Дубровенскому механизатору Андрею Чернявскому хорошие гены помогли стать рекордсменом Беларуси

Дубровно, СССР, династия, Дубровенский район, механизатор, техника, рекорд, рекордсмен, Андрей, Николай, Чернявский, герой, Беларусь, лен, льнозавод, машина, трактор, комбайн, шкатулка

Ёсць прапанова!

—Напішыце ў газеце пра дынастыю ЧАРНЯЎСКІХ з аграгарадка Буда. Андрэй Андрэевіч ЧАРНЯЎСКІ ў сямідзесятыя-васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя быў добра вядомым у раёне механізатарам. За шматгадовую самаадданую працу удастоены высокіх урадавых узнагарод.

Яго справу дастойна працягвае сын, таксама Андрэй Андрэевіч, які ў апошнія гады плённа працуе на Дубровенскім ільнозаводзе. Ён такі ж высакакласны механізатар, як і яго бацька. Мінулагодняй восенню, напрыклад, адзін на пагрузчыку французскай вытворчасці разгрузіў з транспартных сродкаў і ўклаў пад шохі 8300 тон трасты. Такі вялікі аб’ём работ не толькі сёлета, але і раней у нашай краіне не выконваў ніхто. Напрыклад, на пружанскім льнозаводзе, які па колькасці нарыхтаванай ільносыравіны займае другое месца ў рэспубліцы, сёлета ўкладзена пад шохі 6500 тон трасты або на 1800 тон менш, чым уклаў Андрэй Чарняўскі.

Хачу звярнуць вашу ўвагу і на роднага брата Андрэя Андрэевіча-старэйшага — Мікалая Андрэевіча ЧАРНЯЎСКАГА, які ў свой час таксама быў добра вядомым у раёне чалавекам, шмат гадоў плённа працаваў механікам у былым УВТК-2 “Віцебскмеліяводгас”, унёс вялікую колькасць рацыяналізатарскіх прапаноў па мадэрнізацыі рамонтнай базы прадпрыемства. Ён майстар на ўсе рукі, добры токар, зваршчык, слесар, каваль. І хоць яму за 70 гадоў, але ён яшчэ аказвае дапамогу сельскагаспадарчаму філіялу імя Ю.Смірнова, — вось з такой прапановай звярнуўся ў рэдакцыю дырэктар ільнозавода Анатоль Дзмітрыевіч Басянкоў.

Яблыка ад яблыні падае недалёка

Размова з механізатарам ільнозавода Андрэем Андрэевічам Чарняўскім адбылася на яго рабочым месцы.

—Дырэктар ільнозавода Анатоль Дзмітрыевіч Басянкоў гаварыў мне, што вы, Андрэй Андрэевіч, з’яўляецеся рэкардсменам краіны, а, магчыма, Еўропы і свету па колькасці ўкладзенай трасты пад шохі, — заўважаю я.

—Магчыма і так, — згаджаецца А.А.Чарняўскі, — бо наш ільнозавод сёння з’яўляецца самым буйным перапрацоўшчыкам трасты на постсавецкай прасторы. Наўрад ці ёсць дзе-небудзь такія вялікія заводы, — гаворыць механізатар.

Андрэй Андрэевіч Чарняўскі расказаў, што ў час нарыхтоўкі трасты, ён адзін за дзень з дапамогай французскага пагрузчыка разгружаў і ўкладваў пад шохі па 300 і больш тон трасты. Яшчэ не так даўно для выканання такога аб’ёму работ уручную даводзілася задзейнічаць сотні чалавек.

Неаднойчы Андрэй Андрэевіч дэманстраваў сваё майстэрства ў час абласных і рэспубліканскіх семінараў. Чыноўнікі высокіх рэспубліканскіх рангаў адзначалі, што так акуратна, як на Дубровенскім ільнозаводзе, нідзе не ўкладваюць пад шохі трасту.

Нездарма за старанную працу Андрэй Андрэевіч штогод матэрыяльна заахвочваецца дырэкцыяй ААТ “Дубровенскі льнозавод”.

Ва ўсім «вінаватыя» гены!

Андрэй Андрэевіч Чарняўскі — механізатар шырокага профілю ў трэцім пакаленні. Яго дзед і бацька былі высакакласнымі механізатарамі, паважанымі людзьмі ў саўгасе імя Ю.Смірнова (цяпер СГФ імя Ю.Смірнова).

