В Дубровенском музее открылась выставка
У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі 16 верасня пачала работу выстава, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі «Орша: барацьба за Перамогу». Экспазіцыя падрыхтавана і прадастаўлена супрацоўнікамі ваенна-гістарычнага музея імя Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Яна ўяўляе сабой некалькі фотапанэляў, на якіх размешчана інфармацыя з дакументальнымі здымкамі. На гэтых панэлях паслядоўна расказваецца аб даваенных часах у Оршы, затым адлюстроўваецца ваенны час. Значнае месца надаецца ў экспазіцыі падпольшчыкам і партызанам, праявам генацыду, асобам, якія праявілі асабісты гераізм пры супраціўленні акупантам і вызваленні Аршаншчыны. Супрацоўнікі дубровенскага музея дапоўнілі экспазіцыю матэрыяламі з фондаў, сугучнымі па змесце з матэрыяламі праекта аршанцаў. Наведвальнікі змогуць пагартаць успаміны землякоў, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, угледзецца ў старыя фотаздымкі Дуброўна і параўнаць з сучаснымі відамі родных мясцін. Выстава, на наш погляд, будзе вельмі цікава для прадстаўнікоў любога ўзросту. Стане дапамогай настаўнікам пры правядзенні адзінага ўрока да Дня народнага адзінства ці проста змястоўнай гутарцы па гісторыі нашага на рода і важнасці яе ўсведамлення. Экспазіцыя будзе працаваць у Дубровенскім гісторыка-краязнаўчым музеі да 31 кастрычніка.
\Алена КАРСАКОВА