Удзячная памяць нашчадкаў

1943 год. Пачатак кастрычніка. Усходнія межы Дубровеншчыны ахоплены агнём вызваленчых баёў. Цяжкія гэта былі баі, вялікімі намаганнямі Чырвоная Армія спрабавала прабіць добра ўмацаваную варожую абарону. Але ж першая надзея на вызваленне ўжо стала рэчаіснасцю: вызвалены Баева, Кісялі, Аляксандрыя, Масліно, Залатавічы, Клімянкі, Ляды…

Урачысты мітынг, прысвечаны 80-годдзю, вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першых населеных пунктаў Дубровенскага раёна, адбыўся на брацкім пахаванні вёскі Баева. Каля помніка сабраліся жыхары вёсцы, вучні і настаўнікі Зарубскай школы, прадстаўнікі грамадскасці і мясцовага самакіравання.

Брацкае пахаванне знаходзіцца на ўзвышку, з якога  далёка, нібы на далоні, бачны прасцяг палёў на левым ўзбярэжжы Мярэі, дзе ў гады вайны знаходзіўся вораг, які са сваіх высот заліваў наваколле смяротным градам куль і снарадаў гармат. Зараз над дагледжанымі палямі, шчодра адарыўшымі земляробаў ураджаем, пануе перадзімовы спакой, і сучаснікам вельмі цяжка ўявіць, што адбывалася тут 80 гадоў таму.

 Перад пачаткам мітынгу мясцовыя жыхары шчыра віталі адзін аднаго, дзяліліся сялянскімі будзёными турботамі, нетаропка ўзгадвалі тое, чым жылі з дзяцінства, пра што ім расказвалі бацькі і сведкі тых часоў.

—Нямецкі штаб размяшчаўся ў вёсцы Казлы, а штаб нашых войскаў быў у вёсцы Бацвіннева (Магілёўшчына) — гэта 9 кіламетраў ад Баева на паўдневы ўсход. Адразу за Баева ад лесу да рэчкі ў бок Бацвіннева ідзе горка, якую і зараз мясцовыя жыхары называюць Чырвоная горка. Назва гэтая з’явілася ў 1943 годзе, калі ў час баёў — а сабліва жорсткія яны былі з кастрычніка па лістапад — гэтыя мясціны былі літаральна заліты крывёй, — распавядае былы бібліятэкар Таццяна Васілеўская.

 Мітынг пачаўся з выконвання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Вядучыя Анастасія Хмарская і Наталля Хахлова нагадалі прысутным храналогію падзей, якія адбываліся на гэтым участку фронта ў пачатку кастрычніка 1943 года.

Затым да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Аляксандр Філёненка, пракурор Дубровенскага раёна. Ён  падкрэсліў, што перапісваць мінулае нельга, трэба ведаць гісторыю роднай зямлі і берагчы мір, які такімі велізарнымі намаганнямі  дабылі для нас нашы дзеды і прадзеды. Александр Філёненка яшчэ раз нагадаў прысутным аб зверствах, якія былі ўчынены фашыстамі на нашай зямлі, аб новых фактах, якія ўстанавіла пракуратура Рэспублікі Беларусь, падчас расследвання справы аб генацыдзе беларускага народа.

 Старшыня Зарубскага сельскага Савета Сяргей Шылаў  падзякваў прадстаўнікам старэйшага пакалення, якія прыйшлі на мітынг, за нястомную працу па аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі, за тое, што і зараз яны словам і справай дапамагаюць захаваць гісторыю роднай зямлі, а падлеткам ён параіў добра вучыцца, каб стаць сапраўднымі грамадзянамі сваёй Радзімы і працягваць далей стужку памяці і ўдзячнасці за гераічны подзвіг нашага народа і шматнацыянальнай арміі, падкрэсліўшы, што толькі ў адзінстве і сяброўстве можна будаваць трывалыя адносіны і выніковае жыццё.

Прысутныя ўшаваналі памяць вызваліцеляў хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да мемарыяльных пліт. Гучным завяршаючым акордам прагучала над мірнымі палямі развітальнае пажаданне, каб заўжды на нашай зямлі быў мір, каб заўжды людзі памяталі яго цану і не дапусцілі зноў знішчальнае полымя ў нашы жыцці.

 Алена КАРСАКОВА