На Дубровеншчыне працягваецца святочны карагод

Працягваецца на Дубровеншчыне святочны карагод. Вёска весачцы перадае эстафету святкавання гадавін заснавання. Вось і на пярэданні гучалі віншавальныя прадмовы і ўрачыстыя шанаванні ў гонар жыхароў населеных пунктаў Вялікая Дзяцель і Ерамееўшчына.

Свята ў Вялікай Дзяцелі праходзіла пад сцягам дзaяцінства: яны былі галоўнымі гледачамі і актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх прапанаваных арганізатарамі актыўнасцяў. Значнае месца на пляцоўках свята займалі модулі праекта «Ура канікулы! У аб’ектыве дзеці». Пакуль наладжвалася апаратура, праводзілі апошнія прыгатаванні самадзейныя артысты, для дзяцей разгарнулі інтэрактыўныя пляцоўкі па навучанні бяспечным паводзінам работнікі РАНС і майстры народных гульняў. Падлеткі маглі паўдзельнічаць ў жартоўных спаборніцтвах, каб праверыць сваю кемлівасць, хуткасць і лоўкасць. А затым пачаўся святочны канцэрт, на якім ўзгадалі гісторыю і людзей гэтай вёсачцы.

 — Для Вялікай Дзяцелі  2023 год не з’яўляецца юбілейным, аднак тут шмат жыхароў ужо адзначылі ці адзначаць свае асабістыя юбілеі. З гэтай нагоды мы вырашылі правесці такое мясцоввае свята, сказаць дзякуй людзям, якія засталіся вернымі сваёй малой радзіме і чыёй працай зараз складаецца сучасная гісторыя  вескі, — адзначыла Наталля Хахлова, загадчык аўтаклуба РДК.

 Так, словы віншаванняў і ўдзячнасці прагучалі ў адрас старэйшых жыхароў вёскі: Веры Гапаньковай (93 года), Марыі Чаркасавай (89 год), Тамары Дашкевіч (86 год),  Веры Пачомкінай (86 год), Зоі Шамборкінай (84 гады), Ніны Харкевіч (82 гады).

Добрыя пажаданні арганізатары і ўдзельнікі свята дасылалі юбілярам   2023 года: Ніне Шудрык (80 год), Сафіі Кабушавай  (60 год), Ніне Белавусавай (55 год), Анжэле Благачыннай (35 год) і  Максіму Шаргаёву (25 год).    

Упраўляючы справамі сельвыканкама Марына Сушчэвіч сардэчна павіншавала ўсіх прысутных з днем нара-джэння вёскі і знакавымі датамі ў асабістым жыцці. Да таго ж кожны з прысутных, хто меў нейкае пытанне, мог задаць яго прадстаўніку мясцовага самакіравання і пачуць  кампетэнтны адказ. Ад гэтага свята атрымала яшчэ больш грунтоўны змест, а сустрэча землякоў — цёплы, сямейны характар.

Менавіта гэтымі рысамі было адзначана і свята ў Ерамееўшчыне. Як адзначыла загадчык СДК      Анжэла Глушакова, кожны год свята аграгарадка атуляе ўвагай і настроем кожную сям’ю гэтага населенага пункта. Таму да яго падрыхтоўкі далучаецца шмат творчых і неабыякавых ерамееўцаў. Так, гасцей на свяце сустракалі выставы вырабаў творчых аб’яднанняў СДК «Кудзесніца», «Рукатворныя цуды», выстава дзіцячага малюнка «Любімай зямлі рознакаляровасць».

Старшыня Маласавінскага сельсавета Віктар Кахноўскі засяродзіў увагу прысутных на свяце на тым, што ерамееўцы сваімі справамі дапамагаюць свайму населенаму пункту квітнець і развівацца. Таму тут зручна жыць як прадстаўнікам сталейшага пакалення, так і зусім маладым. Ён з вялікім гонарам узнагародзіў жыхароў аграгарадка, падворкі якіх сталі лепшымі па добраўпарадкаванні: Мікалая Валевіча, Марыю Анішчанка, Валянціну Лялікавау, Людмілу Крывашонак, Наталлю Чарвінскую.

Падчас святочнага канцэрта, які падрыхтавалі калектывы мастацкай творчасці СДК «Вясёлыя ноткі» і «Птушка шчасця», ушанавалі самых старэйшых жыхарак Алену Храмянкову (89 год) і Таццяну   Яфрэменка (87 год) і нованароджанага  Марка Крывашонка.

 З удзячнасцю звярталіся ўдзельнікі да бацькоў, чые сыны зараз выконваюць свой грамадзянскі абавязак ва Узброенных Сілах краіны — Паўла Калбасава і Сяргея Сухоцкага.

 Кожнае са свят вёсак нягледзячы на тое, што на першы погляд, канва мерапрыемстваў аднолькавая, мела свой асобы каларыт і атмасферу.  Галоўнае, на наш погляд, гэта тое, што праз ўсе мерапрыемствы арганізатары пранеслі думку аб неабходнасці вельмі беражліва ставіцца да традыцый продкаў, любіць родную зямлю і рабіць ўсё магчымае, для таго каб яна квітнела, а людзі жылі на ёй шчаслівыя. Таму што родная зямля, куточак, дзе ты нарадзіўся, заўжды застанецца для кожнага з нас прытулкам надзеі, сяброўства і самых светлых мар.