Сегодня отмечается Международный день защиты детей

Дзяцінства — самая шчаслівая пара, напоўненая святлом і радасцю штодзённых адкрыццяў. Гэта незабыўны перыяд жыцця кожнага чалавека. Гэта весялосць, радасць, бесперапынны смех, шмат цікавых момантаў. Менавіта ў дзяцінстве мы кожны дзень адкрываем для сябе нешта новае, невядомае. Кажуць, што лёс чалавека цалкам у яго руках. Але многія аспекты, якія ўплываюць на тое, як складзецца дарослае жыццё, залежаць ад таго, якім было дзяцінства. Бо немаўля прыходзіць у гэты свет абсалютна безабаронным і бездапаможным. І толькі дзеянні, учынкі, любоў блізкіх і навакольных даюць магчымасць малому не проста жыць, але і пазнаваць ўсе радасці і нягоды жыцця. На жаль, дзіцячы свет не такі бесклапотны, як хацелася б дарослым. Менавіта шматграннасць дзяцінства і яго актуальныя праблемы сталі падставай для арганізацыі свята, прысвечанага дзецям.

1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень аховы дзяцінства. У Беларусі ахова дзяцінства — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці дзяржавы. У краіне працуе Нацыянальная камісія па правах дзіцяці, якая каардынуе працу органаў дзяржкіравання і надае пільную ўвагу пытанням ацэнкі сітуацыі ў галіне абароны дзяцінства. Правы і законныя інтарэсы маленькіх грамадзян замацаваны ў заканадаўчых актах Рэспублікі Беларусь: Канстытуцыі, Кодэксе аб шлюбе і сям’і, Законе «Аб правах дзіцяці». Па дадзеных міжнароднай дабрачыннай арганізацыі Save the Children Беларусь займае 35 месца сярод краін з найлепшымі ўмовамі жыцця для дзяцей.

Асаблівая ўвага надаецца мерапрыемствам ў першы дзень лета. Ужо традыцыйна 1 чэрвеня праходзяць шматлікія культурна-забаўляльныя мерапрыемствы: фестывалі, канцэрты, флэшмобы, спаборніцтвы, конкурсы. І, канешне, пачатак лета — перыяд самага доўгачаканага адпачынку ад школьных заняткаў. Правесці яго весела і з карысцю для здароўя можна ў дзіцячых лагерах летняга адпачынку. Ужо з 3 чэрвеня 108 хлопчыкаў і дзяўчынак прыме аздараўленчы лагер «Лугаўцы» Дубровенскага раёна з кругласутачным знаходжаннем дзяцей. Да летняга канікулярнага сезона тут рыхтуюцца грунтоўна.

На выдзеленыя 80 тыс. рублёў з раённага бюджэту маштабна рамантуюць 4 корпус, які расчыніць свае дзверы да другой змены. У дадзены час часткова мяняюць дах, падлогу з драўлянай на кафляную, пліткавае пакрыццё тэрасы, выконваюць унутранае аздабленне ўсіх памяшканняў.

—2565 рублёў рэспубліканскага бюджэту мы накіравалі на рамонт абсталявання, бягучы рамонт камунікацый, — распавяла начальнік аддзела адукацыі Дубровенскага райвыканкама Ала Ходзікава. —  15 тыс. рублёў са сродкаў раённага бюджэту асвоена на 6-м корпусе. Тут праведзена частковая замена драўляных вокнаў і дзвярэй на ПВХ. Усяго за 4 змены плануем аздаравіць каля 450 дзяцей. Ужо на сённяшні дзень пададзена 422 заяўкі. Апошняя, 4-я змена ваенна-патрыятычнай накіраванасці разлічана на дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Бяс­платныя пуцёўкі змогуць атрымаць дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных сем’яў, дзеці, якія знахо­дзяцца без апекі бацькоў і тыя, у каго абодва бацькі з’яўляюцца непрацуючымі пенсіянерамі і іншыя катэгорыі сем’яў. А яшчэ ў рэгіёне ў летні перыяд плануецца аздаравіць 148 дзяцей у прышкольных лагерах з дзённым знаходжаннем у тры змены на базе 6 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Міжнародны дзень абароны дзяцей — гэта, перш за ўсё, напамін дарослым аб неабходнасці захавання правоў дзяцей на жыццё, на свабоду думкі і рэлігіі, на адукацыю, адпачынак і вольны час, на абарону ад фізічнага і псіхалагічнага гвалту, на абарону ад эксплуатацыі дзіцячай працы як неабходных умоў для фарміравання гуманнага і справядлівага грамадства. Дык давайце ж рабіць усе намаганні, каб нашы дзеці маглі з усмешкай і радасцю ўспамінаць гады, калі яны былі маленькімі, калі яны раслі і ўваходзілі ў дарослае жыццё, і, галоўнае, зробім усё магчымае, каб яны жылі ў міры і шчасці.

Алена Зайцава,
Вольга Хаецкая