Дубровно встречает Малую Пречистую

Дубровно, Рождество Пресвятой Богородицы, Малая Пречистая, праздник, Руская Православная церковь

21 верасня (8 верасня па старому стылю) адзначаюць Ражджаство Прасвятой Багародзіцы. У народзе гэты дзень клічуць “Малая Прачыстая”. Лічыцца, што гэтае свята падводзіла вынік усім сельскагаспадарчым работам, апроч таго ў ім заключаны ўяўленні пра ўзаемадапамогу ў цяжкай працы, пра хлеб як пра галоўнае багацце зямлі.

Свята Ражджаства Прасвятой Багародзіцы ўстаноўлена Царквой яшчэ ў IV стагоддзі і з’яўляецца першым двунадзесятым святам царкоўнага года, бо па старому стылю ён пачынаўся 1 верасня. Больш падрабязна пра абставіны, звязаныя з гэтай падзеяй, паведала нам паданне, што расказаў настаяцель Святатроіцкай царквы айцец Уладзімір:

—У невялікім галілейскам горадзе Назарэце жыла ўжо немаладая пара Іакім і Ганна. Гэта была набожная і праведная сям’я, але ў гэтых людзей не было дзяцей, што ў яўрэйскім народзе лічылася пакараннем Божым.

Аднойчы ў святочны дзень Іакім прынёс у Іерусалімскі храм дары Госпаду Богу, але свяшчэннік адмовіўся прыняць іх, бо бяздзетнасць лічылі за вялікі грэх. Тады засмучаны Іакім выйшаў з храма і падаўся ў пустыню.

У гэты час дома служанка папракнула Ганну: “У цябе няма дзяцей – значыць, Бог не любіць цябе”. Заплакаўшы, бедная жанчына пайшла ў свой сад, села пад дрэва, уздыхнула, падняла вочы, поўныя слёз, у неба і пачала маліцца. Раптоўна з’явіўся анёл і сказаў: “Бог пачуў тваю малітву, і ён дасць вам Дачку. Праз Яе благаславенне Божае атрымаюць усе зямныя народы. Праз Яе будзе дано выратаванне ўсім людзям. Імя Дачцы тваёй будзе Марыя”.

Адначасова анёл явіўся ў пустыне Іакіму і сказаў, што малітвы іх спраўдзяцца – народзіцца Дачка, якая стане радасцю для ўсяго сусвету. Памаліўшыся і пакланіўшыся Госпаду ў храме муж з жонкай вярнуліся да дому.

Праз дзевяць месяцаў у Ганны нарадзілася Дачка – наша заступніца перад Богам. Аб нараджэнні яе радаваліся і неба, і зямля…

Святая Царква па праву называе Іакіма і Ганну Богабацькамі, бо ад Прасвятой іх Дачкі Дзевы Марыі нарадзіўся Ісус Хрыстос. Менавіта таму Дзень нараджэння Прасвятой Багародзіцы лічыцца вялікім святам.

Як вядома, мэта кожнага праваслаўнага чалавека – гэта Царства нябеснае і жыццё вечнае. Таму мы збіраемся ў храмах, вазносім малітвы Госпаду Богу і прызываем ў дапамогу сабе Прасвятую Багародзіцу, Нараджэнне якой ушаноўвае Святая Праваслаўная Царква.

У гонар Святой Дзевы Марыі ў Святатроіцкай царкве 21 верасня апалове дзевятай раніцы пройдзе богаслужэнне. Будзем маліцца Госпаду Богу нашаму, будзем прыпадабняцца Іакіму і Ганне, бо ў свяшчэнных пісаннях сказана, што ніводнае слова ў Бога не праходзіць бясследна.

Сам Гасподзь казаў: “Прасіце – і дадзена будзе вам. Стукайце – і вам адчыняць”. Будзем прасіць, будзем спадзявацца на міласць Божую, і Ён абавязкова дапаможа кожнаму ў гэтым жыцці. Са святам вас, браты і сёстры!

Матэрыял падрыхтавала Ганна КАЦІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *