Смачна есці па-дубровенску
Народны калектыў нацыянальнай кухні, беларускай гульні і фальклору «Дубровенскія прысмакі» ў верасні адсвяткуе сваё 25-годдзе. За гэты час калектыў стаў актыўным удзельнікам раённых, абласных, рэгіянальных, міжнародных свят, аглядаў, конкурсаў. Штогод народны калектыў беларускай кухні, гульні і фальклору «Дубровенскія прысмакі» сустракае гасцей і ўдзельнікаў Міжнароднага фестывалю песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» і гатуе знакамітыя дубровенскія пасахі, якія ўручаюць удзельнікам на развітанне «на добрыя шляхі».
— Культура нашых продкаў — гэта не толькі вусная народная творчасць, рамёствы і вопратка. Гэта яшчэ і тое, чым жылі людзі да нас кожны дзень, чым карысталіся, якія стравы гатавалі. Удзельніцы калектыву засяродзілі ўвагу на вывучэнні, захаванні і папулярызацыі рэцэптаў страў, якія гаспадынькі гатавалі ў дубровенскіх вёсачках. Атрымалася, што меню нашых продкаў цесна звязана з абрадавым і каляндарным годам. Таму мы займаемся не толькі прыгатаваннем ежы, а і на аснове старажытных гульняў, абрадаў, звычаяў ствараем гульнёвыя праграмы, тэатралізаваныя паказы, — распавяла кіраўнік калектыву Наталля Еслікава.
Яна адзначыла, што на Дубровеншчыне шмат адметных рысаў прыгатавання той самай бульбы, або бліноў. Удзельніцы распрацоўваюць зборнікі, дзе занатоўваюць свае кулінарныя знаходкі. Так, у трох зборніках размешчаны рэцэпты прыгатавання абрадавых страў Дубровеншчыны: вясельны каравай аг.Станіславова, вясельны рагаты каравай аг.Ляды; «Бубашкі», «Бедная куцця», «Багатая куцця» аг.Расасна.
Наталля Еслікава расказала, што гасцям фестывалю падабаецца дубровенская мачанка з блінамі, напоі з травамі, якія рыхтуе Валянціна Бязносенка з Расасна, і пасахі Тамары Сіняковай, якая выпякае іх амаль пяць соцен да фінальнага акорда фэстываля «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». — Мы знаходзімся ў пастаянным пошуку. Зараз адраджаем рэцэпт і тэхналогію прыгатавання баброўскай вежы, лупуноў і таўкачоў з калацёнкай. Гэта вельмі простыя, сытныя і смачныя стравы. Мы, беларусы, людзі працавітыя і гасцінныя. І калі маем чаго шмат, то не робім заборы вышэйшымі, а ставім стол шырэйшы. І заўжды рады гасцям і святу! — запэўніла Наталля Еслікава і адзначыла, што свой юбілей «Дубровенскія прысмакі» плануюць адзначыць вялікай праграмай «Бульба-фэст» у верасні.

