Жыць і працаваць там, дзе нашы карані

 

Свет сёння настолькі імкліва развіваецца, што любы чалавек можа за сваё жыццё пабываць практычна ва ўсіх краінах. Пры жаданні кожны можа выбраць горад, у якім жыць і працаваць. Змяніць месца жыхарства і нават грамадзянства сёння зусім не праблема. Але, калі пытаеш любога чалавека аб самым дарагім для сэрца кутку, то большасць адказваюць: дом, дзе я нарадзіўся. І якое ж шчасце, калі жыццё тваё непарыўна звязана з гэтым святым месцам, дзе твае карані, твая сям’я, праца.

Шчаслівымі лічаць сябе муж і жонка Аляксей і Алеся Тамашэвічы, карэнныя дубровенцы. Алеся Уладзіміраўна доктар, Аляксей Віктаравіч — маёр юстыцыі, следчы ў Дубровенскім аддзеле следчага камітэта. Тут нарадзіліся, жывуць, выхоўваюць сына Аляксандра. На пытанне, чаму засталіся ў Дуброўне, бо з такімі прафесіямі знайсці працу ў вялікім горадзе не праблема, адказваюць: «Ад дабра дабра не шукаюць. Тут нас усё задавальняе: любімая праца, магчымасць развівацца ў прафесіі, школа і дадатковая адукацыя для сына, бацькі і сваякі побач, месца прыгожае і ўтульнае. А хочаш падарожнічаць па свеце — калі ласка, было б жаданне. Дарэчы, мы з вялікім задавальненнем у вольны час любім бываць у розных гарадах Беларусі».

 У кожнай пары свая гісторыя знаёмства. Алеся Тамашэвіч падзялілася, што з будучымі свёкрам і свякровай пазнаёмілася раней, чым са сваім выбраннікам.

— Прыйшоўшы па размеркаванні ў Дуб­ровенскую ЦРБ урачом-тэрапеўтам, я, вядома, была прадстаўлена галоўнаму ўрачу і медыцынскаму персаналу. Галоўным урачом у тыя гады быў Віктар Васільевіч Тамашэвіч, а маім настаўнікам ў працы назначылі тэрапеўта Ірыну Валянцінаўну, яго жонку. Па службовай дзейнасці мы з ёй сустракаліся амаль кожны дзень: яна ажыццяўляла як агульную курацыю маю як маладога спецыяліста, так і дапамагала ў пытаннях шпіталізацыі, — распавядае Алеся Уладзіміраўна. — Праз пару гадоў я прайшла перападрыхтоўку і стала весці яшчэ і прыём як эндакрынолаг. Часу вольнага зусім не было: працавала, павышала кваліфікацыю, некаторы час нават выкладала ў Аршанскім медкаледжы, там былі праблемы з педагагічнымі кадрамі. Але я ніколі ні на хвіліну не пашкадавала, што вярнулася ў родны горад. Тут жа і знайшла свой лёс. Званок ад Аляксея з запрашэннем сустрэцца, вядома, здзівіў. Але нашы зносіны працягнуліся — і 12 студзеня 2013 года мы сталі мужам і жонкай.

Сёння Алеся Уладзіміраўна — намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ў бальніцы горада. Адміністрацыйную працу сумяшчае з медыцынскай практыкай. Пра тое, як змяняецца наша бальніца: рамантуюцца аддзяленні і лабараторыі, закупляецца новае медыцынскае абсталяванне, адкрыты рэканструяваны інтэрнат для работнікаў — распавядае з радасцю і гонарам.

Дарэчы, Алеся Тамашэвіч (Кускова) сваю прафесію прадвызначыла яшчэ ў школе. У 7 класе яна напісала сачыненне, у якім уявіла сябе ў будучыні ўрачом. У дзявятым класе паступіла ў Лужаснянскую гімназію на хіміка-біялагічны профіль, а потым — у медыцынскі ўніверсітэт. Бацькі Алесі Уладзімір Леанідавіч і Тамара Філімонаўна — настаўнікі. З выбарам дачкі згадзіліся, хоць да яе ніхто ў сям’і з медыцынай звязаны не быў. Дзяцінства Алесі праходзіла на вуліцы Аршанская, і бальніца на ўскраіне горада — новая, велізарная, прыгожая — зусім не пужала дзяўчынку, а наадварот, стала сімвалам роднага горада, яго развіцця і перамен.  Гэта быў час вялікіх змяненняў у жыцці ўсёй краіны.

У 90-х гадах бацькам Алесі даводзілася трымаць гаспадарку, каб забяспечыць і сям’ю прадуктамі, і сабраць нейкія сродкі на будаўніцтва ўласнага жылля.

— Доўгі час мы жылі ў бабулі Валянціны Мікалаеўны, трымалі тры каровы, парасят, дамашнюю птушку. Для нарыхтовак на зіму вырошчвалі гародніну. Вельмі шмат у нас расло вішань, варэнне з іх і цяпер маё любімае. Хадзілі ў лес у ягады і грыбы, а па дарозе бабуля распавядала нам пра вайну, якую заспела дзіцём. На полі, якое знаходзіцца пры выездзе ў бок Оршы, быў аэрадром. Бабуля не раз успамінала дзень, калі іх немцы вялі ў бежанцы з горада, а вакол ляжалі параненыя і мёртвыя савецкія салдаты. Некаторыя прасілі піць, а вады даць ім мірныя жыхары не маглі: у саміх не было, ды і немцы не даравалі б такое, — дзеліцца ўспамінамі бабулі Алеся. — Ды і пасля вайны было не лягчэй, ёй (Валянціне Мікалаеўне), самай старэйшай з шасцярых, прыйшлося адразу пасля сямігодкі ўладкавацца на працу, каб дапамагаць матулі. Але яна ніколі не скардзілася на лёс, цэніць кожны дзень жыцця і цяпер, імкнучыся пражыць яго з карысцю і любоўю.

Дарэчы, у лютым Валянціна Мікалаеўна адзначыла 90-гадовы юбілей. Да яе на дзень нараджэння прыехалі дзеці, унукі, праўнукі. І ўсе лічаць яе самай галоўнай у сям’і. Патрабавальная і працавітая, яна сваім прыкладам выхоўвае ў дзецях і ўнуках павагу да людзей, любоў да роднай зямлі і адказнасць за тое, што робіш. Алеся Уладзіміраўна расказала, што менавіта з бабуляй звязаны многія дзіцячыя ўспаміны: як адводзіла ў дзіцячы сад, любіла наведваць ранішнікі і мерапрыемствы з удзелам унукаў, вучыла весці гападарку і рабіць загатоўкі, як паказвала прыклад клопату не толькі пра блізкіх, але і ўсіх людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Цяпер эстафету перанялі бацькі Алесі і Аляксея. Ганарацца ўнукам Аляксандрам, падтрымліваюць падчас выступленняў на конкурсах. Саша ўжо сур’ёзны, самастойны хлопец. Вучоба, вядома, у яго на першым месцы, але знаходзіць час і для творчасці: спявае, чытае вершы, удзельнічае ў конкурсах і спаборніцтвах. Дарэчы, на адным з іх Саша заваяваў тытул «Джэнтэльмен-патрыёт», балець за яго прыйшлі не толькі сваякі, але і аднакласнікі, група падтрымкі была адной з самых шматлікіх і актыўных.

У канцы нашай сустрэчы я запытала ў субяседнікаў, што такое патрыятызм і хто такі патрыёт.

— Мы лічым, што быць патрыётам абавязан кожны чалавек. І гэта не проста словы для ўсёй нашай сям’і. Гэта значыць любіць радзіму, паважаць бацькоў, добрасумленна выконваць сваю працу, ганарыцца гісторыяй і землякамі, працаваць, прыносячы карысць людзям і клапаціцца пра месца, дзе нарадзіўся і жывеш, а калі спатрэбіцца, то і абараняць яе, — адказалі Алеся і Аляксей Тамашэвічы. — І не важна, кім ты працуеш. Галоўнае, памятаць свае карані. Ад іх мы пайшлі, ад іх бярэм сілу, імі прывязаныя да месца, якое называецца — малая радзіма.

Алена ЗАЙЦАВА