—Калі я яшчэ быў школьнікам у час летніх канікулаў разам з іншымі вясковымі хлапчукамі дапамагаў рабочым саўгаса нарыхтоўваць сена, працаваў на мехтаку, — гаворыць А.А.Чарняўскі. — Памятаю, дзед Андрэй Кірылавіч вучыў мяне, як змазваць вузлы веялак, загрузчыкаў… Але любоў да тэхнікі яшчэ з дзяцінства прывіў мне бацька. Ён працаваў на трактары і летам часта браў мяне з сабой у поле. Калі я падрос і вучыўся ў старэйшых класах, бацька дазваляў мне садзіцца за руль трактара і я араў, культываваў глебу, выконваў іншыя палявыя работы. З вялікай ахвотай я дапамагаў бацьку рамантаваць трактар і сельгасмашыны. Бацькавы ўрокі мне спатрэбіліся ў далейшым жыцці, бо я таксама выбраў прафесію механізатара.

Не сакрэт, што мой бацька быў лепшым механізатарам гаспадаркі. Ён, як правіла, раней за іншых прыходзіў на работу і пазней за ўсіх пакідаў рабочае месца. Ён любіў і дасканала ведаў тэхніку, своечасова праводзіў яе тэхнічны догляд. Таму машыны служылі надзейна і бацька пастаянна намнога перавыконваў нормы выпрацоўкі.

Яго партрэт неаднойчы занасіўся на раённую Дошку Гонару. За шматгадовую працу бацька быў удастоены высокіх савецкіх урадавых узнагарод: ордэнаў Леніна і Чырвонага Працоўнага Сцяга. Ён не мог сядзець без справы, нават калі пайшоў на пенсію. У апошнія дзесяць гадоў мой бацька жыў у г.Рыга і амаль да канца свайго жыцця працаваў на трактары МТЗ-82 у рыжскім марскім парту. На жаль, 15 верасня мінулага года на 72-м годзе жыцця бацькі не стала…

Працоўная біяграфія Андрэя Андрэевіч Чарняўскага-малодшага яскрава сведчыць, што ён такі ж працавіты і высакакласны механізатар, як і яго бацька.

—Пасведчанне трактарыста-машыніста я атрымаў у час вучобы ў школе, — расказвае А.А.Чарняўскі. — У васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя на базе Сваташыцкай сярэдняй школы існаваў вучэбна-вытворчы камбінат, які адзін раз у тыдзень наведвалі старшакласнікі ўсіх школ раёна: тут вялася падрыхтоўка трактарыстаў і вадзіцеляў.

Пасля заканчэння школы Андрэй Чарняўскі на працягу года працававў механізатарам у саўгасе імя Ю.Смірнова.

Потым два гады служыў у разведроце ў абмежаваным кантынгенце Савецкіх войск у Польшчы.

—За паўгода да заканчэння службы ў арміі я атрымаў пісьмо за подпісам дырэктара саўгаса Анатоля Пятровіча Камарова, у якім ён прапаноўваў мне пасля заканчэння службы зноў вярнуцца на працу ў саўгас, дзе мне будзе выдзелены новы трактар Т-150, — успамінае А.А.Чарняўскі.

Сваё слова дырэктар стрымаў. Андрэй Чарняўскі, як і яго бацька-ордэнаносец працававў самааддана, пастаянна перавыконваў нормы выпрацоўкі. Але аднойчы здарылася няшчасце: у час правядзення рамонтных работ у майстэрні Андрэй Чарняўскі атрымаў траўму. Пасля курса лячэння яму кіраўніцтва гаспадаркі прадставіла больш лёгкую работу — дыспетчарам. Але такая маларухомая работа па прызнанню А.А.Чарняўскага яму была не па душы. І праз год ён звярнуўся да дырэктара саўгаса з просьбай прадставіць магчымасць працаваць механізатарам.

Просьбу А.А.Чарняўскага задаволілі: яму выдзелілі Т-150.

У жніво 1990 года А.А.Чарняўскі сеў за руль новага збожжаўборачнага камбайна “ДОН-1500”, на якім адпрацаваў 10 сезонаў.

Пазней Андрэю Чарняўскаму даручылі сеяць азімыя і яравыя культуры. Сейбітам гаспадаркі ён адпрацаваў восем сезонаў і зарэкамендаваў сябе, як хлебароб з самага лепшага боку.

У апошнія дзесяць гадоў Андрэй Андрэевіч Чарняўскі плённа працуе механізатарам на льнозаводзе. Дырэктар ільнозавода Анатоль Дзмітрыевіч Басянкоў гаворыць, што А.А.Чарняўскі такі ж высакакласны і працавіты механізатар, як і яго бацька. Кажуць, яблыка ад яблыні падае недалёка.

Працоўны стаж — 60 гадоў

Дубровно, СССР, династия, Дубровенский район, механизатор, техника, рекорд, рекордсмен, Андрей, Николай, Чернявский, герой, Беларусь, лен, льнозавод, машина, трактор, комбайн, шкатулка

Мікалаю Андрэевічу Чарняўскаму ўжо споўнілася 75 гадоў. Яго працоўная біяграфія бярэ пачатак у далёкім 1951 годзе, калі юнаку яшчэ не было і шаснаццаці гадоў і па сутнасці працягваецца да гэтага часу. Так што на працоўнай вахце Мікалай Андрэевіч знаходзіцца ўжо амаль шэсць дзесяткаў гадоў і, забягаючы наперад, хачу адзначыць, што і ў далейшым сядзець без справы ветэран працы не збіраецца. Аб гэтым ён мне гаварыў нядаўна ў час гутаркі ў яго ўтульным цёплым доме.

Мікалай Андрэевіч Чарняўскі вырас у вялікай сям’і, у якой было 15 дзяцей. Мікалай быў старэйшым хлопцам у сям’і. Калі ён падрос і пайшоў у школу, сям’я жыла ў вёсцы Ступакі. Бацька, Андрэй Кірылавіч, працаваў шафёрам у Высокаўскай МТС. Мікалай Андрэевіч прызнаецца, што вучоба ў школе яму не ішла, асабліва ён не любіў урокі рускай мовы. Магчыма, гэта было звязана з тым, што ў школу з-за вайны ён пайшоў пераросткам. У 15 гадоў скончыў толькі чатыры класы і сказаў бацьку, што больш у школе ён не хоча вучыцца.

“Не хочаш вучыцца — ідзі працаваць”, — сказаў бацька, прывёў свайго старэйшага сына ў Высокаўскую МТС і ўладкаваў на працу малатабойцам. За непрацяглы час Мікалай асвоіў прафесію не толькі каваля, але і электразваршчыка.

—Аднойчы бацька спытаў, ці хачу я стаць трактарыстам, — успамінае Мікалай Андрэевіч. — Я ж, вядома, сказаў, што вельмі хачу, бо ў той пасляваенны час працаваць трактарыстам было прэстыжна.

На вучобу ў Высокаўскае СПТВ прымалі толькі сталых мужчын, якія мелі працоўны стаж і добрую характарыстыку з месца работы. Тэхніку, якой у той час было мала, давяралі толькі старанным і правераным працаўнікам. Тым не менш, майму бацьку ўдалося пераканаць дырэктара вучылішча, каб мяне прынялі на вучобу. Відавочна, станоўчую ролю адыграла тое, што я добра зарэкамендаваў сябе, як працаўнік МТС.

Было гэта ў 1953 годзе. А ў 1954 годзе ўся наша група будучых трактарыстаў прыняла рашэнне ехаць на цаліну…

Два гады Мікалай Андрэевіч Чарняўскі на трактары ДТ-54 падымаў цаліну. Потым тры гады служыў ў асобным дэсантным батальёне, які наводзіў пераправы праз водныя перашкоды. У арміі Мікалай набыў яшчэ адну прафесію — вадзіцеля аўтамабіля. Такім чынам, дэмабілізаваўшыся ў 1958 годзе з радоў Савецкай Арміі, Мікалай Чарняўскі меў чатыры спецыяльнасці — каваля, зваршчыка, трактарыста і шафёра.

На працягу года ён вёў урокі машыназнаўства ў Будскай школе. Гэта рабочае месца ўступіў яму бацька, які працававў у школе да вяртання сына з арміі. Потым дзевяць гадоў працаваў вадзіцелем у саўгасе імя Ю.Смірнова.

У 1968 годзе Мікалай Чарняўскі ўладкаваўся на працу ў Высокаўскае СМУ-38 вадзіцелем аўтакрана і завочна вучыўся ў Смаленскім тэхнікуме аўтатрактарнай тэхнікі, пасля заканчэння якога атрымаў дыплом механіка па абслугоўванню аўтатрактарнай тэхнікі.

Рацыяналізатар…

У пачатку 1974 года была створана ПМК-39, а праз пяць гадоў побач з яе базай стварылі УВТК-2. Начальнік новага ўчастка вытворча-тэхнічнай камплектацыі Сяргей Стэфанавіч Праскураў прапанаваў Мікалаю Андрэевічу Чарняўскаму, які ў той час працаваў механізатарам ПМК-39, узначаліць брыгаду па капітальнаму рамонту хадавой часткі трактароў Т-130 для ўсіх ПМК меліярацыі Віцебскай вобласці.

Менавіта на гэтым рамонтным прадпрыемстве цалкам раскрыўся талент Мікалая Андрэевіча Чарняўскага як рацыяналізатара. У тым, што з цягам часу УВТК-2 “Віцебскмеліяводгас” стала адным з лепшых аднатыпных прадпрыемстваў краіны, заслуга не толькі начальніка ўчастка Сяргей Стэфанавіча Праскурава, які валодаў высокімі арганізатарскімі і прадпрымальніцкімі здольнасцямі, але і яго галоўнага памочніка Мікалая Андрэевіча Чарняўскага, які па словах С.С.Праскурава, выконваў на прадпрыемстве ролю інжынера-тэхнолага.

УВТК-2 ствараўся, можна сказаць, на пустым месцы. З матэрыяльнай базы на той час была толькі арачная майстэрня, якую ўчастку перадала ПМК-39. Спецыяльнага абсталявання для капітальнага рамонту хадавой часткі трактара Т-130 не было. Яго неабходна было вырабіць самім работнікам участка. Для гэтага С.С.Праскураў, М.А.Чарняўскі і іншыя работнікі брыгады, якую ўзначальваў М.А.Чарняўскі, ездзілі за вопытам спачатку на Аршанскі рамонтны завод, а потым у Літву, дзе ў той час паспяхова дзейнічаў такі ж участак па рамонту хадавой часткі трактара Т-130, як у Дуброўна.

—Калі мы на літоўскім прадпрыемстве ўважліва вывучалі канвеер па рамонту хадавой часткі трактара, Сяргей Стэфанавіч Праскураў зрабіў мне заўвагу, маўляў, што ты Мікалай Андрэевіч ходзіш, глядзіш, а нічога не запісваеш, не замалёўваеш. Вярнуўшыся ў Дуброўна, табе з хлопцамі давядзецца вырабіць такое ж абсталяванне. У адказ я яму сказаў: “Не перажывайце, Сяргей Стэфанавіч, сёння для мяне галоўнае паглядзець што да чаго, капіраваць літоўскае абсталяванне мы не будзем, а вырабім сваё…

Вярнуўшыся з Літвы, Мікалай Андрэевіч Чарняўскі стрымаў слова. Праз пэўны час умельцы УВТК-2 пад кіраўніцтвам М.А.Чарняўскага і актыўным садзейнічанні С.С.Праскурава вырабілі неабходныя прыстасаванні і канвеер па рамонту хадавой часткі трактара Т-130 запрацаваў.

—Бывала, ноччу прачнуся і пракручваю варыянты, як зрабіць тое ці іншае прыстасаванне і, урэшце-рэшт, знаходжу аптымальны варыянт. А раніцай — за работу, — гаворыць М.А.Чарняўскі. — Не менш важна і тое, што ў маёй брыгадзе працавалі высакакласныя спецыялісты сваёй справы фрэзероўшчык Мікалай Мікалаевіч Зюзькоў, электрагазазваршчык Канстанцін Іванавіч Гулідаў і токар Мікалай Іванавіч Тарасенка, якія ўмела пераўтваралі мае рацыяналізатарскія прапановы ў канкрэтныя прыстасаванні, якія аблягчалі працу рамонтнікам і карэнным чынам павышалі прадукцыйнасць працы.

За гады работы ў УВТК-2 Мікалай Андрэевіч Чарняўскі, па словах Сяргей Стэфанавіча Праскурава, унёс і ўкараніў на практыцы не адзін дзесятак рацыяналізатарскіх прапаноў па аблягчэнню і павышэнню працы рамонтнікаў участка, якія з цягам часу пачалі займацца не толькі капітальным рамонтам хадавой часткі, але і рухавікоў трактароў Т-100 і Т-130Б для ўсіх прадпрыемстваў вобласці.

