Прыгоды з рызыкам для жыцця

Дубровно,безопасность

Яшчэ не было сапраўдных марозаў, але аматары зімовай рыбалкі шукаюць лёд. На жаль, знаходзяць не толькі яго, а і прыгоды з рызыкам для жыцця. Амаль кожны дзень з’яўляюцца паведамленні пра вызваленне чарговага аматара рыбы з лёдавага палону. Прадстаўнікі Дубровенскай арганізацыі аховы жыцця на водах і РАНС нагадалі аб правілах бяспечных паводзін паблізу замёрзлых вадаёмаў, азёр і рэк і на лёдзе .
—Нельга выходзіць на лёд у цёмны час сутак і пры дрэннай бачнасці. Перад выхадам на замёрзлы вадаём у любым выпадку неабходна вызначыць трываласць лёду. Але праверку нельга праводзіць ударам нагі — можна праваліцца. Недапушчальна выходзіць на ледзяную паверхню вадаёма, калі яна рыхлая, а дзе-нідзе праступае вада. Калі лёд трэскае, а чалавек ужо адышоў ад берага, трэба вярнуцца ў больш бяспечнае месца і як мага хутчэй пакінуць паверхню вадаёма. Непажадана выходзіць на лёд, калі ў межах бачнасці няма нікога, хто змог бы прыйсці на дапамогу — нехта павінен застацца на беразе на экстранны выпадак, — падкрэслівае Артур Казлоў, старшыня раённай арганізацыі АСВОД.
У Дубровенскім РАНС асаблівую ўвагу надаюць бяспечным паводзінам дзяцей.
— Гульні на лёдзе — хоць і вясёлы, але смяротна небяспечны занятак. Дзіцячую памылковую думку, што гэта бяспечны занятак, падаграваюць азартныя рыбакі, якія пагарджаюць мерамі засцярогі і выходзяць вудзіць ужо з першым лёдам, чым падвяргаюць сваё жыццё смяротнай небяспецы і падаюць дурны прыклад. Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў на лёдзе, неабходна ведаць і растлумачыць дзецям, што выходзіць на лёд вельмі небяспечна. Памятайце: дзіцячыя прагулкі па замёрзлых вадаёмах без прысутнасці дарослых недапушчальныя, — адзначыў Станіслаў Новікаў, работнік Дубровенскага РАНС.
Падрыхтавала Алена КАРСАКОВА.