Учительница биологии из Осинторфа названа лучшим педагогом Дубровенщины

Дубровно, учитель года, биология, конкурс, дети, ученики, победа, Киселёва, школа

Сапраўдны настаўнік

Хто ён такі – сапраўдны настаўнік? Мне здаецца, гэта зусім не той, хто па памяці і без запінкі раскажа азы свайго прадмета. І не той, хто прымусіць вывучыць усе гэтыя незразумелыя сінусы і косінусы, амонімы і паронімы. Сапраўдны настаўнік не стане прымушаць завучваць тэрміны і правілы — ён навучыць нас вучыцца: зацікавіць ведамі і зробіць так, каб вучні самі захацелі спазнаць усе складанасці навукі. Сапраўдны настаўнік не стане вучыць жыццю — ён незаўважна дапаможа пракласці дарогу ў “заўтра”.

Хто ж гэтыя людзі, што маюць ганаровае прызванне “Настаўнік”?

Ужо традыцыйным у нашай краіне стаў конкурс сярод педагагічных работнікаў. Такое мерапрыемства праходзіць 1 раз у два гады і з’яўляецца важнай падзеяй рэспубліканскага маштабу.

Конкурс прадстаўляе сабой комплекс мерапрыемстваў, якія накіраваны на выяўленне і распаўсюджванне вопыту лепшых педагагічных работнікаў нашай краіны. Усе яны спрыяюць развіццю творчай дзейнасці настаўнікаў і росту іх прафесійнага майстэрства.

Конкурсная праграма падзяляецца на некалькі этапаў: першы з іх праводзіцца ў агульнаадукацыйных установах і ўстановах, забяспечваючых атрыманне дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, другі этап — раённы, трэці — абласны, а чацвёрты і заключны — рэспубліканскі.

Настаўнік года Дубровеншчыны

Днямі на базе дзяржаўнай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №1 горада Дуброўна прайшоў другі раённы этап конкурсу прафесіянальнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 2010-2011 навучальным годзе. Арганізацыя і правядзенне мерапрыемства былі забяспечаны аддзелам адукацыі Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта.

Раённы конкурс праходзіў у два этапы — 28 студзеня і 4 лютага. У ім прынялі ўдзел 6 настаўнікаў з устаноў адукацыі горада і раёна — гэта настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Калінаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Алена Мікалаеўна Івуліна, настаўнік замежнай мовы сярэдняй школы № 1 горада Дуброўна Аляксандр Іосіфавіч Малец, настаўніца пачатковых класаў Дабрыньскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Тэрэза Міхайлаўна Чабанава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Станіславоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ілона Анатольеўна Яско, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 горада Дуброўна Святлана Віктараўна Рэдзькіна, настаўніца біялогіі Асінторфскай сярэдняй школы Людміла Міхайлаўна Кісялёва.

Канкурсанты павінны былі выканаць шэраг конкурсных заданняў: творчае самапрадстаўленне, педагагічнае і псіхалагічнае тэсціраванне, прэзентацыя вопыту асабістай дыдактычнай сістэмы, відэаўрок у класе са знаёмым калектывам вучняў і пазаконкурснае мерапрыемства “Метадычны клуб” — выступленне перад калегамі. На фінальнай ступені ўдзельнікі раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прадэманстравалі на сцэне міні-ўрок на тэму “Гэты край Беларуссю завецца” і зрабілі прадстаўленне — абарону адукацыйнага праекта “Якасная адукацыя — гэта…” На жаль, па стану здароўя конкурсную эстафету вымушана была пакінуць Алена Мікалаеўна Івуліна.