Сяргей Стэфанавіч Праскураў расказваў, што ўмельцам з УВТК-2 паступалі заяўкі на выраб розных прыстасаванняў з іншых прадпрыем-стваў вобласці.

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя па ініцыятыве С.С.Праскурава на базе ўчастка вырашылі заняцца выпускам керамзітавых блокаў. Абсталяванне для вырабу блокаў было выраблена спецыялістамі УВТК-2 па праекту і непасрэдным кіраўніцтве Мікалая Андрэевіча Чарняўскага.

Участак вытворча-тэхнічнай камплектацыі ў Дуброўна многія гады лічыўся адным з лепшых сярод аднатыпных прадпрыемстваў краіны. Тут не аднойчы праводзілі абласныя і рэспубліканскія семінары, а аднойчы адбыўся ўсесаюзны семінар па арганізацыі рамонту цяжкіх трактароў для мехкалон меліярацыі, на які прыехалі спецыялісты з розных куткоў Савецкага Саюза. І ў тым, што такі семінар адбыўся ў Дуброўна, пэўная заслуга Мікалая Андрэевіча Чарняўскага, пад кіраўніцтвам якога на ўчастку была ўкаранёна вялікая колькасць рацыяналізатарскіх прапаноў па мадэрнізацыі рамонтнай базы прадпрыемства.

Такая вось пенсія!

Дубровно, СССР, династия, Дубровенский район, механизатор, техника, рекорд, рекордсмен, Андрей, Николай, Чернявский, герой, Беларусь, лен, льнозавод, машина, трактор, комбайн, шкатулка

Пасля дасягнення пенсійнага ўзросту і звальнення з УВТК-2 Мікалай Андрэевіч Чарняўскі недоўга адпачываў і займаўся хатнімі справамі.

—Аднойчы я пайшоў у кантору саўгаса выпісаць зернефураж для жывёлы, — апавядае Мікалай Андрэевіч. — Там я сустрэўся з дырэктарам саўгаса Іванам Пятровічам Крамзюком, які мяне добра ведаў па працы ў УВТК-2. Іван Пятровіч угаварыў мяне папрацаваць токарам у саўгаснай майстэрні. Тры гады я працаваў саўгасным токарам, пакуль зімой не застудзіў ногі. Давялося лячыцца і я адмовіўся працаваць у халоднай саўгаснай майстэрні. Тады мне кіраўніцтва саўгаса прапанавала на падставе дагавору па заяўках спецыялістаў такарныя работы выконваць дома на ўласным такарным станку. Я даў згоду і ўжо шмат гадоў з вясны да восені ў сваёй хатняй майстэрні па заяўках гаспадаркі вырабляю неабходныя дэталі.

—Мікалай Андрэевіч, вам споўнілася 75 гадоў. Якія вашы далейшыя жыццёвыя планы? Па-ранейшаму будзеце аказваць паслугі СГФ імя Ю.Смірнова? — запытаў я ў М.А.Чарняўскага.

—Калі кіраўніцтва гаспадаркі звернецца з такой просьбай да мяне, то, відавочна, і ў гэтым годзе буду аказваць дапамогу. А яшчэ ў маіх планах на бліжэйшы час заняцца дрэваапрацоўкай. У маладосці я актыўна займаўся разьбой па дрэву. Аднойчы я нават рабіў выставу сваіх работ ў Дуброўне… Цяпер вось зноў хачу заняцца любімай справай, — гаворыць М.А.Чарняўскі і паказвае мне шкатулкі, вырабленыя яго ўмелымі рукамі.

А мне падумалася: колькі жыццёвай энергіі ў гэтага далёка не маладога чалавека. Мікалай Андрэевіч, як і яго малодшы брат-ордэнаносец Андрэй Андрэевіч, не хоча сядзець на канапе склаўшы рукі. Яго, як магнітам цягне, пакуль ёсць сілы, нешта рабіць карыснае для сябе, для дзяцей і ўнукаў, для грамадскай гаспадаркі. Нягледзячы на ўзрост, ён разам з жонкай Клаўдзіяй Палікарпаўнай, з якой разам пражыў ужо больш як паўвека, трымаюць хатнюю гаспадарку, засяваюць агарод. На падвор’і ёсць уласны трактар і грузавы аўтамабіль. Не старэюць душой ветэраны.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *