Забяспечаны прырост вытворчасці сельгаспрадукцыі

 

Аб’ём валавой вытворчасці сельгаспрадукцыі ў аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці за студзень-жнівень склаў 104,9% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года, паведаміў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыс Яфрэмаў.

Прырост адзначаецца практычна па ўсіх пазіцыях і па лініі жывёлагадоўлі, і раслінаводства. «Разам з тым крыху адстаем па вырошчванні свініны і вытворчасці яек, гэта абумоўлена тым, што ў першым паўгоддзі быў трохі прыпынены выхад гэтай прадукцыі з-за перанасычэння рынка. Прагназуючы сітуацыю па дадзеных дзвюх пазіцыях, мы захавалі павелічэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы, ідзём 105% па валавой вытворчасці малака, дадалі ў вытворчасці збожжа і рапсу», — канстатаваў намеснік старшыні Віцеб­скага аблвыканкама.

Барыс Яфрэмаў выказаў упэўненасць, што да канца года дынаміка па валавой вытворчасці прадукцыі АПК захаваецца на ўзроўні 105% да 2019 года. «Гэта нядрэнны рост», — дадаў ён.

Тэмп росту экспарту сельгаспрадукцыі па выніках 7 месяцаў склаў 112% да ўзроўню студзеня-ліпеня 2019 года. Асноўны аб’ём паставак (92%) прыпадае на Расію. «Яе ўдзельная вага ў агульнай структуры экспарту паступова зніжаецца, аднак не так хутка, як хацелася б. Вельмі моцна на гэтую сітуацыю паўплывала пандэмія каронавіруса ў свеце», — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама. Барыс Яфрэмаў падкрэсліў, што ў прыярытэце заўсёды — імкненне да стварэння высока­прадукцыйных месцаў працы, высокага ўзроўня зарплаты, каб кожны чалавек шанаваў сваё працоўнае месца.

Аграрыі Віцебскай вобласці на пачатак верасня намалацілі за 1 млн т збожжа. Па словах намесніка старшыні, на цяперашнюю ўборачную кампанію ў паўночным рэгіёне паўплывалі тры асноўных фактары.

«Па-першае, ўборцы падлягала на 50 тыс. га больш, чым у 2019 годзе (без малага 390 тыс. га). Па-другое, на тыдзень-паўтары далей зрушыліся часовыя рамкі жніва. І трэцяе, сітуацыя складвалася так, што на адзін збожжаўборачны камбайн у нас прыходзілася вялікая нагрузка. па асобных гаспадарках і раёнах яна дасягала 300-350 га, — канстатаваў Барыс Яфрэмаў. — Вядома, мы спадзяваліся, што надвор’е дасць нам чатыры паўнавартасных ты­дня, каб па максімуме ўбраць асноўныя плошчы. На жаль, не здарылася. Тры тыдні ішлі пастаянныя дажджы, і той мільён тон, які планавалася ўбраць яшчэ ў жніўні, мы змаглі намалаціць толькі цяпер».

Паводле апошніх звестак, у Віцебскай вобласці ўбрана 319,7 тыс. га, або 91% плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць складае 31,4 ц/га. Самыя высокія намалоты адзначаюцца ў Аршанскім і Віцебскім раёнах, аграрыі якіх сабралі ў гэтым годзе па 100 тыс. т збожжа. Першымі цалкам убралі свае плошчы збожжавых працаўнікі вёскі Пастаўскага і Верхня­дзвінскага раёнаў. Як чакаецца, каравай вобласці з улікам усіх катэгорый сельгасвытворцаў і асабістых падсобных гаспадарак павінен скласці каля 1,2 млн тон збожжа.