На Дубровеншчыне прайшоў абласны свята-конкурс «Вялікая вясельніца»

У далёкім 2009 годзе на Дубровеншчыне ўпершыню адбылася яскравая з’ява: прайшло абласное свята-конкурс «Вялікая вясельніца», задачай якога было адраджэнне і далейшае развіццё традыцыйных вясельных абрадаў, а таксама ўкараненне аўтэнтычных абрадаў Віцебшчыны ў сучасную практыку.  Затым гэты конкурс  пачаў сваё пардарожжа па іншых рэгіёнах Віцебшчыны, рабіў прыпынак раз у два гады ў тым ці іншым раёне.Гэтыя два гады былі патрэбны,каб правесці пэўную навуковую работуз мясцовымі старажыламі па пошуку і апрацоўцы новых песень, звычаяў, святочных страў.

 Ішоў час, конкурс перарос свае межы і стаў абласным фальклорным форумам. І вось ў мінулую суботу дубровенская зямля вітала ІІ Абласны фальклорны форум, у межах якога прайшло абласное свята-конкурс «Вялікая вясельніца».   

У свяце-конкурсе прымалі ўдзел фальклорныя калектывы вобласці, асобныя выканаўцы, творчыя калектывы, клубы нацыянальнай кухні, фальклору і гульні, супрацоўнікі Дамоў рамёстваў Віцебшчыны. Гасцінная Дубровеншчына  прымала 14  калектываў з 12 раёнаў Віцебскай вобласці. Завіталі да нас і  госці са Слоніму і Ваўкавыску з Гродзеншчыны.

З вялікім поспехам у конкурсе прынялі ўдзел калектывы нашага раёна: народны фальклорны калектыў «Кудзеліца», народны калектыў нацыянальнай кухні  і беларускай  гульні «Дубровенскія прысмакі».

 Пачалося свята з  выставы-прэзентацыі вясельных караваяў. Удзельнікі не толькі паказвалі свае вырабы, але вельмі цікава, артыстычна расказвалі пра асаблівасці прыгатавання і ўпрыгожвання каравая, пра тыя  абрады і сімволіку, якія захоўвалі жанчыны, выпякаючы вясельны каравай, каб жыццё маладых было доўгім, багатым, сям’я моцнай, а дзеці здаровымі.

Колькі той Віцебшчыны, а ў кожнай мясцовасці  каравай быў не падобны на іншыя: недзе ў вясельны каравай запякалі нават кумпячок або рыбу. Недзе запрашалі гатаваць яго лепшых гаспадынь з наваколля, недзе — гэта быў абавязак хросных, а недзе — зусім трэба было купляць звычайны бохан, а ўпрыгожваць дома.  І усё гэта пад абрадавыя спевы, у суправаджэнні рытуальных рэчаў і дзеянняў.

 Затым пачаўся конкурс вясельных абрадаў, які праводзіўся па двух намінацыях.

 Першая намінацыя “Вясёленькі наш паяздок” пазнаёміла гледачоў з асноўнымі этапамі вяселля ад сватання  і пасада маладой да свята ў хаце жаніха і здымання вянка. Удзельніцы народнага фальклорнага калектыву “Кудзеліца” паказалі  традыцыйныя вясельныя  звычаі Дубровенскага раёна ”Ганяць сучку“, або ”Ганяць маладу на ваду“, уключаных ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

У другой намінацыі “Жыць не тужыць” спаборнічалі знатакі вясельных прыпевак. Затым удзельнікі  правялі творчую лабараторыю “Адметныя танцы Віцебшчыны ” і канферэнцыю “Традыцыйнае народнае вяселле”, на якой пайшла сур’ёзная размова пра захоўванне і папулярызацыю народных звычаяў, пра іх выхаваўчы змест для сучаснікаў.

Цёплая і ветлівая атмасфера абласнога свята-конкурсу «Вялікая вясельніца» пакінула шмат добрых уражанняў  у кожнага, каму пашчасціла апынуцца ў раённым Доме культуры ў гэты дзень.

Намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская, звяртаючыся да ўдзельнікаў форума, падкрэсліла:

—Сёння мы яшчэ раз пабачылі, наколькі значнымі былі для нашых продкаў паняцці сям’я, дзеці, сумесная праца і сумеснае свята. Вялікі дзякуй вам, паважаныя госці, за тое, што вы знаходзіце, вывучаеце і захоўваеце гэтыя традыцыі для нашчадкаў. Падзяку хочацца выказаць арганізатарам і асабіста Кацярыне Лабука, якая у 2009 годзе падтрымала ініцыятыву аб правядзенні “Вялікай вясельніцы ”. Дзякуй усім за выдатнае свята, за жаданне даносіць да гледача самабытую народную творчасць нашых продкаў, —  адзначыла Святлана Рыжанская.