Звучит дубровенская песня

Дубровно, дубровенский, творчество, народный фольклор

Гурт “Калінаўскія маладзіцы”, а цяпер і дзіцячы гурт “Глыбінка” знаемы многім аматарам народнай творчасці. Мы вырашылі запытаць, адкуль самадзейныя артысты бяруць творы, з якіх складаецца рэпертуар. Антаніна Марозава — загадчыца Калінаўскага СДК, расказала пра тое, як захоўваюцца фальклорныя скарбы сучасным пакаленнем жыхароў Калінаўкі.
—Ведаеце, пасля вайны тут амаль поўнасцю змяніліся людзі, — разважае Антаніна Якаўлеўна, — таму знайсці нешта аўтэнтычнае было вельмі цяжка. Фальклор гэтых мясцін разам з Анастасіяй Мікалаеўнай Красоўскай мы збіралі ў Міхалінава. Там доўга захоўвалі абрады народнага каляндара, калектыўна адзначалі ўсе святы. Ганна Сцяпанаўна Львова, Таццяна Малахаўна Яфіменка — тыя крыніцы, з якіх мы змаглі назапасіць шмат прыкладаў народнай творчасці. Гэтыя жанчыны ўжо у тыя далекія гады былі даволі сталымі, але шмат памяталі, цікава распавядалі. Вельмі добра спявала і мая маці. Таму многія з гэтых песень я ведала з дзяцінства. І калі зараз трэба прыгадаць тую ці іншую мелодыю, я нібы апынаюся ў дзяцінстве, песня пачынае гучаць ад некуль з душы, я бы так параўнала.
Антаніна Якаўлеўна адзначыла, што ўвесь гэты матэрыял зараз выкарыстоўвае ў дзейнасці.
—У ансамбля “Калінаўскія маладзіцы” рэпертуару хопіць на гадзіны паўтары канцэртнага часу. Гульні і абрады вывучаем і з малодшым пакаленнем. І, шчыра кажучы, вельмі прыемна, што атрыманыя веды на занятках дзецям падабаюцца. Дзеці — гэта галоўнае: каб яны ведалі і захоўвалі гэту спадчыну. Вельмі прыемна, што ў дарослы калектыў да нас прыйшлі маладыя дзяўчыны Ірына Навуменка (намеснік галоўнага бухгалтара), Ангеліна Давідовіч(вучаніца 9 класа), — адзначыла Антаніна Марозава і падкрэсліла: — Народная творчасць — аснова, таму яе трэба захоўваць і развіваць. Вось у канцы ліпеня мы будзем праводзіць ў другі раз “Свята вышыванкі”. Свята мінулага года вельмі спадабалася і жыхарам аграгарадка, і гасцям, таму вырашылі працягнуць гэтую справу. Чакаем усіх на нашым свяце 28 ліпеня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *