аўтары, падзякавалі чытачам за ўвагу да нашай працы, звярнуліся з просьбай дапоўніць напісанае новымі звесткамі, цікавымі фактамі…
Такой інфармацыі назбіралася шмат. А што з гэтага выйшла, шаноўнае спадарства, вы даведаецеся зусім хутка…
Шаноўныя сябры!
Працяг багатых успамінаў Фёдара Сяргеевіча абавязкова будзе…
А пакуль гісторыю газеты “Дняпроўская праўда” вы можаце прачытаць на нашым сайце (глядзім наверх ) на старонцы “О газете” альбо ў яе раздзеле “История «Днепровки»”. Ці ізноў вам патрэбна прайсці па наступных спасылках…
Поспехаў, даражэнькія!