ТалакаФэст — дубровенскі брэнд яднання

Мы працягваем знаёміць чытачоў з праектамі грамадзянскай ініцыятывы, якія ў гэтым годзе сталі пераможцамі адбору і атрымаюць грашовую падтрымку на рэалізацыю ад асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Не памылімся, калі адзначым, што самай яскравай прэзентацыяй грамадзянскіх ініцыятыў у гэтым годзе стаў праект «Сваташыцы — фестывальная вёска Дубровенскага раёна».
Дубровенцы ведаюць, што ў 2024 годзе ў сузор’і культурных падзей нашага раёна заззяла новая зорка — вясковы фестываль «ТалакаФэст».
— Свята праводзіцца з мэтай умацавання адзінства сельскіх жыхароў, развіцця інфраструктуры аграгарадка і павышэння прэстыжу беларускай вёскі. Бо вёска — падмурак нашай дзяржавы. Па рашэнні арганізатараў, свята стала штогадовым і перайшло ў фармат фестывалю.
Удзельнікамі яго ўжо сталі жыхары Дубровенскага, Талачынскага, Аршанскага, Полацкага раёнаў, Віцебска, Баранавічаў, Мінска. Агульная колькасць удзельнікаў у 2024 годзе склала каля 600 чалавек, у 2025 годзе — больш за 900 чалавек.
«ТалакаФэст» — гэта ўнікальнае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае людзей у духу сяброўства і адзінства, дзе кожны можа знайсці нешта для сябе: ад найсмачнейшых страў на народным кейтэрынгу да маляўнічых феерверкаў.
У атмасферы вясковай утульнасці і гасціннасці ўдзельнікі фестывалю могуць атрымаць асалоду ад разнастайных культурных мерапрыемстваў, майстар-класаў і музычных выступленняў.
«ТалакаФэст» — гэта не проста падзея, гэта магчымасць акунуцца ў атмасферу адзінства і творчасці, пакінуўшы штодзённыя клопаты за межамі фестывалю.
Мерапрыемства праводзіцца за месяц да Дня народнага адзінства і нібы дае пачатак падрыхтоўкі і правядзення гэтага дзяржаўнага свята, — распавяла кіраўнік праекта Вікторыя Храмцова.
Яна падкрэсліла, што ў 2026 годзе спаўняецца 20 гадоў з дня адкрыцця першага аграгарадка ў Дубровенскім раёне. Рэалізацыя праекта «Сваташыцы — фестывальная вёска Дубровенскага раёна» дасць новы імпульс у развіцці інфраструктуры аграгарадка, які стане першым аграгарадком Дубровенскага раёна, якому будзе нададзены статус «Фестывальная вёска», а свята яднання «ТалакаФэст» ужо стала інструментам рэалізацыі інфармацыйна-іміджавай стратэгіі Дубровенскага раёна па развіццю вёскі.

Да кампетэнтнага журы звярнуліся галоўныя сцэнічныя героі свята Свацця, Сват і Талака. Яны падрабязна, з непаўторным гумарам і мясцовым каларытам расказалі, што трэба зрабіць, каб фестываль стаў адметнай рысай гэтага населенага пункту. Яны прадугледзілі кожную дробязь: ад шыльд-указальнікаў да сцэны і арт-аб’ектаў.
— «ТалакаФэст» — галоўная падзея лета ў Сваташыцах. Гэта два дні, калі вёска ператвараецца ў адну вялікую сцэну, а кожны двор — у гасцёўню.
І што самае галоўнае — у нашай вёсцы няма гледачоў! Ты прыехаў — ты ўжо ўдзельнік! Разам смакуем традыцыйная стравы, гуляем у гульнi, а таксама разам, талакой, распальваем вогнiшчы адзінства, і нават праводзім акцыі па добраўпарадкаванні, — адзначылі яны.
Падчас прэзентацыі ўдзельнікі ініцыятыўнай групы расказалі, што месца правядзення свята знаходзіцца ў самым сэрцы аграгарадка, і з дапамогай рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы стане не залежна ад пары года і надвор’я месцам для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, вясковага кемпінга, вечароў адпачынку, чытання кніг на свежым паветры, інфармацыйных сустрэч з насельніцтвам і гэтак далей.
Алена КАРСАКОВА.
