Дубровенец лауреат звания «Человек года Витебщины»

Дасягнуць значных вынікаў і прызнання ў сваёй працы можна ў любым узросце і ў любой прафесіі. Гэта штогод пацвярджаюць лаўрэаты ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». У гэтым годзе сярод іх — імя дубровенца Андрэя Бугаёва. Часта прыклад бацькі з’яўляецца асновай выбару прафесіі і для сына. Вось і Андрэя з ранніх гадоў цягнула да тэхнікі. З дзяцінства марай Андрэя была праца на вялікай машыне. Падчас вучобы ў школе ён бачыў сябе толькі вадзіцелем. Таму і паступіў у аўтатранспартны каледж.

Школьныя прадметы не так вабілі хлопчыка, як тэхніка. Ды яшчэ любіў спорт, займаўся  валейболам і баскетболам: падрыхтоўка да спаборніцтваў, камандны дух і смак перамогі развівалі мэтанакіраванасць, настойлівасць, навучылі не здавацца падчас цяжкасцяў.

Атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-механіка па рамонце легкавых і грузавых аўтамабіляў у Смаленскім аўтатранспартным каледжы ім Я.Г.Трубіцына, Андрэй, як і бацька, паспрабаваў сябе ў якасці вадзіцеля фуры.

Так прайшлі тры гады. Не думаў тады малады чалавек, што чакае яго сямейнае шчасце, прызнанне і поспех на роднай зямлі… Яшчэ ў школе пазнаёміўся наш герой з дзяўчынай Марыяй з аграгарадка Якубава.

— Яна вучылася ў сярэдняй школе №2 горада Дуброў­на, а я ў першай. Сустрэліся на спартыўных спаборніцтвах, пасябравалі. У час вучобы ў каледжы перапісваліся, так і прывязаліся адзін да аднаго, — гаворыць Андрэй.

Стаўшы сям’ёй, першы час жылі ў бацькоў жонкі ў Якубава. Вось тады і заўважыла маладога вадзіцеля Наталля Шэндрык, якая ўзначальвае ААТ «Якубава-Агра». Стала запрашаць на працу ў гаспадарку, ды і цесць з цёшчай, якія працуюць у сельгаспрадпрыемстве, падключыліся, таксама раілі змяніць работу.

— Я не адразу згадзіўся, бо кіраваць велікагрузнымі аўтамабілямі — мая мара. Але тое, як кіраўнік ААТ «Якубава-Агра» Наталля Іванаўна ставіцца да свайго прадпрыемства і людзей, як турбуецца за вынік працы і справядліва, па-гаспадарску кіруе, стала для мяне аргументам на карысць змены месца працы.

Адразу мне даверылі МАЗ. Ён быў не новы. Каля года даводзіў машыну да розуму, затое цяпер толькі дробны бягучы рамонт раблю, — дзеліцца Андрэй Бугаёў. — Круглы год яна ў рабоце: зімой барду важу, гэта такая вадкая харчовая сумесь для жывёлы. Потым падключаюся да ўборачнай, а калі ўсё збожжа звезена з палёў, працую на корманарыхтоўцы. Калі нешта ламаецца, стараюся зрабіць рамонт сваімі сіламі, ну а калі сур’ёзная паломка, тады на дапамогу прыходзяць калегі. Дэталі і камплектуючыя закупляе гаспадарка, а мы ўжо на мехддвары хутка рамантуем.

Кіраўнік сельгаспрадпры­емства Наталля Іванаўна вельмі задаволена работай маладога вадзіцеля, звязвае з ім вялікія надзеі.

