На Дубровенщине прошел районный семинар-практикум для аграриев

Усё мацней прыгравае красавіцкае сонца, а значыць, недалёка і пачатак пасяўной кампаніі, паспяховае правядзенне якой шмат у чым залежыць ад якасна падрыхтаваных агрэгатаў. Адна з галоўных задач, якая стаіць гэтымі днямі перад аграрыямі Дубровенскага раёна, — не толькі давесці да палявых работ пасяўную і глебаапрацоўчую тэхніку да стопрацэнтнай гатоўнасці, але і навучыцца добрасумленна праводзіць штодзённую наладку абсталявання з улікам гатоўнасці глебы і рэльефу палёў.

Як гэта павінна быць, паказалі на прыкладзе ААТ «Баброва-Агра», на базе якога на мінулым тыдні адбыўся раённы семінар-практыкум па правядзенні вясновай сяўбы. Мерапрыемства прайшло пад кіраўніцтвам кандыдата тэхнічных навук кафедры сельскагаспадарчых машын БДСГА Якава Яроцкага. У працы семінара прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама Аляксандр Карнееў, а таксама кіраўнікі, галоўныя аграномы, інжынеры і механізатары сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Пасля змястоўнай тэарэтычнай размовы, на мех­двары ААТ «Баброва-Агра» прайшла практычная частка семінара. У ходзе мерапрыемства неаднаразова адзначалася, што перад вывадам тэхнікі ў поле інжынерам і механізатарам гаспадарак трэба дакладна ведаць, якія наступствы выклікае неаптымальнае рэгуляванне машын, якія ўваходзяць у склад глебаапрацоўчых комплексаў і пасяўных камбінаваных агрэгатаў. Як падкрэсліў Я.У.Яроцкі, якасць апрацоўкі глебы і пасева вызначаецца адпаведнасцю асноўных паказчыкаў работы глебаапрацоўчых і пасяўных машын зададзеным агратэхнічным патрабаванням, што дасягаецца іх правільнай тэхналагічнай настройкай і рэгуляваннем. Спецыяліст падрабязна расказаў удзельнікам семінара аб патрабаваннях, што прад’яўляюцца да энерганасычаных трактароў і прычапнога абсталявання — менавіта на гэту тэхніку робяць стаўку ў гаспадарках падчас правя­дзення маштабных сельгасработ.

 Гаворка ішла аб своечасовым правядзенні такога аграпрыёму, як закрыццё вільгаці. Так, калі несвоечасова і няякасна закрыць вільгаць на палях, то з кожнага гектара ўгоддзяў будзе недаатрымана да 8 цэнтнераў ураджаю.

Як адзначыў спецыяліст, у сонечны дзень з гектара зямлі выпарваецца 450 тон вільгаці, якую потым ніякімі падкормкамі расліне не пакрыеш. Я.У.Яроцкі звярнуў увагу і на эканамічны эфект правільнасці наладжвання землеапрацоўчых агрэгатаў. Як правіла, рыхленне верхняга пласта глебы пры выкарыстанні шыроказахопных барон павінна праходзіць на глыбіні 6-8 сантыметраў. На гэта трактару будзе дастаткова 4 л паліва на гектар, а калі выкарыстоўваць на гэтую аперацыю цяжкі культыватар, то ўзрастае і глыбіня рыхлення — што немэтазгодна, і выдатак паліва вырасце да 9-12 літраў на гектар.

Якаў Яроцкі расказаў, як правільна выкарыстоўваць бароны, культыватары, дыскатары, пазнаёміў удзельнікаў семінара з новымі ўзорамі сельскагаспадарчай тэхнікі. Ён адзначыў, што за выкананнем палявых работ павінен ажыццяўляцца пастаянны кантроль і ацэнка якасці. Няякаснае ўзворванне павялічвае час знаходжання ў полі іншых агрэгатаў. Значыць, дадатковы фінансавы цяжар кладзецца на эканоміку прадпрыемства. На машынным двары Якаў Усцінавіч разам са спецыялістамі гаспадарак разабраў на прыкладах прадстаўленай ААТ «Баброва-Агра» тэхнікі магчымыя недахопы, даў рэкамендацыі па іх выпраўленні. Удзельнікі семінара ўважліва выслухалі ўсе рэкамендацыі кансультанта-практыка, зрабілі патрэбныя паметкі, задалі пытанні. Семінар атрымаўся карысным. Механізатары ААТ «Баброва-Агра» нават запрасілі Якава Яроцкага прыехаць да іх яшчэ раз, каб непасрэдна на полі паказаць, як рэгуляваць плугі. Старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў падкрэсліў, што надвор’е сёлета вельмі складанае, мяркуючы па ўсім, сяўба будзе праходзіць у напружаным тэмпе. Таму да парад Якава Яроцкага трэба прыслухацца і як мага дакладней іх выканаць.

 Алена КАРСАКОВА