Дубровно, учитель года, биология, конкурс, дети, ученики, победа, Киселёва, школа

Для ацэнкі выступоўцаў і падвядзення вынікаў раённага конкурсу “Настаўнік года-2010” з ліку спецыялістаў адукацыйнай сферы было сфарміравана журы, у склад якога ўвайшлі вядучы спецыяліст аддзела адукацыі Святлана Нікіцічна Саўчанка, дырэктар Цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці Галіна Уладзіміраўна Шаўчэнка, загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Уладзіміраўна Сысоева, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Наталля Уладзіміраўна Мінкевіч, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Марыя Пятроўна Хмарская, спецыяліст аддзела адукацыі Валянціна Аркадзьеўна Набойшчыкава і старшыня журы — намеснік начальніка аддзела адукацыі Алена Мікалаеўна Магер.

На падставе заключнага пратакола пасяджэння журы з ліку ўдзельнікаў увайшлі ў фінал другога, раённага, этапа рэспубліканскага конкурсу, былі вызначаны два лаўрэаты і пераможца — “Настаўнік года Дубровенскага раёна”. Такім чынам, трэцяе месца дасталося Аляксандру Іосіфавічу Малец — настаўніку замежнай мовы СШ №1 города Дуброўна, які мае першую кваліфікацыйную катэгорыю і працуе ў сферы адукацыі амаль 20 гадоў. Другое месца заняла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Станіславоў-скага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ілона Анатольеўна Яско. Яна таксама мае першую кваліфікацыйную катэгорыю і працуе ў школе ўжо 8 гадоў. Званне “Настаўнік года Дубровенскага раёна” атрымала настаўніца біялогіі Асінторфскай сярэдняй школы Людміла Міхайлаўна Кісялёва.

Усе прызёры конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі і грашовай прэміяй, а ўдзельнікі — ганаровымі граматамі і насценнымі гадзіннікамі з эмблемай Дубровенскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і лагатыпам “Настаўнік года Дубровенскага раёна-2011”.

Лепшы педагог нашага края

Я сустрэлася з Людмілай Міхайлаўнай Кісялёвай, якая стала пераможцай конкурсу, каб даведацца пра яе прафесійную дзейнасць і пацікавіцца, што дапамагло ёй дасягнуць такіх высокіх рэзультатаў.

—Людміла Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, якімі былі першыя крокі на вашай педагагічнай дарозе.

—У 1988 годзе я скончыла Будскую сярэднюю школу і паступіла ў педінстытут імя Кірава (зараз — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава). Пасля яго заканчэння па размеркаванню трапіла на работу ў Засценкаўскую сярэднюю школу, дзе адпрацавала 13 гадоў. 2 гады сумяшчала работу ў Засценкаўскай і Асінторфскай школах, і вось ужо 3 гады выкладаю біялогію і хімію у апошняй з іх, а таксама з’яўляюся класным кіраўніком у сёмым класе.

—Людміла Міхайлаўна, ваш педагагічны стаж — 17 гадоў. Гэта немаленькі тэрмін і за гэты час у Вас, пэўна, ужо выпрацаваліся, так званыя, правілы настаўніка? Чым кіруецеся Вы пры рабоце з дзецьмі? Што з’яўляецца для вас рабочым крэда?

—Галоўным у сваёй дзейнасці, безумоўна, лічу дзяцей. Гэта значыць, трэба любіць вучняў і разумець іх, не прымушаць іх вучыцца, а зрабіць так, каб яны самі праявілі цікавасць да ведаў, каб на занятках маглі атрымаць тое, што спатрэбіцца ім у жыцці.

Як настаўнік, у сваёй рабоце я стараюся кіравацца трыма асноўнымі прынцыпамі. Галоўным з іх лічу прынцып індывідуальнасці, бо кожны вучань – гэта асоба, якая патрабуе асобнага падыходу. Выкарыстоўваю прынцып праблемнасці, бо спецыяльна створаныя на ўроку сітуацыі такога характару патрабуюць ад вучняў увагі, пільнасці, прымушаюць шукаць выйсце, тым самым выклікаюць інтарэс да навучання і атрымання ведаў, развіваюць мысленне. Такім чынам, дзеці вучацца выказваць свае меркаванні, адстойваць свой пункт погляду і думаць самастойна. І, канешне ж, як класны кіраўнік, я спрабую рэалізаваць прынцып актыўнасці, бо мяр-кую, што ў наш час кожны чалавек павінен мець трывалую асабістую пазіцыю, каб быць паспяховым у гэтым жыцці, у сваёй дзейнасці.

—Не магу не пагадзіцца з такой пазіцыяй. Людміла Міхайлаўна, скажыце, калі ласка, прымаючы ўдзел у конкурсе “Настаўнік года”, Вы разлічвалі на перамогу ці яна стала для Вас прыемнай нечаканасцю? Хто дапамагаў Вам пры падрыхтоўцы да гэтага мерапрыемства?

—Хутчэй — не разлічвала, бо ведаю, што сярод настаўнікаў нашага раёна шмат людзей з багатым педагагічным вопытам і добрымі напрацоўкамі. Усе канкурсанты былі дастойныя перамогі, таму я нават і не спадзявалася выйсці на першае месца.

Хацелася б выказаць падзяку 9 класу, у якім рабілі відэазапіс конкурснага ўрока, за іх добрую падрыхтоўку, актыўнасць падчас заняткаў і адказнасць. Прэзентацыя гэтага ўрока заняла першае месца па балах. Таксама вялікі дзякуй адміністрацыі школы, якая аказала метадычную падтрымку пры падрыхтоўцы да гэтага мерапрыемства. І асабістыя словы падзякі хачу выказаць у адрас настаўніцы пачатковых класаў Галіны Сяргееўны Шышкевіч, якая дапамагла падрыхтаваць прадстаўленыя на конкурсе прэзентацыі.

—Людміла Міхайлаўна, мне здаецца, гэтае мерапрыемства стане для Вас значнай падзеяй, але, магчыма, які-небудзь этап запомніўся Вам найбольш?

—Усе этапы былі па-свойму цікавымі. Сваёй крэатыўнасцю запомніўся конкурс самапрадстаўлення ўдзельнікаў, дзе настаўнікі пры дапамозе прэзентацый знаёмілі са сваім жыццёвым шляхам ад дзяцінства да цяперашняга часу. Усе праграмы былі разнастайнымі: нехта суправаджаў сваё прадстаўленне вершамі і песнямі, хтосьці дапаўняў мініяцюрамі. Адным словам, выступленне кожнага было цікавым і запамінальным.

Магу сказаць, што самым складаным было прадэманстраваць на сцэне пяціхвілінны міні-ўрок. Заданне мы атрымалі толькі за дзень да таго, як яго трэба было рэалізаваць. Тэма заняткаў была для ўсіх аднолькавая – “Гэты край Беларуссю завецца”, а канкурсанты ўжо перакладвалі яе на свой прадмет: хто на гісторыю, хто на беларускую мову, а мне прыйшлося – на біялогію.

—Работа з дзецьмі – гэта справа нялёгкая, і каб у ёй дасягнуць поспеху, трэба з усёй душой адносіцца да таго, што робіш. Людміла Міхайлаўна, Вы любіце сваю работу?

—Добрае пытанне. Безумоўна, люблю і сваю работу, і дзяцей, няма дзе знайсці жыццёвыя сілы, каб быць настаўнікам.

Хацелася б бачыць дзяцей актыўнымі, каб у іх было жаданне атрымліваць веды і выдзяляць з іх тое, што ім спатрэбіцца ў будучым, а сапраўдны педагог, у сваю чаргу, зробіць усё магчымае, каб стаць для вучня не проста настаўнікам па прадмеце, але і памочнікам у жыцці.

—Сваім пажаданнем Вы адказалі на маё заключнае пытанне: “Хто такі сапраўдны настаўнік?” Людміла Міхайлаўна, дзякуй Вам за змястоўную размову і цёплыя словы, поспехаў на жыццёвым шляху і на наступных этапах конкурсу “Настаўнік года-2011”.

Ганна КАЦІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *