На Дубровенскім льнозаводзе адбылася нарада па пытаннях вырошчвання лёну

У апошнія дні лютага на Дубровенскім льнозаводзе адбылася нарада па пытаннях вырошчвання лёну. На нарадзе прысутнічалі кіраўнікі, інжынеры і аграномы льносеючых гаспадарак і ААТ «Дубровенскі льнозавод», спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама.

ААТ «Дубровенскі льнозавод» зай­мае трывалую пазіцыю лідара па льнаводстве ў Віцебскай вобласці і за яе межамі. Па словах дырэктара Анатоля Басянкова,  Дубровенскі льнозавод займае першае месца на Віцебшчыне і трэцяе ва ўсёй Беларусі па выпрацоўцы валакна.

—Лен — гэта эканоміка, — з такіх слоў пачаў нараду старшыня Дуб­ровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў. — Гэта культура, якая добра расце на нашых землях. Яна забяспечвае сыравінай не толькі галоўнае перапрацоўчае прадпрыемства Дубровеншчыны. Гэта грошы і прыбытак кожнага дубровенца. Я запрашаю вас да сурьёзнай размовы, каб напярэданні веснавога сева вырашыць магчымыя праблемы, яшчэ раз агучыць задачы па вырошчванні гэтай культуры і шляхі іх выканання, — сказаў кіраўнік раёна.

Нарада пачалася з дэталёвага аналіза вынікаў мінулага года. У 2022 годзе  на 160 га лён вырошчвалі ў  ААТ «Якубава-Агра», па 125 га — КУСГП «Зарубы» і ААТ «Каманіна», 130 га — ААТ «Баброва-Агра»,                     50 га — Дубровенскі ліцэй і 2410 га льнозавод.

 Анатоль Басянкоў, дырэктар Дуб­ровенскага льнозавода, адзначыў, што мінулы год быў вельмі складаным для вырошчвання льну.

—Спачатку не хапала вільгацці, лен ляжаў на палетках рыжы, а гэта паказчык нізкай якасці трасты і нізкага ўтрымання валакна.

Затым пайшлі бесперапынныя дажджы, якія таксама не лепшым вобразам адбіліся на якасці сыравіны для льноперапрацоўкі. Аднак сумеснымі намаганнямі ўдалося нарыхтаваць 12 тысяч тон трасты і забяспечыць поўную загрузку льнозавода. Так, льнозавод нарыхтаваў 9,3 тонн трасты (у 2021 годзе 6,2), — адзначыў  Анатоль Басянкоў.

 Але не толькі надвор’е скасавала ўкладзеныя пад лён сілы і фінансы, а і негаспадарчы падыход да вырошчвання гэтай культуры ў некаторых сельгаспрадпрыемствах.

Напрыклад, з роўных па плошчы палёў ААТ «Каманіна» сабрала 552 тоны трасты, а КУСГП «Зарубы» толькі 364 тоны. ААТ «Баброва-Агра» хоць і мела большыя льняныя палеткі, а ў параўнанні з ААТ «Каманіна» атрымала толькі 448 тон.

Адзначана, што палі пад ура­джай 2022 года былі адведзены восенню. Кожны гектар быў належным чынам апрацаваны, унесены мінеральныя ўгнаенні і гліфасаты. Але спецыялісты адных гаспадарак дакладна выконвалі тэхналагічныя патрабаванні, а іншыя палічылі гэта неабавязковым.

Так, КУСГП «Зарубы» няўдала падабралі палі, а ААТ «Баброва-Агра» спачатку паспяшаліся пакласці семя ў пераўвільготненую глебу, затым зацягнулі тэрміны цераблення.

Анатоль Лукашоў вызначыў тры часткі, якія адказваюць за вынік вырошчвання льну: насенне, тэхніка і якасць. Менавіта гэтыя пытанні падрабязна растлумачылі спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама і ААТ «Дубровенскі льнозавод».

На строгім і галоўнае своечасовым выконванні кожнага тэхналагічнага працэса ў вырошчванні льну засяродзілі ўвагу прысутных намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Валерый Мельнік  і галоўны аграном льнозавода Раман Яхімовіч.

Вядучы аграном-насеннявод Сяргей Багусевіч расказаў пра забяспечанасць сельгаспрадпрыемстваў насеннем. Ен адзначыў, што з 65 тон, якія патрэбны льносеючым гаспадаркам для правядзення веснавога сева, у наяўнасці ёсць 42 тоны. Каму патрэбна, льнозавод прадаставіць насенне сорта Рубін і Грант другой рэпрадукцыі.

Інжынер-механік Андрэй Марачоў праінфармаваў, што на бягучы момант тэхніка льнозавода для пасяўных работ падрыхтавана, і засяродзіў увагу на неабходнасці правесці агляд іншых машын у сельгаспрадпрыемствах для апрацоўкі і ўбокі лёну, не адкладваючы рамонт.

На пытаннях вырошчвання якаснай сыравіны падрабязна спыніўся Анатоль Басянкоў. Ён дэталёва яшчэ раз прааналізаваў  памылкі, якія былі ў сельгаспрадпрыемствах у мінулым годзе і адзначыў:

— Палі, на якіх вырошчвае лен завод, і палі сельгаспрадпрыемстваў знаходзяцца побач, але выхад льновалакна з палёў льнозавода заўжды вышэйшы. Чаму так? Каб зняць гэта пытанне, у 2023 годзе мы вырашылі закупаць і прадастаўляць кожнаму сельгаспрадпрыемству, якое вырошчвае лен, у поўнай меры ўсе неабходныя рэчывы для апрацоўкі і падкормкі льну. Да таго ж мы прынялі рашэнне аб зніжэнні для сваіх партнёраў на 15% расцэнак на работы, якія выконвае  льнозавод.

Па выніках нарады начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама Аляксандр Карнееў прапанаваў распрацаваць агульны алгарытм вырошчвання даўгунцу з улікам памылак 2022 года, а таксама распрацаваць і выконваць графік усяго тэхналагічнага ланцуга з вызначанымі адказнымі. Да таго ж ён прапанаваў у бліжэйшы час вызначыць плошчы, якія будуць адведзены пад лён у 2024-2026 гадах, каб весці мэтанакіраваную падрыхтоўку глебы.

У гэтым годзе вырашана  не павялічваць плошчы, на якіх бу­дзе расці лен. Падлічана, што сіламі  льнозавадчан і льносеючых гаспадарак аптымальна апрацоўваць, вырошчваць і своечасова збіраць лен з плошчы трох тысяч гектараў.

Анатоль Лукашоў, завяршаючы размову, яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што лён — культура патрабавальная, але эканамічна выгадная.

—Згадзіцеся, нам не трэба проста заняць гэтыя тры тысячы гектараў. Нам патрэбна, каб яны прынеслі выгаду.  Таму па любых пытаннях звяртацца да спецыялістаў льнозавода. І ўвогуле працаваць разам з ільнозавадчанамі, узгадняць тэрміны севу, апрацовак, падкормак. Памятайце, што ёсць аптымальныя тэрміны з 25 красавіка да 5 мая. Трэба іх вытрымаць, канешне, з улікам надвор’я. У нас праведзена добрая падрыхтоўчая работа, нядрэнна ў гэтым го­дзе забяспечаны ўгнаеннямі і мікраэлементамі. Ад нас патрабуецца поўная захаванасць тэхналогіі. Бо, калі сапсавана хоць адно самае маленькае з яго звёнаў, намаганні кожнага прападуць дарма, — падкрэсліў Анатоль Лукашоў.

 Алена КАРСАКОВА