Выпадак, які стаў лёсам

З чаго складаецца чалавечы лёс? На гэта пытанне кожны адкажа па-свойму. Хтосьці вызначае мэту і рухаецца да яе паступова, шмат працуючы над кожным наступным крокам і поспехам. Хтосьці жыве адным днём, падпарадкоўваючыся настрою ці надвор’ю, не улічваючы пачуцці іншых людзей. Для некага любы выпадак — шчаслівы, а для некага наадварот…

Героі нашага аповеду ўпэўнены, што выпадак, канешне, мае ролю, але над жыццём і ў ім трэба шмат працаваць, каб лёс асабісты і родных людзей быў шчаслівы. У мінулую суботу Таццяна Дзмітрыеўна і Уладзімір Васільевіч Лепешавы адзначылі залатое вяселле. Ва ўтульным доме ў Новай Тухіні яны прымалі віншаванні ад сваякоў і сяброў. Мы ж завіталі да іх напярэдадні святочнага дня, каб паспытаць пра сакрэты доўгага сямейнага шляха.

— Я з сям’і ваеннага. Жылі ў ваенным гарадку ў Асіповіцкім раёне, там скончыла школу, вывучылася ў Мінску на бухгалтара і па размеркаванні трапіла ў Дуброўну. Першае працоўнае месца — раённы фінаддзел. Мяне вельмі па-добраму прынялі ў калектыве, — пачала размову Таццяна Дзмітрыеўна. Яна жыла на кватэры ў доме каля ўнівермага, аднойчы ёй спатрэбілася праводзіць сяброўку, якая жыла на другім беразе Дняпра. І вось тут той самы выпадак: яе ўбачыў дубровенскі хлопец Уладзімір Лепешаў. — Не памятаю, што так зачапіла мяне. Але ж яна мне спадабалася адразу і на ўсё жыццё, — адзначыў Уладзімір Васільевіч.

А для дзяўчыны гэта было не так адназначна. — Па-першае, я на два гады была старэйшая, па-другое, не аб чым іншым, акрамя працы, я і не думала, па-трэццяе, дома ў ваенным гарадку ў мяне быў хлопец, — узгадвала Тацця на Дзмітрыеўна, як адмаўлялася адказваць на пачуцці хлопца.

Уладзіміра Лепешава прызвалі на службу ў армію. Паўтара года ён ў пісьмах да сваіх сяброў спытваў: як там Таццяна? А паміж сабой юнак і дзяўчына не перапісваліся. А тут ужо, напэўна, лёс. Дзяўчына па гэты час нікуды не з’ехала, а пачуцці хлопца сталі толькі мацнейшыя. Пасля службы хлопец зноў пачаў аказваць знакі ўвагі прыгажуні. І паступова стаў для яе вельмі неабходным.

— Я працягвала акцэнтоўваць на сваім узросце, а ён адказваў: я не дам табе састарыцца. І абяцанне сваё, я лічу, стрымаў! Ён атуліў мяне такой цеплынёй і клопатам, што пра іншае ўжо і не марылася, — прызнавалася Тацця на Дзмітрыеўна. Далей было, як адзначалі нашы субяседнікі, звычайнае жыццё. Нарадзіліся сыны, ад ПМК далі дом. Таццяна Дзмітрыеўна працавала бухгалтарам (агульны стаж 45 гадоў), завіхалася па гаспадарцы. Але пра свае справы яна не гаварыла многа, разам з тым некалькі разоў падкрэсліла, што для яе мужа на першым, на другім і на ўсіх астатніх планах была і застаецца сям’я, дзеці, а цяпер — ўнукі. Усё жыццё ён адпрацаваў на вялікіх магутных тактарах: бульдозеры і экскаватары. Працаваў ў мелыярацыі, ездзіў на вахты на Поўнач, і зараз, калі патрэбна, садзіцца за штурвал экскаватара. Дарэчы, самыя яскравыя ўспаміны дзяцінства сына Дзмітрыя так сама пра тое, што бацька браў з сабой на работу ў кабіну трактара.

— Усё ў нас ладна. Сыны выраслі, нявесткі знайшліся добрыя, працавітыя. Унукаў чацьвёра. Усе тут на канікулы збіраюцца. Жыццё працягваецца, — адзначылі залатыя юбіляры.

А яшчэ яны прызналіся, што гладка і роўна не ўсё было. Сямейны небасхіл, як і ў іншых, часам зацягвалі хмары. Але ж ненадоўга. Уладзімір Васільевіч адзначыў: — Трэба размаўляць друг з другам і паважаць. Павага — гэта галоўнае. У ёй і клопат, і падтрымка, і абавяза цельствы перад самім сабой і чалаве кам, якога ты абраў сабе аднойчы з усіх астатніх.

Алена КАРСАКОВА