— Не нарадуемся на яго. Працавіты, адказны, не лічыцца з асабістым часам. Працоўны дзень вадзіцеля ненармаваны. Зараз, напрыклад, ён пачынаецца ў гадзіну раніцы, каб адвезці барду. Але ён ніколі не сказаў: усё, мой працоўны дзень скончыўся. Калі трэба, застаецца, пакуль не выканае ўсё даручанае. Дапамагае і сваім калегам, добры сябар і сем’янін. Старанны, працавіты. Толькі адна бяда: камбайн у нас адзін, а на адвозцы двое — Андрэй Бугаёў і Аляксандр Бацян, а так бы яшчэ больш збожжа адвезці змог за ўборачную, — распавядае пра Андрэя Наталля Шэндрык і дадае: — Сёлета ён перавёз 4270 тон збожжа і 1103 тоны зялёнай масы, перавысіўшы леташнія паказчыкі.

Сам Андрэй, атрымаўшы высокую ўзнагароду, падзяліў­ся ўражаннямі:

— Калі мне сказалі, што будуць намінаваць на прысуджэнне звання «Чалавек года Віцебшчыны-2023», спачатку не хваляваўся. Падумаў толькі, што з графіка працы выб’юся на дзень. Але паступова ўсведамленне значнасці ўзнагароды, прысутнасць у зале першых асоб вобласці і краіны, разуменне таго, што ты сярод 50 лепшых працаўнікоў вобласці і прадстаўляеш ўвесь Дубровенскі раён, прымусіла мяне расхвалявацца. Я не публічны чалавек, і, паднімаючыся на сцэну, шчыра скажу, проста трусіла ад напружання, вельмі хвалююча было прымаць медаль і грамату з рук кіраўніка вобласці. У кабіне МАЗа адчуваеш сябе куды спакайней, чым на сцэне, — са шчырай ўсмешкай прызнаўся хлопец і дадаў: — Жонка і родныя глядзелі прамую трансляцыю. Як толькі адбылося ўзнагароджванне, сталі прыходзіць паведамленні: «Наш гонар», «Ты лепшы». Наогул, сям’я для мяне — галоўнае ў жыцці, — сцвярджае наш герой…

Бабуля Лідзія Адамаўна і маці Андрэя працавалі на Дубровенскім маслазаводзе, бацька — кіроўца вялікагрузнай машыны. У бацькоўскай сям’і хлопчык навучыўся дабрыні, спагадлівасці, працавітасці. Заўсёды дапамагаў і маці, і бабулі, выконваў мужчынскую працу, калі бацька быў у рэйсе. Са стварэннем уласнай сям’і, разумее, як важна клапаціцца адзін пра аднаго, дапамагаць і шанаваць.

— Зараз выхоўваем два­іх дачок, займаемся добраўпарадкаваннем дома. Хутка старэйшай дачцэ Еве споўніцца чатыры, а малодшай Міле — годзік. На Машы ўвесь хатні побыт: прыгатаваць ежу, завесці старэйшую ў дзіцячы сад, уборка — працы хапае. Але і я, калі з’яўляецца вольны час, дапамагаю: і прапыласосіць, і посуд памыць, і падлогу, і нейкую ежу прыгатаваць — для мяне не праблема. Стараюся ёй даць адпачыць ад хатніх клопатаў, і жонка мне адказвае тым жа: калі стаміўся, займае дзяўчынак, каб я адпачыў, разумее, што кіраваць грузавой машынай — праца сур’ёзная, адказваеш за бяспеку не толькі сваю, але і іншых удзельнікаў руху.

У сям’і ўсё робім разам, раімся, усё вырашаем удваіх. Галоўнае — любіць і берагчы адзін аднаго, — лічыць Андрэй.

Так, малады вадзіцель з ААТ «Якубава-Агра» у свае 27 год паспеў абзавесціся сям’ёй, паспяхова ўліцца ў калектыў сельгаспрадпрыемства і стаць лепшым у сваёй прафесіі не толькі ў раёне, але і ва ўсёй Віцебскай вобласці. Пра будучыню кажа, што ў 2024 годзе, калі надвор’е дазволіць, будзе імкнуцца да новых рэкордаў: пяць тысяч тон збожжа — вось лічба, якую марыць дасягнуць Андрэй. Мы жадаем, каб яго мары здзейсніліся.

Алена ЗАЙЦАВА.