Сустрэнем свята разам!

Вось і надыйшоў апошні месяц года. Ужо праз два тыдні мы будзем святкаваць Новы 2024 год. Для работнікаў культуры гэта, напэўна, самы напружаны час: яны імкнуцца падараваць нам казку, каб свята ўвайшло ў кожнае сэрца. Якія сюрпрызы і падарункі рыхтуюць яны для дубровенцаў на калядныя і навагоднія святы, з чытачамі газеты падзялілася загадчык сектара культуры райвыканкама Алена Якавенка.

—Галоўная святочная праграма адкрыецца 20 снежня ў 17.00 традыцыйным шэсцем Дзедаў Марозаў, Снягурак і іншых казачных персанажаў. У гэты ж дзень на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы горада адбудзецца флэш-моб і, безумоўна, вялікі яскравы карагод каля навагодняй ёлкі, — расказала Алена Юр’еўна. — Будзе весела і казачна, прыходзьце са сваімі сем’ямі, а мы абавязкова дапаможам вам стварыць святочны настрой, які будзе суправаджаць вас усе гэтыя дні. Так, навагодні падарунак падрыхтаваў для дубровенскіх аматараў тэатра народны драматычны калектыў «Пакаленне». 28 снежня запрашаем на прэм’еру ў раённы Дом культуры на спектакль «Навагоднія прыгоды Машы і Віці». Спектакль будзе цікавы як для дарослых, так і для дзяцей. А 29 снежня адбудзецца ранішнік «Навагодняе цуда». Традыцыйнай кульмінацыяй святкаванняў стане народнае гулянне «Ёлка — 2024» у навагоднюю ночь з 01.30, якое прадоўжыцца для дарослых да пяці гадзін раніцы дыскатэкай у Доме культуры.

Наша субяседніца падзялілася, што для тых, хто любіць незвычайнае і цікавае, Дубровенскі гісторыка-краязнайчы музей падрыхтаваў цікавую праграму «Навагоднія гісторыі»: наведвальнікі змогуць у святочныя дні не проста прайсціся па залах музея, а і даведацца шмат новага аб тым, як сустракалі Новы год раней і якія традыцыі святкавання ў нашы дні на Дубровеншчыне, як і адкуль з’явіўся Дзед Мароз і яго ўнучка. З 26 снежня па 15 студзеня ў музеі дубровенцаў і гасцей горада чакаюць падарожжы, прыгоды, квэсты, гульні.

—27 снежня Дубровенская цэнтралі­заваная бібліятэчная сістэма запрашае ўсіх жадаючых на адкрытае пася­джэнне народнага клуба «Субяседніца» «Давайте будзем верыць у цуды!», а 30 снежня ў філіяле «Гарадская бібліятэка» адбу­дзецца «Перапалох ў кніжным царстве» з конкурсамі і віктарынамі. Святочны настрой з 25 по 31 снежня вясковым жыхарам будуць узнімаць работнікі сельскіх устаноў культуры бібліятэчнага тыпу.

Шмат яркіх праграм падрыхтаваў і раённы Дом рамёстваў. Майстар-класы па стварэнні навагодніх цацак, круглыя сталы, навагоднія агеньчыкі, а яшчэ магчымасць набыць сувеніры і зрабіць сэлфі  — адным словам, кажны можа знайці занятак на любы густ!

Дарэчы, ва ўсіх установах культуры раёна аформлены фотазоны.

—Галоўныя святочныя і казачныя персанажы будуць працаваць і з выездам ў арганізацыі ці на дом. Не спазніцеся заказаць святочнае віншаванне з удзелам Дзеда Мароза для калектыву па тэлефоне 8-029-647-25-15. І гэта толькі асноўныя святочныя мерапрыемствы, — адзначыла Алена Якавенка. Шматлікія канцэрты, забаўляльныя праграмы, дыскатэкі будуць арганізаваны ва ўсіх сельскіх клубах і Дамах культуры раёна.

Запрашаем сустрэць святы разам!

Алена ЗАЙЦАВА