Халакост — памяць без тэрміну даўнасці

27 студзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста. Гэта дата мае сімвалічнае значэнне. Менавіта 27 студзеня 1945 года Чырвоная Армія вызваліла самы вялікі гітлераўскі канцлагер Аўшвіц. Толькі тут за гады вайны былі забіты больш за 1,4 мільёна чалавек, з якіх 1,1 мільёна былі яўрэямі. На жаль чорны летапіс Халакоста мае старонкі падзей і на Дубровеншчыне.

У кастрычніку 1942 года нямецкія ахоўнікі-карнікі даставілі ў Асінторф каля дзвух тысяч грамадзян Венгрыі і пасялілі іх у летнія баракі Цэнтральнага і 5-га паселкаў, якія не ацяпляліся. Усе мірныя венгерскія грамадзяне былі вельмі знясіленымі і ў першыя ж восеньска-зімовыя месяцы 1942 года памерлі ад нечалавечых умоў працы і жыцця. Трупы памерлых скідваліся ў тарфяныя кар’еры і ў так званую Валавую канаву, запоўненую тарфянай жыжай.

Пачынаючы з зімы 1942-1943 года нямецкія ўлады паступова заводзілі на Асінторф тысячы мірных грамадзян з акупіраваных тэрыторый.

Захаваліся ўспаміны сведкі тых падзей Аляксея Сцепаненкі: «Фашысты абнеслі тэрыторыю канцлагера калючым дротам, пабудавалі вышкі. Палонных ахоўвалі аўтаматчыкі з сабакамі. Зняволеных ганялі на цяжкую працу: фашысты ў тэрміновым парадку аднаўлялі здабычу торфу для электрастанцыі. Хто не падпарадкоўваўся ці дрэнна працаваў, таго пры ўсіх білі гумовым жгутам. Ежа была беднай: адно вядро капусты, некалькі бульбін на ўсіх і кавалачак хлеба з пілавання. Ад непасільнай працы, голаду, холаду ваеннапалонныя хутка гублялі сілы і паміралі. Колькі тут палегла — не злічыць».

Пра колькасць вязняў можна меркаваць па норме рабочых: у даваенны час яна складала 8-10 тысяч чалавек, а ў 1943-1944 гадах торфапрадпрыемства працавала на поўную магутнасць.

Вось што ўбачылі гвардзейцы 31-й стралковай дывізіі, калі ўвайшлі ў населены пункт Востраў Юр’еў: «Гэта месца страшэннае. Тут быў канцлагер. Ужо здалеку наступаючыя гвардзейцы ўбачылі людзей за калючым дротам. Ды і былі гэта не люді, а цені людзей. Фашысты катавалі іх, марылі голадам».

Па ініцыятыве Аляксея Сцепаненкі была праведзена пошукавая работа і на месцы былога канцлагера 3 ліпеня 2010 года ўстаноўлены высокі драўляны Памятны Крыж. Ён нагадвае кожнаму, што падобнае не павінна паўтарыцца.